Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міліцыя ў нас не чапае толькі тых, хто п’е й не прыносіць карысьці грамадзтву”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. (эфір 24 верасьня)

Лёс беларускай вёскі й беларускіх фэрмэраў — тэма, якая апошнім часам цікавіць і хвалюе многіх нашых слухачоў, што пішуць на “Свабоду”. Адзін з такіх лістоў даслаў слухач зь вёскі Дубіны Кобрынскага раёну. Ён піша:

“Я ўзяўся за гэты ліст на просьбу фэрмэра Ўладзімера Банцэвіча, якога асудзілі на тры з паловай гады зьняволеньня. Разам з жонкай Тацьцянай яны працяглы час нарыхтоўвалі ў лесе і на балоце лекавыя зёлкі. Разьмяшчалі ў газэтах аб’явы, а потым дасылалі зёлкі тым, хто мае ў іх патрэбу. Дзякуючы гэтаму сьціпламу бізнэсу і жылі. Праца нялёгкая: усё лета не здымалі гумавых ботаў — бо на балоце іншы абутак ня выручыць.

Але ж чыноўнікі палічылі, што праца гэтых людзей шкодзіць грамадзтву, і да іх адна за другой пачалі езьдзіць праверкі. Нягледзячы на тое, што Ўладзімер Банцэвіч мае афіцыйны ліст Мінсельгасхарчу пра тое, што для нарыхтоўкі лекавых зёлак ліцэнзія не патрэбная, яго зьвінавацілі ў тым, што працаваў безь ліцэнзіі на травы. Хаця ліцэнзія прадпрымальніка ёсьць: ён спраўна плаціў падаткі. Але ж трэба было да чагосьці прыдрацца, каб засадзіць чалавека ў турму, сканфіскаваць нажытую маёмасьць, ды яшчэ і аштрафаваць на 180 мільёнаў рублёў.

Калі б вы прыехалі у нашу вёску Дубіны, дык пабачылі б, якія дбайныя гаспадары Банцэвічы, які ў іх прыгожы двор у кветках, дагледжаная гаспадарка. Але ж у нас не чапаюць толькі тых, хто п’е і не прыносіць ніякай карысьці грамадзтву. А калі чалавек працуе і штосьці мае, дык яго трэба загнаць у турму.

Усе нашы пісьмы-скаргі са сталіцы перасылаюцца ў Кобрынь. Такое ўражаньне, што ніхто ня хоча разабрацца па сутнасьці, дапамагчы простаму чалавеку”.

Зусім магчыма, што ня ўсе чыноўніцкія інструкцыі выконваў Уладзімер Банцэвіч. Нарыхтоўваць лекавыя расьліны — адно, а займацца іх распаўсюдам і продажам — гэта ўсё ж іншае. Тут, відавочна, дзейнічаюць іншыя правілы, якія рэглямэнтуюць продаж лекавых прэпаратаў. І тым ня менш: ці варта было так жорстка караць чалавека, які зарабляў на хлеб цяжкай працай, які знайшоў свой спосаб выжываць у складаных умовах, у якія пастаўленая сёньня вёска?

Беларускія аптэкі, паліклінікі, шпіталі зусім не вызначаюцца багатым выбарам расьлінных лекавых прэпаратаў. І для іх такія прадпрымальныя і працавітыя людзі, як Уладзімер Банцэвіч — патэнцыйныя выгадныя партнэры. Але наладжваць справу, падказваць прадпрымальнікам выйсьце са складаных сытуацыяў, засьцерагаць ад памылак — занятак няпросты. Кінуць чалавека ў турму і адабраць яго маёмасьць куды прасьцей.

Электронны ліст ад слухача, як падпісаўся як Вітэк. На мінулым тыдні споўнілася пятнаццаць гадоў з таго часу, як гістарычныя нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” — былі зацьверджаныя як дзяржаўныя. Афіцыйнымі яны заставаліся на працягу трох з паловай гадоў, да травеньскага рэфэрэндуму 1995 году. Паслухаўшы па “Свабодзе” некалькі сюжэтаў на гэту тэму, Вітэк піша:

“Паводле вынікаў апытаньня мінакоў аб дзяржаўнай сымболіцы, якія прагучалі па “Свабодзе”, можна з упэўненасьцю сказаць, што гістарычная сымболіка страчаная раз і назаўсёды. Толькі сьляпы на бачыць, якім стаў так званы “беларускі народ”. Ён ператварыўся ў быдла, якое ганарыцца тым, што ад яго не адбіраюць кармушку і ня часта б’юць пугай. Усё гэта страчана НАЗАЎСЁДЫ. Ганьба Беларусі!”

