Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія карані Дзьмітрыя Шастаковіча


Юлія Шарова, Менск Сёньня ва ўсім сьвеце адзначаюць стагодзьдзе зь дня нараджэньня расейскага савецкага кампазытара Дзьмітрыя Шастаковіча. Ён меў беларускія карані: прадзед удзельнічаў у паўстаньні 1830 году й быў сасланы ў Сібір. Сам Шастаковіч не аднойчы наведваў Беларусь – у сакавіку 1963 году ў Менску выконвалі Трынаццатую сымфонію “Бабіны яр”, якая была тады практычна забароненая савецкім кіраўніцтвам. Ягоная музыка па-ранейшаму застаецца папулярнай сярод беларускай публікі.

Для беларускага кампазытара Сяргея Картэса знаёмства з музыкай Шастаковіча пачалося яшчэ ў 1946 годзе, у Аргентыне. Там ён адзінаццацігадовым хлопчыкам трапіў на канцэрт, дзе выконвалі Сёмую сымфонію, знакамітую “Ленінградзкую”.

(Картэс: ) “Я ўпершыню пачуў Шастаковіча. Гэтулькі ў мяне гэта засталося ў памяці і ўзрушыла мяне, што ў мяне дагэтуль захоўваецца квіток на гэты канцэрт. І калі я прыйшоў дадому, то сказаў: я буду музыкантам”.

Калісьці ў маладосьці ў спадчыну ад далёкага сваяка, памерлага ў блякадным Ленінградзе, Сяргей Картэс атрымаў клявір опэры “Лэдзі Макбэт” – першая вэрсія таго самага твору, якога савецкая прапаганда назвала “сумбурам замест музыкі”. З гэтым, тады ўжо рарытэтным клявірам, малады беларускі музыкант пайшоў браць аўтограф у свайго куміра – калі той у 1963 годзе прыехаў у Менск на Трынаццатую сымфонію.

(Картэс: ) “Я прынёс гэты клявір і паказаў яму. Ён так разгарнуў, паглядзеў і кажа: “Адкуль гэта ў вас?!” Бо гэта ўсё зьнікла ўжо і такіх асобнікаў увогуле не было такога клявіру. І падпісаў. Хворы быў, у яго рука дрыжэла. Як ён ноты пісаў, я папросту не разумею”.

Пазьней Сяргей Картэс свайго першага сына назаве Дзьмітрыем, у гонар кампазытара.

Першае выкананьне Трынаццатай сымфоніі ў Менску стала магчымым, дзякуючы высілкам дырыжора Віталя Катава, вялікага музычнага асьветніка свайго часу, які не баяўся знаёміць беларускіх слухачоў з самай сучаснай музыкай. Аднак сымфонія “Бабіны яр” мела кепскую рэпутацыю – улады баяліся “габрэйскага пытаньня”. Таму арганізаваць выкананьне твору было няпроста. Зрэшты, сапраўдныя энтузіясты, аматары Шастаковіча, у тагачасным Менску знаходзіліся. Ганна Зелянкова, знаёмая з Шастаковічам яшчэ з часоў свайго студэнцтва, кіравала хорам Беларускага радыё.

(Зелянкова: ) “Ён прыйшоў да мяне дадому й апавядае мне пра Шастаковіча. Ён мне апавядае пра Шастаковіча! А ў мяне зуб балеў. Яго прывялі да мяне, пагутарыць, каб я дала хлопчыкаў яму. А я кажу: пачакайце, пачакайце! Шастаковіч? Навошта! Давайце я вам пра Шастаковіча распавяду. І, напэўна, значна больш за тое, што вы ведаеце”.

Спачатку паўсталі цяжкасьці з мужчынскім хорам – хору Беларускага радыё для паўнавартаснага гучаньня сымфоніі было мала, а кіраўнікі іншых калектываў сваіх падапечных сьпяваць Шастаковіча не адпускалі. А ў дзень прэм’еры была яшчэ адна недарэчнасьць. Згадвае Сяргей Картэс.

(Картэс: ) “Тады мы ўсе чакалі гэтую сымфонію, хадзілі на рэпэтыцыі. І ў дзень, калі павінен быў прыехаць Дзьмітры Дзьмітрыевіч, усе сабраліся ўжо, чакалі – філярмонію адабралі на нейкі пленум ЦК ці нешта яшчэ такога кшталту. І перанесьлі прэм’еру ў Дом афіцэраў. Гэта нібыта зьніжала ўзровень падзеі”.

У Менску Трынаццатая сымфонія гучэла са зьмененым тэкстам. Яшчэ ў канцы 1962 году ўлады фактычна забаранілі гэты твор у СССР, пакуль Яўгені Еўтушэнка, чые вершы Шастаковіч паклаў на музыку, ня ўнёс у тэкст істотныя праўкі. У першай частцы – “Бабіны яр” – павінны былі зьявіцца словы пра тое, што ў вайне загінулі ня толькі габрэі, але й расейцы, беларусы, украінцы… Пасьля прэм’еры ў Менску ў ЦК КПСС прыйшоў допіс ад прадстаўніка Беларускага радыё Матукоўскага. Вось цытата адтуль:

“Першыя ж гукі гэтай сымфоніі неяк адчувальна падзялілі залю на габрэяў і негабрэяў. Габрэі не саромеліся ў праявах сваіх пачуцьцяў, паводзіліся вельмі эксцэнтрычна. Нехта зь іх плакаў, нехта коса паглядаў на суседзяў… Іншая палова, да якой належаў і я, пачувалася неяк няёмка, быццам была ў нечым вінаватая перад габрэямі…Трынаццатая сымфонія… спараджае бацылы ня толькі скрайне небясьпечнага габрэйскага нацыяналізму, але й ня меней небясьпечнага шавінізму, антысэмітызму”.

Музыка Шастаковіча ў свой час стала ў Беларусі паказальнікам авангарду. Сярод беларускіх кампазытараў, што пайшлі па шляху Шастаковіча, дасьледчыкі называюць Льва Абеліёвіча, Дзьмітрыя Смольскага, Яўгена Глебава. Дый увогуле, уплыў Шастаковіча распаўсюдзіўся практычна на ўсіх беларускіх кампазытараў, якія жылі й стваралі ў 1960-1970 гады. Кажа музыказнаўца Надзея Бунцэвіч.

(Бунцэвіч: ) “Так здарылася, што ў пачатку 1960-ых, калі ўжо была магчымасьць зьвярнуцца да заходняга авангарду, ён у нас не асабліва адразу прыжыўся, бо на той час для нас гэта была нейкая іншая плынь. А ў перакладзе Шастаковіча вось гэтыя новыя сродкі музычнай выразнасьці, новыя гармоніі, новыя разгорты тэмаў і гэтак далей – яно ўспрымалася менавіта як паказальнік самага сучаснага”.

Сёньня Шастаковіч застаецца адным з найбольш папулярных кампазытараў у Беларусі. Тут пра ягоны стогадовы юбілей памятаюць і без прэзыдэнцкіх указаў і стварэньня адмысловых камісіяў, як гэта было сёлета ў Расеі. Так, напрыклад, 12 верасьня ў Белдзяржфілярмоніі ў адзін вечар прагучалі адразу дзьве сымфоніі – Чатырнаццатая й Чацьвёртая, вельмі складаныя й працяглыя па часе творы. Але канцэрт прайшоў пры поўнай залі. Мастацкі кіраўнік дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Беларусі Аляксандар Анісімаў, які й дырыжыраваў канцэртам, кажа, што не пабаяўся выканаць адразу дзьве сымфоніі, бо верыў у беларускую публіку.

(Анісімаў: ) “Лёс Шастаковіча няпросты. І ягоная музыка адлюстроўвае ягоны асабісты лёс, лёс краіны і можа быць усяго сьвету. Таму, напэўна, гэтулькі блізкі гэты кампазытар нашай публіцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG