Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя ў Беларусі падвышаецца апошнія 3 гады


Радыё Свабода Паводле дадзеных міжнароднай арганізацыі "Transparency Internatiоnal", якая займаецца дасьледаваньнем карупцыі і барацьбой зь ёй ва ўсім сьвеце, узровень карупцыі ў Беларусі заўважна падвышаўся апошнія 3 гады.

З 1998 па 2002 год краіна заставалася ў сьпісе 50-ці краінаў з найменшай у сьвеце карупцыяй, прынамсі ў 2002 годзе Беларусь была на 36-м месцы. У 2003 годзе краіна апынулася паводле рэйтынгу "Transparency Internatiоnal" на 53-м месцы, у 2004 годзе – на 74-м, летась – на 107-м месцы, сярод такіх краінаў, як Гандурас, Зімбабвэ, Украіна, Казахстан.

Паводле статыстыкі беларускага МУС у 2006 годзе назіраецца істотны рост эканамічных злачынстваў. Паводле паказчыка колькасьці асуджаных на тысячу жыхароў, краіна застаецца ў пяцёрцы ўсясьветных лідэраў. Штогод у краіне заводзяць каля 260 тысяч крымінальных спраў, і ў выніку цяпер за кратамі знаходзіцца за 45 тысяч грамадзянаў. Яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч адбываюць умоўнае пакараньне, ці засуджаны на частковае абмежаваньне волі.

Дадзеныя аб колькасьці асуджаных за эканамічныя злачынствы ўскосна сьведчаць пра тое, што беларуская дзяржава з карупцыяй спрабуе змагацца. Аднак жорсткія пакараньні не ліквідуюць эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя прычыны, якія спараджаюць карупцыю, нягледзячы на пакараньні.

У сёлетняй справаздачы дасьледчай арганізацыі "Freedom House" гаворыцца: “Цалкам непраўдзівай выглядае афіцыйная прапаганда пра тое, што Беларусь – свабодная ад карупцыі краіна … рост бюракратызацыі і аўтарытарнага дзяржаўнага кантролю над эканомікай стварае спрыяльныя умовы для хабарніцтва і злоўжываньняў службовым становішчам,” -- адзначаюць аналітыкі "Freedom House".
XS
SM
MD
LG