Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кагалета адбыліся дэманстрацыі ў падтрымку Вікі Мароз


Радыё Свабода Прыморскі гарадок Кагалета знаходзіцца недалёка ад Генуі. Ён вельмі жывапісны. Для тысячаў турыстаў, што прыяжджаюць сюды штогод, гэтыя мясьціны ўяўляюцца райскім кутком – доўгія пясчаныя пляжы, цёплае мора, жывапісная прырода, заўсёды сьвяточная атмасфэра. Апошні тыдзень назва Кагалета ў італьянцаў асацыюецца з цэнтрам барацьбы за лёс беларускай дзяўчынкі-сіраты.

Італьянцы разумеюць, што барацьба гэтая можа мець сур’ёзныя наступствы для дзесяткаў тысячаў беларускіх дзяцей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы і якія прыяжджаюць у Італію каб паправіць здароўе. Таму ў самім Кагалета не сьціхаюць эмоцыі цэлы тыдзень. Карэспандэнт нашага радыё Джэфры Донаван гутарыў з жыхарамі гарадку.

Вось што расказала яму прадстаўніца гарадзкой мэрыі Аніта Вэнтуры:

(Вэнтуры: ) “У аўторак 19 верасьня жыхары гораду наладзілі акцыю. Болей за тысячу чалавек прайшлі праз цэнтар гораду ў поўным маўчаньні з запаленымі сьвечкамі і з плякатамі, на якіх былі напісаныя замацаваныя ААН правы дзіцяці”.

Жыхары Кагалета турбуюцца як за лёс гэтай дзяўчынкі, так і за пастаўленую пад пытаньне магчымасьць іншых беларускіх дзяцей прыяжджаць на аздараўленьне ў Італію. Так, гаспадар мясцовага гатэлю Луіджы Масалеці сказаў нашаму карэспандэнту, што бальшыня месьцічаў – на баку італьянскай сям’і, якая ня хоча вяртаць дзяўчынку ў Беларусь.

(Масалеці: ) “Мы разумеем пазыцыю гэтых людзей, якія ведаюць усё, што здарылася зь дзяўчынкай, як і тое, што яны болей ня ўбачаць дзяўчынку, калі яна вернецца дамоў. Увесь горад зь сям’ёй”.

Масалеці падкрэсьліў, што беларускія ўлады неабдумана сталі дзейнічаць, калі паставілі пад пагрозу існаваньне самой праграмы аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей у Італіі. Таму многія італьянцы сёньня кажуць, што перш, чым зрабіць наступныя крокі ў гэтай справе, трэба падумаць, каб не пацярпелі іншыя беларускія дзеці.

Вось меркаваньне мясцовага пастара Даніла Грылё:

(Грылё: ) "Мы моцна спадзяемся, што пра гэтую маленькую дзяўчынку паклапоцяцца ў Італіі і што яна тут будзе мець тое, што неабходна кожнай дзяўчынцы ці жанчыне: цеплыню, любоў, сям’ю”.

Сьвятар заклікае беларускія ўлады не выкарыстоўваць дзяцей дзеля помсты.

(Грылё: ) "Я спадзяюся на разумнае рашэньне і адносна Марыі, і адносна 30 тысячаў іншых дзяцей. Наша акруга прымае і іншых беларускіх дзяцей. Мы стараемся, каб пяць, шэсьць ці дзесяць дзяцей адпачылі ў нас за лета. Мы хочам супрацоўнічаць. Наша хваляваньне не сэнтымэнтальнае, мы перажываем за жыцьцё дзяўчынкі”.
XS
SM
MD
LG