Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледства сьцьвярджае, што палкоўнік міліцыі набраў хабару на 80 тысяч


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным Судзе Беларусі пачаўся працэс над палкоўнікам міліцыі Іванам Клімянковым, якога падазраюць у атрыманьні вялікага хабару і службовых злоўжываньнях. Незалежныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што працэс стаў вынікам кулюарнай барацьбы КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў.

25 верасьня на лаву падсудных Вярхоўнага Суду сеў палкоўнік міліцыі Іван Клімянкоў. Да арышту ў жніўні 2005 году палкоўнік Клімянкоў быў першым намесьнікам управы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных справаў. Ён непасрэдна кіраваў праверкамі бізнэсоўцаў, якіх падазравалі ў эканамічных злачынствах.

На гэтай пасадзе міліцыянт працаваў усяго некалькі месяцаў, але, паводле пракуратуры, пасьпеў наладзіць вымаганьне хабару зь нядобрасумленных прадпрымальнікаў. Разам, паводле сьледзтва, Клімянкоў атрымаў хабару на 80 тысяч даляраў і аўтамабіль “Аўдзі”. Яшчэ 70 тысяч даляраў падзялілі паміж сабой шасьцёра ягоных саўдзельнікаў, у тым ліку былы начальнік Камітэту папярэдняга расьсьледаваньня менскай міліцыі Георгі Жук, які ўцёк — яго дагэтуль не знайшлі.

Клімянкова абвінавацілі таксама ў службовым злоўжываньні. Яму пагражае да 10 гадоў турмы.

Пра пазыцыю Івана Клімянкова што да абвінавачаньня распавяла “Свабодзе” ягоная адвакатка Ганна Каранеўская:

(Каранеўская: ) “Ён цалкам не прызнае сябе вінаватым, лічыць, што яго перасьледуюць незаконна, а ўсе эпізоды, якія ёсьць у справе, прыдуманыя сьледзтвам”.

Адвакат сказала, што ў сьледзтва няма простых доказаў таго, што яе падабаронны браў хабар: яго не злавілі падчас перадачы грошай, няма відэа- ці нават аўдыёстужак, якія б сьведчылі пра вымагальніцтва. Таксама ў Клімянкова не знайшлі 80 тысяч даляраў, якія ён нібыта атрымаў. Між тым, паводле іншых адвакатаў, ускосныя доказы сьледзтва мае. У прыватнасьці, іншыя абвінавачаныя часткова прызнаюць сваю віну, у тым ліку і тое, што перадавалі Клімянкову грошы празь ягонага суўдзельнка Жука.

Прадстаўнік пракуратуры Сяргей Цялежнікаў да канца працэсу ад камэнтароў устрымаўся.

Паводле назіральнікаў, справу “пярэваратняў у міліцэйскіх пагонах” пачалі сьледчыя КДБ. Нібыта давесьці справу да суду было вельмі складана, паколькі яна кідала цень на міліцэйскае ведамства. Аднак гэта ўдалося дзякуючы таму, што пагадзіўся даць паказаньні літоўскі бізнэсовец Ладзіс Каросас. Гэта ў яго Клімянкоў з саўдзельнікамі выцягнулі ажно 150 тысяч даляраў хабару. Спадар Каросас займаўся ў Беларусі продажам парфумы й нібыта меў праблемы з законам, за што і трапіў у поле зроку хабарнікаў.

Варта адзначыць, што ў суд Ладзіса Каросаса прывезьлі пад вартай са сьледчага ізалятару — пасьля арышту Клімянкова ў міліцыі на Каросаса таксама завялі крымінальную справу. Назіральнікі не выключаюць, што гэта стала помстай за паказаньні супраць высокапастаўленага міліцыянта.

Паводле прагнозу адвакатаў, працэс працягнецца некалькі месяцаў — у справе болей за сорак тамоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG