Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі краязнаўца сам усталяваў 10 помнікаў і памятных знакаў


Вячаслаў Кулік, Полацак У вёсцы Залесьсе Полацкага раёну гэтымі днямі ўсталяваны памятны знак у гонар вядомага літаратуразнаўца і фальклярыста Браніслава Эпімах-Шыпілы. Ініцыятыва належыць полацкаму краязнаўцу Віктару Карасёву. Ён, як высьвятляецца, стварыў і ўсталяваў ужо дзесяць помнікаў і памятных знакаў.

“Беларуская энцыкляпэдыя” удакладняе, што літаратурны рэдактар першага зборніка Янкі Купалы “Жалейка” Браніслаў Эпімах-Шыпіла выдаў на роднай мове больш як 40 слоўнікаў, хрэстаматыяў, перакладаў. Ад 1929 году яго асабістая бібліятэка па беларусазнаўстве захоўваецца ў Нацыянальнай акадэміі навук. А сёлета ў 147-ю гадавіну Браніслава Эпімах-Шыпілы на яго радзіме ўсталяваны мэмарыяльны знак, пра які паклапаціўся полацкі краязнаўца Віктар Карасёў.

(Карасёў: ) “У мяне была задума зрабіць гэтаму чалавеку асаблівы знак. Знайшоў прыдатны валун, які важыць 16 тон 100 кіляграмаў. Такі, як ля Сафійскага сабору ў Полацку. Пасьля пачаў шукаць, хто можа вырабіць шыльду. Зьвярнуўся да добрага чалавека, Віктара Аляксеева. Ён сам расеец, мае тут ліцейную кампанію. Запытаў: “А хто такі Шыпіла?” Я расказаў. Цікавіцца: “А хто заказчык?” Адказваю, што займаюся краязнаўствам і маю намер усталяваць помнік земляку. Ён: “Тады – іншая справа. Мы будзем спонсарамі”.

Віктар Карасёў даводзіць, што ад 2002 году ён усталяваў на тэрыторыі Полацкага раёну 10 імянных помнікаў і знакаў. У прыватнасьці, ушанаваная памяць Аляксандара Семянтоўскага – беларускага вучонага. Помнікі ёсьць цяпер на магіле ахвяраў габрэйскага гета і групы расстраляных падпольшчыкаў.

(Карасёў: ) “Заўжды ва ўлады няма сродкаў, каб дапамагчы. Але ў мяне выратаваньне такое, што былыя вучні цяпер сталі на ногі. Шматлікія знакі яны дапамаглі ўсталяваць. Зьбіралі фінансы. Шыльды куплялі. Тэхніку давалі, разам рабілі”.

Пра дзейнасьць краязнаўцы Віктара Карасёва выказалася намесьнік дырэктара Інстытуту геалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Ядвіга Аношка:

(Аношка: ) “Краязнаўца ад Бога і патрыёт Бацькаўшчыны. З дапамогай Віктара Раманавіча пастаўлены помнік Ганьне Місуне і вуліца ў Ветрыне названа яе імем. Яна першая жанчына-геоляг ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Літве і Польшчы. Яна нарадзілася на Полаччыне ля Ветрына”.

Гаварыла намесьніца дырэктара Інстытуту геалёгіі акадэміі навук Ядвіга Аношка. Як стала вядома Радыё Свабода, у вёску Шпакоўшчына Полацкага раёну ужо завезены ледніковы валун, дзе Віктар Карасёў будзе рабіць памятны знак Антону Грыневічу. Гэта зьбіральнік беларускага музычнага фальклёру, які ўсё жыцьцё прысьвяціў гэтаму занятку”.
XS
SM
MD
LG