Дзіўна, спадар Вітэк, што вы прыйшлі да такой высновы на падставе апытаньня, у якім галасы супраць гістарычнай сымболікі і галасы ў падтрымку яе падзяліліся прыблізна пароўну.

Яшчэ зусім нядаўна, у гады камуністычнай дыктатуры, нават уявіць бел-чырвона-белы сьцяг на вуліцах Менску было немагчыма. І тады гістарычныя сымбалі, сапраўды, пачалі зьнікаць з грамадзкай памяці. Але пасьля таго, як яны на працягу амаль чатырох гадоў былі дзяржаўнымі, cа сьвядомасьці многіх наступных пакаленьняў беларусаў гэтыя сымбалі наўрад ці будуць сьцёртыя. Насуперак забаронам і жорсткаму перасьледу ўладаў бел-чырвона-белыя сьцягі зьяўляюцца амаль на кожнай апазыцыйнай акцыі. Іх употай вывешваюць у самых людных месцах розных гарадоў Беларусі. І так працягваецца ўжо на працягу апошніх адзінаццаці гадоў.

Наш слухач Іван Савіцкі жыве ў Літве, у Вільні. Ён пасьлядоўны і актыўны прыхільнік палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі.

“Я часта бываю ў Беларусі. І чую, што многія людзі пагаджаюцца са мной: вы нахабна хлусіце. А яшчэ пра вас кажуць, што вы самі заганяеце Лукашэнку ў Расею. Калі ў яго ня будзе выйсьця, ён вымушаны будзе аддаць Беларусь Маскве. І людзі яго падтрымаюць.

Вы часта прыводзіце ў якасьці станоўчага прыкладу Літву, Польшчу і Ўкраіну. А людзі цудоўна ведаюць, як жывуць людзі пры вашай дэмакратыі. Прыкладам, як у нас. Паўмільёна народу выехала, у сябе няма каму працаваць. Вёска прападае, палі не засеяныя. Людзі пасьпіваліся. Па самазабойствах займаем першае месца ў сьвеце. А кіраўніцтву да лямпачкі. Яны толькі грошы робяць і адзін аднаго абвінавачваюць.

Я вам дасылаю адну публікацыю зь віленскай газэты, каб вы пабачылі, як у нас жывуць людзі. Але гэта толькі кропля ў моры з таго, што ў нас пішуць газэты пра жыцьцё ў Літве. А ў Беларусі? Пачытайце свае газэты. Заводы працуюць, шпіталі будуюцца. Новая бібліятэка — у сьвеце такой няма. А колькі аграгарадкоў…

На мінулым тыдні Першы балтыйскі тэлеканал паказаў рэпартаж пра тое, як жывуць у Беларусі: якія фэрмы, якія сьвінаматкі з парсючкамі (недзе на 250 кіляграмаў), каровы, што даюць 40 літраў малака на дзень. Аграгарадкі, палі засеяныя. І сказалі літоўцы: “Трэба нам вучыцца ў Беларусі, як жыць”. І многія ў транспарце, на вуліцах кажуць: “Нам бы такога прэзыдэнта, як Лукашэнка”.

Разам зь лістом спадар Савіцкі даслаў публікацыю зь віленскай газэты пра тое, што ў Літве мільёны даляраў выдаткаваныя на рэканструкцыю шпіталяў, але ў абноўленых будынках часам няма каму працаваць: за два гады звольнілася каля дзьвюх тысяч мэдсясьцёр — паехалі на заробкі.

Так, спадар Савіцкі, мэдыкі зьяжджаюць. Але, заўважце, зьяжджаюць не туды, дзе мілы вашаму сэрцу аўтарытарны парадак, дзе, як вы пішаце, “усё працуе”, “запушчаныя заводы” і “засеяныя палі”. А едуць яны на заробкі якраз на Захад, дзе дэмакратыя і рынкавая эканоміка. Дзяржавы там больш заможныя, бо не паспыталі дзесяцігодзьдзяў камуністычнай дыктатуры.

У многіх беларускіх шпіталях, дарэчы, таксама не хапае мэдсясьцёр. Чаму ж вольных месцаў ніхто не сьпяшаецца заняць? Бо сярэдні заробак беларускай медсястры — 100—150 даляраў, літоўскай — 400. А ў Вялікай Брытаніі ці Швэцыі мэдсястра зарабляе да 3000 эўра. Тысячы беларускіх мэдсясьцёр ахвотна паўтарылі б прыклад сваіх літоўскіх калегаў, вось толькі дарога на Захад для іх значна больш складаная: літоўкам атрымаць дазвол на працу за мяжой непараўнальна лягчэй, а візы для паездак у краіны Эўразьвязу ўвогуле не патрэбныя.

Тое, што літоўскія газэты пра гэта часта і шмат пішуць — адна з прыкметаў дэмакратыі. У беларускіх газэтах, спадар Савіцкі, вы чытаеце галоўным чынам пра дасягненьні й посьпехі. Бо газэты — дзяржаўныя і падцэнзурныя. Свабодны друк амаль зьнішчаны, яго забаронена прадаваць у шапіках і распаўсюджваць праз падпіску. А каб убачыць рэальнае жыцьцё, вам варта збочыць з асфальтаванай дарогі й праехаць некалькі кілямэтраў убок, у любую вёску, якой не пашанцавала трапіць у сьпіс аграгарадкоў. Убачыце і незасеяныя палі, і разваленыя фэрмы, і занядбаныя калгасы.

Аўтар наступнага ліста — Іван Апет зь вёскі Юзафова Барысаўскага раёну. Яму 82 гады. Значную частку свайго жыцьця як палітвязень правёў на расейскай поўначы, на шахтах Варкуты. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Апет піша:

“Гэтулькі гадоў мінула, а і цяпер час ад часу вельмі ярка ўспамінаюцца твары тых, хто сустрэўся на маёй пакутнай дарозе. У 1946 годзе ў Менскай турме ў камэры сьмяротнікаў разам са мной сядзеў Усевалад Радзько. Ён быў старэйшы за мяне на некалькі гадоў. У камэры сьмяротнікаў нас было васьмёра. Ён вылучаўся тым, што быў вельмі энэргічны, бадзёры, падтрымліваў усіх. Перастукваўся па ўсёй турме. Ведаў усе апошнія навіны: каго за што пасадзілі, прозьвішчы, нават імёны па бацьку. Шмат чаго расказваў.

Падчас вайны ён быў камандзірам падпольшчыкаў. Надзеі ён ня меў. Так і казаў: “Мяне расстраляюць, ні на які тэрмін не заменяць”. Пакуль буду жыць, будзе гучаць у мяне ў вушах гэты голас. Недзе ў Курапатах яго і расстралялі. Калі бываю там, заўсёды кладу кветкі. Лічу, што на яго магілу…

Што да мяне, то мне пашанцавала: замянілі сьмяротны прысуд дваццацьцю гадамі катаргі. Працаваў на шахтах Варкуты. Ведаў Янку Геніюша — мужа паэткі Ларысы Геніюш. Яна сядзела ў Інце, а Янка працаваў доктарам у стацыянары. Я быў добра зь ім знаёмы, ня раз гутарылі.Памятаю, ён усё казаў, што яго арыштавалі з-за Чэхаславакіі”.

У сваім лісьце Іван Апет зь вёскі Юзафова Барысаўскага раёну таксама паведамляе, што ў сваім паважаным узросьце яшчэ няблага сябе пачувае, і што кожны вечар на старэнькім “Акіяне” шукае хвалю Беларускай Свабоды.

Дзякуй вам, Іван Цімохавіч, за цікавы ліст, за вашы ўспаміны і за тое, што шануеце памяць тых, каго, хутчэй за ўсё, ужо няма каму памятаць і прыходзіць на іхныя магілы… Мы рады, што ў нас ёсьць такі слухач.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG