Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць гарадзенцы пра ўсынаўленьне беларускіх дзяцей замежнікамі?


Радыё Свабода, Гародня Як вы ставіцеся да ўсынаўленьня беларускіх сіротаў замежнымі грамадзянамі? Гэтае пытаньне людзям на гарадзенскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Маладзён: ) “Мне здаецца, што трэба пачынаць не з таго, ці дазваляць замежнікам усынаўляць нашых сіротаў. Трэба спачатку разабрацца ўнутры краіны, палепшыць эканоміку, каб у нас стала менш сіротаў”.

(Спадар: ) “Калі добрыя людзі ўсынаўляюць дзяцей, дык калі ласка — я ня супраць”.

(Ягоная жонка: ) “Галоўнае, каб дзеці не былі сіротамі, каб ім было добра”.

(Спадар: ) “Канечне, напэўна, нейкі кантроль за гэтым з боку дзяржавы патрэбны. Але калі проста забараняць, гэта нічога ня дасьць, праблема застанецца на мёртвай кропцы. Трэба шукаць любыя магчымасьці, каб неяк уладкоўваць гэтых дзяцей, бо яны ў сваім жыцьці ўжо нацярпеліся”.

(Маладая спадарыня, цяжарная: ) “Дзіцяці ўсё роўна, дзе жыць — у Беларусі ці ў Італіі, галоўнае, каб у яго была сям’я. У мяне работа зьвязаная з гэтай сфэрай. Дзеці вельмі добра адгукаюцца пра замежныя сем’і, яны нават называюць тых людзей, у якіх гасьцююць, сваімі бацькамі. Так і гавораць: “мама”, “тата”, калі прыходзяць у школу і расказваюць пра паездку за мяжу. Я працую у санаторнай школе, і да нас прыяжджаюць на аздараўленьне дзеці з інтэрнату. Яны з задавальненьнем успамінаюць пра сем’і, у якіх былі за мяжой, паказваюць фатаздымкі, я ад іх саміх пра гэта чула неаднойчы.

Што датычыць дзяўчынкі, пра якую пісалі ў газэтах і гаварылі ў “Навінах”, я нават ня ведаю, што можна сказаць наконт яе. Але ўвогуле дзецям папросту падабаецца знаходзіцца ў сям’і, незалежна — яна нашая, беларуская, ці замежная, галоўнае, каб гэта была сям’я, якая дбае пра гэтае дзіця”.

(Пажылая спадарыня: ) “Я да гэтага стаўлюся станоўча. Дзіцяці лепей быць у прыёмнай сям’і, чымсьці ў дзяржаўнай установе”.

(Спадар, паляк: ) “Я сам замежнік, але ведаю пра беларускую дзяўчынку, якая цяпер знаходзіцца ў Італіі. Мяне зьдзіўляе тое, што надаецца такое вялікае значэньне дробнаму інцыдэнту. Усё павінна быць вырашана індывідуальна, бо гэта і праблема дзіцяці, і праблема той італьянскай сям’і. А тым часам гэтаму надаецца амаль што статус міждзяржаўнага канфлікту. Я быў вельмі зьдзіўлены, калі глядзеў учора Беларускае тэлебачаньне, што гэтаму прысьвячаецца столькі ўвагі”.

(Спадар: ) “Я лічу, што калі дзіця трапляе ў нармальную сям’ю, дык ня важна, якой яна нацыянальнасьці. Галоўнае, каб дзіця выгадавалася нармальным чалавекам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG