Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыск: акцыя пратэсту ў польскамоўнай школе


Міхал Карневіч, Ваўкавыск Вучні 8—11-й клясаў ваўкавыскай школы №8 з польскай мовай навучаньня на мінулым тыдні адмовіліся ісьці на заняткі. Яны зрабілі гэта на знак пратэсту супраць таго, што ў школе забаранілі працаваць настаўнікам з Польшчы. З вучнямі сустракаўся старшыня Ваўкавыскага райвыканкаму спадар Савельеў, а з бацькамі правялі сход супрацоўнікі Ваўкавыскага РАНА. Сёньня заняткі аднавіліся, але ці разьвязаны канфлікт?

Сёньня ў ваўкавыскай школе №8 з польскай мовай навучаньня заняткі праводзяцца ва ўсіх клясах, на калідоры цішыня. Але вось празьвінеў званок на перапынак, і я заходжу ў 10-ю клясу, каб паразмаўляць з вучнямі, якія выйшлі на мінулым тыдні страйкаваць. Яны запатрабавалі вярнуць выкладчыкаў з Польшчы. Пытаюся, чаму яны гэтак зрабілі?

(Першая вучаніца: ) “Мы вельмі хацелі, каб вярнулі нашых настаўнікаў, якіх мы вельмі любім і паважаем. Хацелі б быць на ўроках польскай мовы”.

Дзеці кажуць, што ня маюць нічога супраць цяперашніх настаўнікаў — але, маўляў, іхныя ўрокі вельмі адрозьніваюцца ад урокаў папярэдніх настаўнікаў; тыя лепш іх рыхтавалі да паступленьня ў польскія ВНУ.

(Другая вучаніца: ) “Мы далей хацелі паступаць пасьля 11-й клясы ў Польшчу, але цяпер у нас няма той настаўніцы польскай мовы. Цяпер нам выкладае польскую мову беларуска, але гэта ня тое, што давала нам польская настаўніца. У яе быў вялікі досьвед”.

Загадчыца аддзелу школаў у Ваўкавыскім РАНА Вольга Кароткая кажа, што сёлета няма патрэбы запрашаць настаўнікаў з Польшчы, бо ў Беларусі ў некалькіх ВНУ рыхтуюць падобных спэцыялістаў і іх цяпер у школе дастаткова. Па-другое, у іх няма ліцэнзіі на тое, каб запрашаць на працу замежных спэцыялістаў, як гэтага патрабуе заканадаўства:

(Кароткая: ) “Не хваліся травою, а хваліся сенам. Нашы настаўнікі даюць ня горшыя веды. Падставай для такога сьцьвярджэньня ёсьць вынікі франтальнай праверкі, якія паказалі, што розьніцы ў якасьці выкладаньня настаўнікаў з Польшчы й мясцовых няма ніякай”.

Што датычыць бацькоў вучняў, якія выйшлі страйкаваць, то яны хочуць, каб польскую мову іхным дзецям выкладалі настаўнікі з Польшчы. Праўда, казаць у мікрафон пра гэта не сьпяшаюцца — маўляў, пабачым, чым скончыцца канфлікт. Цяпер яны зьбіраюць подпісы пад зваротам у раённае й абласное ўпраўленьне адукацыі, а таксама ў Міністэрства адукацыі Беларусі. Яны патрабуюць вярнуць польскіх настаўнікаў. Віктар Вашчук усё ж наважыўся выказаць нашаму радыё сваю думку:

(Вашчук: ) “Мясцовыя ўлады такім чынам спрабуюць перарваць сувязі з Польшчай. Я лічу, што ў гэтым замешаная палітыка”.

Дырэктар школы Рышард Худзяк быў таксама ўражаны ўчынкам сваіх вучняў, і не ўхваліў яго — але лічыць, што канфлікт вычарпаны:

(Худзяк: ) “Ну, як дырэктар можа ацэньваць такія ўчынкі вучняў? Дрэнна. Але мы гадзінку пастаялі зь імі, пасьля быў бацькоўскі сход, і я лічу, што сваю пазыцыю мы да іх давялі”.
XS
SM
MD
LG