Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Вільні прайшоў круглы стол у справе тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь


Валер Каліноўскі, Вільня Сёньня ў Вільні генэральны дырэктарат Рады Эўропы і нацыянальны камітэт дэмакратычных сілаў аб’яднанай апазыцыі праводзяць круглы стол у справе эфэктыўнасьці і пэрспэктываў замежнага вяшчаньня на Беларусь.

Дыскусія прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці, а таксама арганізацый, якія ўжо вяшчаюць на Беларусь, з Польшчы, Літвы і Нямеччыны,засяродзілася на пашырэньні тэле- і радыёперадач.

У Польшчы цяпер распрацоўваецца плян стварэньня ў наступным годзе спадарожнікавага тэлеканалу, які б вяшчаў на Беларусь. У Літве гатовыя пашырыць магутнасьць радыёперадатчыка, які перадае радыёсыгнал на беларускую аўдыторыю.

Агульнае меркаваньне ўдзельнікаў сустрэчы палягала ў тым, што дзеля эфэктыўнасьці гэтай справы варта не распыляць сродкі, а сканцэнтравацца на нейкім буйным эўрапейскім праекце. Прадстаўнік радыё “Балтыйскія хвалі” Рымантас Плейкіс заклікаў зьвярнуцца да Эўракамісіі з прапановай збудаваць у Літве больш магутны перадатчык, які б у 6-8 разоў палепшыў сыгнал радыёперадач на сярэдніх хвалях на Беларусь. Прадстаўнік “Нямецкай хвалі” Віктар Агаеў прапанаваў распрацаваць супольную прапанову для ўсіх замежных вяшчальнікаў далучыцца да агульнага беларускага праекту.

Аб неабходнасьці рыхтаваць кадры для пэрспэктыўных мэдыя-праектаў гаварыў віцэ-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў. Ён жа выказаў перакананьне, што новы канал спадарожнікавага тэлебачаньня будзе стварацца самімі беларусамі, на беларускім матэрыяле і на прынцыпах грамадзкага тэлебачаньня. Расейскі журналіст Павал Шарамет заклікаў пры вырашэньні гэтых праблемаў ня скідваць з рахункаў і Расею.

Тэлеканал спадарожнікавага тэлебачаньня па-беларуску разглядаецца цяпер як пэрспэктыўны праект. Колькасьць беларусаў, якія маюць так званыя “талеркі”, за апошнія тры гады вырасла ў пяць разоў, і цяпер сягае 5 адсоткаў насельніцтва. Такія лічбы прывёў сацыёляг Андрэй Вардамацкі. Паводле ягоных словаў, беларусы прагнуць альтэрнатыўнай інфармацыі, хаця і ня ўсе гатовыя для гэтага прыкладваць намаганьні.

Арганізатары віленскай сустрэчы прапанавалі сфармаваць пры нацыянальным камітэце аб’яднаных дэмакратычных сілаў каардынацыйную раду ў справе незалежнага тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь.
XS
SM
MD
LG