Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэі сьвяткуюць Новы Год


Любоў Лунёва, Менск Сёньня габрэі адзначаюць 5767 Новы Год. Рош ха-Шана (літаральны пераклад з іўрыту “Галава году”) – сьвята ўтварэньня сьвету, сымбаль таго, што на гэта была Боская воля і ўсё ў гэтым сьвеце мае сэнс і мэту, у тым ліку й жыцьцё і кожнае дзеяньне паасобку. Таму ўсе нашы ўчынкі, кепскія ці добрыя ўплываюць на тое, якім будзе гэты год. Нашая карэспандэнтка віншавала з Новым годам і размаўляла з прадстаўнікамі габрэйскіх суполак у Беларусі.

Для габрэяў Новы год мае філязофскі сэнс. Паколькі ўчынкі ўплываюць на жыцьцё, то будучым можна паправіць мінулае. Чалавек сам можа зьмяніць сваё жыцьцё. Гэтыя зьмены адбываюцца трыма спосабамі: тшува, тфіла і цдака (пакаяньне, малітва і дабрачыннасьць). Самы ўразьлівы момант сьвята Рош ха-Шана – трубны голас Шафара (гук з барановага рогу). Гэта заклік зазірнуць у сваю душу, прачнуцца ад духоўнага сну. У часе сьвяточнай вячэры прынята макаць халу, альбо яблык у мёд – гэта сымбаль таго, што год будзе салодкім. У дні сьвятаў не ядуць салёнага і горкага.

Гаворыць старшыня аб’яднаньня габрэйскіх суполак у Беларусі Леанід Левін:

(Левін:) “Я лічу, што гэты Новы год для ўсіх, хто жыве на беларускай зямлі, бо мы заўсёды яго адзначалі разам. Хачу пажадаць усім, як гаворыцца ў гэтыя дні, салодкага новага году, каб усё ў нас было добра, каб мы шанавалі адзін аднаго, каб мы жылі адной сям’ёй. Мы тут заўсёды сябравалі. Наш Новы год агульны для ўсіх. Таму, віншую!”

Пасьля Рош ха-Шана пачынаюцца навагоднія восеньскія сьвяты. Спачатку “дзесяць дзён пакаяньня”. Яны даюць чалавеку магчымасьць асэнсаваць падзеі мінулага году, паразважаць над сваім жыцьцём, перагледзець свае ўчынкі, папрасіць прабачэньня ў тых, каго пакрыўдзілі незнарок, альбо несьвядома. Пасьля гэтага надыходзіць самы сьвяты дзень габрэйскага календара – Дзень Збавеньня – Ём Кіпур. На пяты дзень – вясёлае сьвята Сукот. У гэты дзень прынята каля дому ставіць намёт, каб нагадаць габрэйскаму народу пра дні блуканьня па пустэчы ягоных продкаў пасьля выхаду з рабства.

У нядзелю, 24 верасьня аб 11 раніцы ў Тэатры юнага гледача Служба падтрымкі габрэйскай сям’і запрасіла на сьвята школьнікаў з Габрэйскай культурніцкай суполкі “Эмуна”, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў, выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў. А 26 верасьня на творчую справаздачу-кірмаш зьбіруцца ўдзельнікі праграмы “Творчасьць – гэта жыцьцё”. Гэта людзі, якія не пакідаюць свой дом з-за хваробы. Тэатральная студыя і танцавальны калектыў з суполкі “Хэсэд-Рахамім” пакажа спэктакль пра герoеў, зь якімі сустракаюцца габрэі, калі чытаюць тыднёвую главу Торы.
XS
SM
MD
LG