Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масіма Сантора: “Віка мусіць вярнуцца на радзіму” (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё намесьнік кіраўніка дыпляматычнай місіі Італіі ў Беларусі Масіма Сантора назваў выпадак з выхаванкай Вілейскага інтэрнату Вікай Мароз “надзвычай складаным”. Нагадаем, жыхары мястэчка Кагалета, што пад Генуяй, Алесандра Джуста й Марыя Барначын некалькі апошніх гадоў прымалі ў сябе дома Віку. Сёлета яны адмовіліся вяртаць дзяўчынку на радзіму, паколькі лічаць, што ў Вілейцы дзяўчынцы пагражае фізычны й псыхалягічны гвалт.

Італьянскі дыплямат згадаў: ягоная краіна прымае беларускіх дзяцей на адпачынак і аздараўленьне з пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Дзеці прыяжджаюць максымум на тры-чатыры тыдні. Але і за гэты кароткі час паміж імі і іхнымі апекунамі звычайна ўсталёўваюцца цёплыя дачыненьні.

Выпадак зь Вікай Мароз — надзвычайны. Ён выклікаў самыя разнастайныя эмоцыі. Але існуе і закон, падкрэсьлівае Масіма Сантора:

(Сантора: ) “Згодна як з італьянскім, так і зь беларускім заканадаўствам, дзяўчынка мусіць вярнуцца ў Беларусь. Гэта ж вынікае і зь міжнароднага права. Я таксама магу дадаць, што так лічаць ня толькі беларускі ды італьянскі ўрады. Гэта адчуваньні і многіх італьянскіх сем’яў, якія нармальна прымаюць беларускіх дзяцей. Яны вельмі зацікаўленыя ў вырашэньні гэтага выпадку, таму што разумеюць сваю адказнасьць за вяртаньне беларускіх дзяцей дамоў, калі час іхнага падарожжа ў Італію заканчваецца”.

Італьянская сям’я, у якой адпачывала Віка Мароз, заяўляе, што спрабавала ўдачарыць беларускую дзяўчынку. Што вядома на гэты конт у амбасадзе Італіі? Спадар Сантора адказвае:

(Сантора: ) “З таго, што мы маем у нашай амбасадзе, мы ня можам дакладна адказаць. Італьянская сям’я заяўляе, што яна падала дакумэнты на ўдачарэньне Вікі яшчэ тры гады таму. Але я хацеў бы падкрэсьліць, што ўсынаўленьне і прыём беларускіх дзяцей у Італіі — гэта вельмі розныя рэчы. Нагадаю, што справы ўсынаўленьня вырашаюцца заканадаўствамі абедзьвюх краінаў, у прыватнасьці, беларуска-італьянскім пратаколам, падпісаным у канцы сьнежня”.

Як можа гісторыя Вікі Мароз паўплываць на падарожжы беларускіх дзяцей у Італію ў будучыні? Намесьнік амбасадара Італіі адзначае, што перадусім гэта залежыць ад беларускіх уладаў:

(Сантора: ) “Што да нашых спадзяваньняў, дык мы спадзяемся, што дадзеная справа вырашыцца. І тады мы маглі б думаць не пра наступствы, паколькі мы пакуль ня можам ведаць, якімі яны будуць. І наш інтарэс ня ў тым, каб думаць пра наступствы, а ў тым, каб вырашыць канкрэтнае пытаньне. Таму я хацеў бы асабліва падкрэсьліць, што самым галоўным былі й застаюцца інтарэсы дзяцей. Таму я спадзяюся, што мы працягнем пазытыўна працаваць дзеля дзіцячых інтарэсаў”.
XS
SM
MD
LG