Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня новы навучальны год пачынае Беларускі ліцэй (фота)


Ігар Карней, Менск Пасьля напружанай выязной летняй сэсіі ў Польшчы сёньня за парты сядуць каля 90 навучэнцаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Літаральна напярэдадні ўдалося вырашыць пытаньне з памяшканьнем – пры канцы мінулага сэзону ліцэісты мусілі зьехаць з арандаванага ў Ждановічах катэджу.

Пачатак навучальнага сэзону амаль супаў з асабістым сьвятам заснавальніка і нязьменнага кіраўніка ліцэю Ўладзімера Коласа: 22 верасьня ён адзначыў сваё 55-годзьдзе. Зь якімі спадзяваньнямі спадар Колас зазірае ў чарговы ліцэйскі год?

(Колас: ) “Жыцьцё прывучыла быць рэалістам. Спадзяваньняў на нейкія зьмены мала, хоць яны заўсёды ёсьць (маецца на ўвазе, у гэтым годзе – навучальным і каляндарным). Але спадзяваньні на тое, што мы застанёмся разам і будзем працягваць рабіць гэтую справу, яны ёсьць. Спадзяваньні, што гэты год будзе цікавы на нейкія падзеі станоўчыя, перадусім, для ліцэістаў – яны ёсьць і застаюцца. Ну, і жаданьне ўсё рабіць для таго, каб ні яны, ні бацькі, ні выкладчыкі не пашкадавалі, што зьвязалі свой лёс зь ліцэем. У гэтым я бачу сваю асноўную задачу – рабіць так, каб ім тут было цікава, каб ім было тут бясьпечна. Рабіць так, каб гэтая справа працягвалася”.

Пачатку навучальнага сэзону чакалі ня толькі вучні ды выкладчыкі, але й бацькі. Старшыня Бацькоўскай Рады Мікалай Тоўсьцік кажа: кожны год жыцьця ліцэю – гэта плён вялікіх сумесных намаганьняў.

(Тоўсьцік: ) “Настрой увогуле добры: ліцэй жыве, дзеці нашы вучацца. Вучацца на беларускай мове – так, як мы хацелі, і як яны хочуць. Бо гэта выбар ня толькі бацькоўскі, гэта выбар, перш за ўсё, нашых дзяцей. Тое, што ліцэй ужо чацьвёрты год пасьля тых драматычных падзеяў пачынае свой новы навучальны год, тое, што конкурс ня толькі не зьмяншаецца, а расьце – сьведчаньне таго, што ідэя гэтая вельмі жыцьцядайная, вельмі патрэбная. Што гэта ня група нейкіх маргіналаў, а адна з патрэбаў беларускага грамадзтва. Пры тым, вельмі ня другасная патрэба”.

Самі навучэнцы не хаваюць, што цягам вакацый засумавалі як па ліцэю, так і адзін па адным.

(Ліцэістка: ) “Так, асабіста я чакала хутчэйшага пачатку заняткаў, бо, як па мне, дык мы ўжо вельмі доўга адпачываем. Таму, натуральна, ужо сумую і па вучобе, і па сябрах”.

(Ліцэіст: ) “На жаль, для часткі ліцэістаў гэта апошні навучальны год. Але ў любым выпадку ён будзе надзвычай багаты на розныя паездкі, на розныя сустрэчы. Нас чакае вельмі цікавы час…”.

Выкладчык гісторыі Валянцін Голубеў сёлета ня зможа дапамагчы ліцэістам, паколькі атрымаў акадэмічную стыпэндыю на курс лекцый у пяці польскіх унівэрсытэтах. Але 1 верасьня спадар Голубеў прыйшоў да былога ліцэйскага будынку, дзе адбылася імправізаваная лінейка “апальных навучэнцаў”.

(Голубеў: ) “Я прыйшоў падтрымаць свой любімы ліцэй, сваіх любімых дзяцей. Але ж бачыце, у нашай краіне, дзе нібыта клапоцяцца пра беларускую мову, насамрэч не даюць дзецям магчымасьці вучыцца ў беларускім ліцэі, на беларускай мове. Увогуле, трохі цынічна, што ў былым будынку ліцэю пасяляюць суд, але што зробіш... Крыўдна, шкада, але дзеці, якія вучацца ў ліцэі (па вялікаму рахунку, адназначна гавару) атрымліваюць адукацыю лепшую, чым нават у тых школах, дзе ўсё, здаецца, ёсьць”.

Фармальна навучальны сэзон у ліцэістаў пачаўся яшчэ летам – цягам ліпеня яны былі ў Польшчы, дзе мелі магчымасьць карыстацца лябараторнымі клясамі школаў і каледжаў у Варшаве і Гданьску. 1 верасьня, пасьля жнівеньскіх вакацый, яны зноў сустрэліся ля экспрапрыяванай на карысьць Цэнтральнага суду альма-матэр. І вось наперадзе – год напружанай працы на радзіме.

Ранейшы будынак ліцэю на вуліцы Кірава, 21 цяпер абжывае суд Цэнтральнага раёну Менску.



Ліцэісты зноў гатовыя “грызьці” “граніт ведаў”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG