Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апальныя ліцэісты пачалі навучаньне


Ігар Карней, Менск Сёньня пасьля паўтарамесячных вакацыяў месцы за партамі занялі навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Чарговы раз зьмяніўшы адрас, ліцэйскі калектыў захоўвае прынцыпы, узятыя за аснову паўтара дзясятка гадоў таму: падрыхтоўка нацыянальнай эліты й будучыні незалежнай Беларусі.

Настаўніцкая — у кухні, клясы — у жылых пакоях. Такія рэаліі Коласаўскага ліцэю, які ад 2003 году мусіць весьці паўпадпольнае існаваньне. Менавіта ад таго часу надоўга затрымацца на адным месцы не ўдаецца. Намесьніца дырэктара ў навучальнай працы Ірына Сідарэнка кажа, што ў такіх надзвычайных умовах важна захаваць маральны дух калектыву.

(Сідарэнка: ) “Думаю, што галоўнае — нават і не будынак. А галоўнае — атмасфэра. І атмасфэра нашая трымаецца на прынцыпах, колісь закладзеных у канцэпцыю ліцэю: гэта салідарнасьць, гэта ўзаемадапамога, гэта супрацоўніцтва, гэта ўзаемная падтрымка, гэта калегіяльнасьць”.

Сёлета ўвесну ліцэй выпусьціў курс, навучэнцы якога ніколі не сядзелі за партамі ў будынку на вуліцы Кірава, 21 (яго ліцэісты на законных падставах займалі ад пачатку 1990-х). Былы будынак рашэньнем уладаў перададзены Цэнтральнаму райсуду Менску. Аднак старшыня Бацькоўскай рады ліцэю Мікалай Тоўсьцік усё ж спадзяецца, што кола гісторыі ў дадзеным выпадку можна павярнуць назад.

(Тоўсьцік: ) “Суд, вядома ж, гэта ўжо нейкая другасная зьява. Тут магла зьявіцца любая іншая ўстанова. А першаснае тое, што чамусьці ліцэй дзяржаве ў пэўны момант аказаўся не патрэбны. Але я перакананы, што гэта часова і тут болей палітычнай каньюнктуры, чым здаровага сэнсу”.

Адзін з заснавальнікаў ліцэю і выкладчык прадмету “Гісторыя Беларусі” Алег Трусаў канстатуе, што ў справе падрыхтоўкі нацыянальнай эліты розныя пабытовыя нязручнасьці ня могуць быць істотнай перашкодай.

(Трусаў: ) “Мы даем дзецям магчымасьць зьляпіцца самім. Мы не перашкаджаем. Савецкая школа, і асабліва сёньняшняя беларуская школа, перашкаджае вучню стаць асобай. Прыдумалі БРСМ, прыдумалі зноў, як у савецкі час, нейкую ідэалёгію — незразумела якую. І гэта затрымлівае рост маладых. У нашым жа ліцэі мы вучым іх вучыцца, прабачце за калямбур. То бок, не навязваем ведаў, а робім так, каб ім самім было цікава гэтыя веды ўзяць. І хто навучыццца вучыцца, той ня зьнікне нідзе — ні пры якой сыстэме, ні пры якой уладзе”.

Як і ў папярэднія гады, у новым навучальным цыклі заплянаваныя выязныя навучальныя сэсіі. На запрашэньне розных эўрапейскіх школаў і каледжаў ліцэісты маюць магчымасьць займацца ў абсталяваных лябараторыях — менавіта спэцыялізаваных кабінэтаў з-за разьездаў якраз і бракуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG