Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 25 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Адна з самых гарачых тэмаў для абмеркаваньне ў беларускім сеціве – інфармацыя ад сецявой газэты “Ежедневник”. Віртуальнае выданьне сьцьвердзіла, што прэзыдэнт Лукашэнка падрыхтаваў указ, які пашырае кола службовых асобаў, якія могуць патрапіць пад крымінальную адказнасьць толькі з дазволу прэзыдэнта. У сьпіс патрапілі прэм’ер і віцэ-прэм’ер, старшыні раённых, абласных і Менскага гарадзкога выканаўчага камітэтаў, кіраўнікі пракуратуры ад абласнога ўзроўню і вышэй, дзяржчыноўнікі, якія займаюць пасады роўныя міністэрскім, а таксама ўсе бязь выключэньня кіраўнікі сілавых структураў. Перад тым асаблівы статус мелі адно парлямэнтары і судзьдзі. У інфармацыі зазначана, што ўказ ня будзе публікавацца, бо “з-за магчымай неадназначнай рэакцыі ў грамадзтве”. Вось водгукі ўдзельнікаў форумаў на партале Tut.by:

“Асаблівы парадак адказнасьці для некаторых чыноўнікаў супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, у якой напісана, што перад законам усе роўныя. Ці не парушыў Аляксандар Лукашэнка Канстытуцыю сваім указам?”

“Калі нават з-за магчымай неадназначнай рэакцыі ў грамадзтве” на Указ №426 … зацьверджанае палажэньне ня будзе апублікаванае”, то гэта ж ня значыць, што яно пад грыфам “сакрэтна”?

“Чаму гэта не для шырокага друку? Бо, калі нехта зь недатыкальных раптам сядзе на лаву падсудных, прэзыдэнту ня трэба будзе нават фармальна нам тлумачыць, бо пра Ўказ мы ж ведалі”.

Па мне дык вельмі добры ўказ, калі падумаць. Бо сьпісы самых апантаных пасьлядоўнікаў ужо гатовыя”.

Тэма лёсу беларускай сіраты Вікі Мароз па-ранейшаму прыцягвае ўвагу наведнікаў беларускага сеціва. Так на “Форумах Магілёву” зладзілі апытанку. За тое, каб вярнуць дзяўчынку ў Вялейскую школу-інтэрнат прагаласавала– 22 %, каб пакінуць у Італіі – 33 %, каб спачатку запытацца меркаваньня самой дзяўчынкі – 44 %. Вось як камэнтуюць сытуацыю самі наведнікі “Форумаў Магілеву”:

“Ня думаю, што ў Італіі дзяўчынцы будзе горш”.

“Трэба вярнуць, аформіць, і – назад у Італію”.

“Хіба беларускі бок пасьля дасьць аформіць? І наагул, вы ня ведаеце які жах робіцца ў нашых дзіцячых дамах, і які перапоны ставяцца для ўсынаўленьня”.

У інтэрнэт-суполцы Minsk_by абмяркоўваюць навіну, распаўсюджаную парталам Канцэрт”: (цытую) “У Менск прыяжджае зорка ўсясьветнай велічыні – Мадона. Канцэрт адбудзецца ў Навагоднюю ноч у палацы Рэспублікі”.

Карыстальнік lunniy_malchik задае пытаньне: праўда ці не? Адказы наступныя:

“Хутчэй паверу, што яна на “Дажынках” выступіць”.

“Ага! І крыкне “Жыве Беларусь!”

“Ня веру”.

“Выглядае, што concert.by робіць сабе танны піяр”.

“Сайт дыгераў Барысаву” запрашае далучыцца да вывучэньня скляпеньняў, калектараў ды іншых, схаваных па зямлёю пабудоваў. Сярод апошніх абнаўленьняў сайту – фотарэпартаж пра парэшткі вайсковага палігону непадалёк мікрараёну “Пячанскі”. Закінутыя зямлянкі, бэтаваныя памяшканьні, якія выходзяць з-пад зямлі разбуранымі цаглянымі збудаваньнямі… Барысаўцы дасьледавалі калектар “Кароткі” ў родным горадзе, а таксама “Сьляпянскі” калектар і гарадзкі фэкальны каналізацыйны калектар “Захад” у Менску. Тут жа можна спампаваць кароткія відэаролікі пра падарожжы падземных экстрэмалаў. Напрыклад пра бамбасховішча ў адным з дамоў ля Барысаўскага чыгуначнага вакзалу. Ролік суправаджаецца адпаведнай па настроі музыкай:

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG