Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гурт “Лявоны”


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Увосень 1969-га па тэлебачаньні, у нейкай вечаровай праграме, паказалі выступ беларускага вакальна-інструмэнтальнага ансамбля. Ансамбаль меў гарэзьліва-народную назву “Лявоны”. Прасьпявалі “Лявоны” ўсяго дзьве песьні: “Ой, рана на Йвана” і “Ты мне вясною прысьнілася”. Наступнага ранку, па дарозе ў школу, мы толькі і пыталіся адно другога: “Ну як, глядзеў?” А на пераменках дружна абмяркоўвалі пабачанае. Сашка Мікуліч, які граў у школьным ансамблі і збольшага разьбіраўся ў інструмэнтах, аўтарытэтна заявіў, што калі б кіраўніку, Мулявіну, даць замест “Музімы” прыстойную гітару, а ўдарніка пасадзіць за “Людвіг” – такая ўстаноўка была ў “бітлоў” – яны б і не такое сыгралі.

І вось узімку ў горадзе зьявіліся афішы з надпісам “Ансамбаль “Лявоны”. Мы з Сашкам Мікулічам, ужо за гадзіну да пачатку канцэрту, сядзелі ў залі і прыслухоўваліся да зыкаў, што даляталі з-за сцэнічнай заслоны. Другое аддзяленьне “Лявоны” пачалі песьняй, ад якой здранцьвелі нашыя душы і сэрцы. “Моя гита-ара, пой бесконечно, о том, что сердце моём”, -- пранікнёна цягнуў Уладзіслаў Місевіч, тулячы да грудзей флейту. У залі Палацу культуры нафтавікоў гучала песьня, якую, здавалася, я чакаў усё жыцьцё. І душа лунала недзе пад стольлю, і сэрца парывіста білася, не пасьпяваючы пампаваць гарачую кроў, а то й зусім замірала, калі Місевіч прыкладаўся вуснамі да флейты. Гучала знакамітая бітлоўская “While My Guitar Gently Weeps”. Неўзабаве той жа Місевіч прасьпяваў “Yesterday”, а потым, са страшэнным фурорам, “Лявоны” выдалі “Ob-La-Di, Ob-La-Da”. Захапленьню нашаму не было межаў. Пасьля канцэрту давялося стаяць у чарзе ля шатні, а калі, нарэшце, выйшлі на вуліцу і падаліся да службовага ўваходу, “Лявоны” – усе скрозь у даўгакрысых саматужных кажухах – ужо сядалі ў свой аўтобус. Тут жа ля аўтобусу завіхаўся яшчэ адзін мой сябар – Сашка Мышалоў. “Аўтограф узяў… у Дзямешкі”, -- захоплена прамовіў сябрук. На паперчыне дзіцячым почыркам было выведзена: “Помни барабан”.

Наступным разам у Наваполацак прыехалі ўжо не “Лявоны”, а “Песьняры”. Мы ізноў пайшлі на канцэрт у спадзеўцы пачуць сёе-тое зь бітлоўскага рэрпэртуару, але нічога такога не пачулі. Пасьля канцэрту, абураныя, кінуліся на сцэну. “Чаму не сьпяваеце “бітлоў”?” – спытаў я Мулявіна, які, зыркаючы на бокі, скручваў гітарныя шнуры. “Нам дали по шапке, ребятки, -- паведаміў галоўны “Пясьняр” і дадаў: -- Мы их поём, но так… втихаря…”

Сёньня з настальгічнай усьмешкай згадваю тую размову і зь лёгкім абурэньнем гляжу тэлевізар, калі там паказваюць навачасных “Песьняроў”. Сёньня аж тры музычных брыгады называюць сябе “Песьнярамі”, не зважаючы, што ансамбаль гэты, як і “Бітлз”, належыць гісторыі і існуе ў адным непаўторным экзэмпляры. Як, зрэшты, і гурт “Лявоны”.
XS
SM
MD
LG