Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аблога" – 22 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Публіцыст расейскага інтэрнэт-выданьня ”Газета.ru” Валеры Панюшкін піша: “Я мяркую, калі-небудзь, калі рэжым Лукашэнкі ў Беларусі падзе, італьянцы Марыі К’еры Барначын варта паставіць у Менску помнік на плошчы Свабоды. Бо Марыя К’яры Барначын выконвае за беларусаў іх грамадзянскі абавязак – змагаецца за шчасьце беларускіх дзяцей альбо хоць бы аднаго беларускага дзіцёнка”. Гаворка ідзе пра 10-ці гадовую Віку Мароз, якая, знаходзячыся на аздараўленьні ў Італіі, адмовілася вяртацца на радзіму Італьянская сям’я, дзе гасьцюе Віка кажа, што ў Беларусі дзяўчынку чакаюць фізычны і маральны гвалт.

Аглядальнік электроннай газэты “Ежедневник” Аляксандар Бартановіч піша: “На пачатку 2006 году ў Беларусі налічвалася 35 тысяч дзяцей-сірот. Пры тым, 12 тысяч зь іх стаяць у чарзе ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня. І ня трэба мець вялікі розум, каб уцяміць, што адна чарга тут відавочна лішняя, не хапае іншай – зь беларускіх грамадзянаў, якія жадаюць усынавіць чужога дзіцёнка. Чаму беларускае кіраўніцтва не разумее, што каб не існавала складанасьцяў зь усынаўленьнем іншаземцамі, не было б падобнай сытуацыі зь Вікай Мароз”.

На сайце Хрысьціянскага Праваслаўнага Адукацыйнага цэнтру “Сьвятло жыцьця” з бласлаўленьня мітрапаліта Філярэта рэпрэзэнтуецца сэмінар “Адзінота альбо просьба пра любоў”. (Цытую) “Зрабіце свой першы крок да Бога і да людзей!” – заклікаюць арганізатары сэмінару, які каштуе $100 (з улікам падатку на даданую вартасьць) за тры дні”.

Водгукі карыстальнікаў сайту дзёньнікаў “Жывы журнал”:

“Магчыма, арганізатары атрымліваюць звышдаходы. Але я мяркую, што лічыць чужыя прыбыткі – пустая справа”.

“Можа яны гэтыя грошы на штосьці добрае ахвяруюць?”

“Гэта не апраўданьне”.

На сайце “Настаўнік” можна знайсьці дапаможнікі для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей на беларускай мове: “Сайт знаёміць з тэндэнцыямі адукацыі ў сьвеце, з інавацыйнымі тэхналёгіямі і мэтадамі выкладаньня, якія грунтуюцца на дэмакратычных каштоўнасьцях, а таксама вынікамі ўжываньня дадзеных тэхналёгіяў у Беларусі”.

Беларускі інфармацыйны рэсурс ”News.by” паведамляе, што ад сёлета 22 верасьня адзначаецца міжнародны Дзень сетак.

Цэнтрам урачыстасьцяў стаўся горад Нью-Ёрк, а кіруе мерапрыемствамі Сьюзан Кроўфурд, сябра Рады дырэктараў ICANN – міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі, якая рэгулюе пытаньні працы Інтэрнэту: “Сьюзан Кроўфурд адзначае, што асноўная мэта сьвята – напамін пра тое, што зьяўленьне інтэрнэту назаўжды зьмяніла грамадзтва”.

У беларускім сеціве зьявілася інтэрнэт-суполка ”Беларускія манархістыя”. Удзельнікі суполкі заклікаюць далучацца ўсіх прыхільнікаў аднаўленьня ў Беларусі манархіі.

Старшыня суполкі пад мянушкай aliaks піша: “Манархія – праца на аддаленую пэрспэктыву, але ж гэтую нішу трэба займаць. Трэба яднацца”.

Паэт і блогер alesarkush адгукаецца: “На манаршы трон Беларусі трэба запрасіць кагосьці з роду дацкіх каралёў, бо яны сваякі нашым Рагвалодавічам”.

На старонцы выкладзеная апытанка, які тытул мог бы мець будучы беларускі манарх. Пакуль рэйтынг такі. Больш за ўсіх выступаюць за тытул “Вялікі князь”. На другім месцы “цар” і “імпэратар”. “Кароль” і “султан” падзялілі трэцяе месца.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG