Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніком моладзі БНФ абраны юрыст Алесь Каліта


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя моладзі партыі БНФ. Гэтае аб’яднаньне, ёсьць крылом аднайменнай партыі і сваёй задачай ставіць пашырэньне ідэяў свабоды, незалежнасьці і адраджэньня Беларусі ў моладзевым асяродзьдзі.Сёньня аб’яднаньне моладзі БНФ структурна аформілася і вызначыла накірункі сваёй далейшай дзейнасьці. На старшыню аб’яднаньня абраны малады юрыст Алесь Каліта.

Ва ўстаноўчай канфэрэнцыі моладзі БНФ брала ўдзел 68 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аргкамітэт гэтага аб’яднаньня дзейнічае з мінулага году, але структурна аформіцца маладыя прыхільнікі БНФ вырашылі толькі цяпер. Каардынатар аргкамітэту Алесь Каліта так патлумачыў мэту канфэрэнцыі:

(Каліта: ) “ Неабходнасьць правядзеньня гэтай канфэрэнцыі грунтуецца перш за ўсё на мэце структурызацыі дзейнасьці моладзі БНФ, а таксама дзеля абраньня кіраўніцтва моладзі БНФ і зацьвярджэньня плянаў нашай дзейнасьці. Пасьля вясновых падзеяў у нашай краіне адбыўся вельмі вялікі прыток моладзі у Фронт, у аб’яднаныя дэмакратычная сілы. Дзеля больш эфэктыўнай працы існуе неабходнасьць праводзіць такія мерапрыемствы, сустрэчы з рэгіянальным і менскім актывам”.

Галоўным дакумэнтам, які зацьвердзілі дэлегаты канфэрэнцыі, стала Палажэньне моладзі БНФ. У ім гаворыцца, што аб’яднаньне ёсьць неад’емнай часткай руху і партыі БНФ, ды прапісаныя правы й абавязкі сябраў. Галоўнымі сваімі мэтамі і задачамі моладзь БНФ бачыць: прававую і палітычную адукацыю моладзі, распаўсюд інфармацыйна-адукацыйнай прадукцыі, правядзеньне культурніцкіх і патрыятычных масавых мерапрыемстваў ды падтрымку кантактаў зь іншымі моладзевымі арганізацыямі. Чым розьніцца моладзь БНФ ад іншых моладзевых аб’яднаньняў і ініцыятываў? На гэтае пытаньне адказвае сябра аргкамітэту Франак Вячорка:

(Вячорка: ) “ Моладзь БНФ ня ёсьць вулічнай ініцыятывай. Асноўнымі нашымі мэтамі ёсьць зьмена ўлады і прывядзеньня Беларусі да дэмакратыі мірным шляхам. Моладзь БНФ, паводле нашай задумы, павінна стаць флягманам моладзевага руху ў Беларусі. Зараз назіраецца вельмі актыўнае стварэньне новых моладзевых ініцыятываў і арганізацыяў. Такіх, як Бунт, Адпор, Bymob, рэарганізуецца Малады фронт, Вольная моладзь, то ў гэтым выпадку Моладзь БНФ становіцца зьвязуючым зьвяном разам з палітычнаю радаю і з кааліцыяй аб’яднаных дэмакратычных сілаў”.

Перад дэлегатамі канфэрэнцыі выступіў лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, які заклікаў моладзь узяць актыўны ўдзел у мясцовых выбарах, і Лявон Баршчэўскі.

Большасьцю галасоў на альтэрнатыўнай аснове старшынём моладзі БНФ абраны малады юрыст Алесь Каліта. Таксама абраны два ягоных намесьнікі і 11 сябраў рады. Канфэрэнцыя ўхваліла рэзалюцыі ў падтрымку палітвязьняў і ў абарону незалежнасьці Беларусі.
XS
SM
MD
LG