Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэзыдэнт Эстоніі – былы супрацоўнік радыё “Свабодная Эўропа”


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Эстонія мае новага прэзыдэнта. Адметна, што абраны на гэтую пасаду ў мінулыя выходныя сацыял-дэмакрат Томас Гэндрык Ільвэс, пяць гадоў узначальваў эстонскую службу Радыё Свабодная Эўропа. Гэта першы прэзыдэнт Эстоніі, які не гаворыць па-расейску.

Абвяшчэньне Калегіі выбарцаў аб абраньні новым прэзыдэнтам Эстоніі Томаса Гэндрыка Ільвэса віталася працяглымі аплядысмэнтамі – адным зь першых яго павітаў цяперашні прэзыдэнт краіны Арнольд Руйтэль.

Раней эстонскі парлямэнт – Рыйгікогу - тройчы ня змог абраць прэзыдэнта, таму гэта, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, зрабіла Калегія выбарцаў, у склад якой уваходзяць 101 дэпутат парлямэнту і 246 прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіраваньня.

Прамаўляючы пасьля абраньня, спадар Ільвэс заявіў, што ў часе свайго прэзыдэнцтва зьверне асаблівую ўвагу на замежную палітыку Эстоніі і пазыцыю сваёй краіне на міжнароднай арэне.

Гэта, бадай, цяжка назваць неспадзяванкай, бо замежнай палітыцы новы эстонскі прэзыдэнт прысьвяціў значную частку свайго жыцьця. У 1993 годзе Томас Гэндрык Ільвэс адмовіўся ад амэрыканскага грамадзянства і стаў амбасадарам Эстоніі ў Вашынгтоне. Потым, у часы нялёгкіх перамоваў аб далучэньні Эстоніі да НАТА і Эўразьвязу, быў міністрам замежных справаў, пазьней, пасьля абраньня дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту спадар Ільвэс стаў намесьнікам старшыні Камісіі парлямэнту ў міжнародных справах.

52-х гадовы Томас Гэндрык Ільвэс нарадзіўся ў Швэцыі, куды ягоныя бацькі імігравалі ў 1940-м годзе з савецкай Эстоніі, але большую частку жыцьця пражыў у ЗША, Канадзе і Нямеччыне.

У Мюнхэне, цягам амаль 10 гадоў – ад 1984 да 1993, спадар Ільвэс быў спачатку аналітыкам, а потым дырэктарам Эстонскай службы Радыё Свабодная Эўропа.

Новы прэзыдэнт Эстоніі, акрамя роднай эстонскай мовы, свабодна гаворыць па-ангельску, па-нямецку і па-іспанску. Ён першы кіраўнік эстонскай дзяржавы, які ня ведае расейскай мовы.

9 кастрычніка Томас Гэндрык Ільвэс будзе прыведзены да прысягі і пачне выконваць абавязкі кіраўніка краіны.

Паводле эстонскай Канстытуцыі, прэзыдэнт ня мае шырокіх паўнамоцтваў – ён падпісвае альбо адкідае ўхваленыя парлямэнтам законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым і прадстаўляе краіну за мяжой.

Пасьля абраньня Томаса Гэндрыка Ільвэса на прэзыдэнцкую пасаду, Літва, Латвія і Эстонія -- тры прыбалтыйскія краіны, што калісьці ўваходзілі ў склад Савецкага саюзу, маюць прэзыдэнтаў, народжаных за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG