Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У нас зараз людзі адмаўляюцца ад так званых “прэзыдэнцкіх домікаў”, якія па загаду прэзыдэнта былі пабудаваныя па прынцыпу "чым таньней"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 22 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”. Адкажыце, калі ласка, на два пытаньні. Ці праўда, што па заяве Лукашэнкі Кітай уваходзіць у шэраг дзяржаў Руху недалучэньня? Гэта першае пытаньне, і другое. Ці стануць беларускія тавары больш канкурэнтаздольнымі, калі ў нас будзе пабудавана атамная станцыя? І такая прапанова: можна ўвесьці рубрыку “Лухта нашага кіраўніцтва”. Усё, дзякую. Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Спадар Віктар, Вы як журналіст спрабавалі ў свой час выдаваць часопіс “Бурачок”. Існавалі таксама газэты “Талака”, “Свабода”, “Навінкі”, ну і гэтак далей. Быў нейкі кураж, імпэт. Што, на Ваш погляд, адбываецца цяпер з прэсай? Як падтрымаць незалежныя выданьні? Вы ж цяпер і ў БНФ пры пасадзе, маеце ўплыў і ў кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Дзякуй”.

(Вячаслаў: ) “Пабыў наш Бацька на саміце дзяржаў Руху недалучэньня, і розум яго прасьвятлеў. Цяпер ён зразумеў, што тэхналёгіі за мяжой лепшыя, чым нашыя, і кажа, што трэба купляць… Нават нашыя перадавыя сьвінагадоўчыя фэрмы ўжо ня лепшыя ў сьвеце. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “На якіх частотах і хвалях і ў які час, калі не пастаянна, Вы вяшчаеце? Давайце, калі ласка, аб’явы ў “Камсамолцы.” Нармальная газэта, я думаю, Вам было б ня сорамна ў ёй друкавацца, а нават наадварот. І як мне паразмаўляць ужывую з чалавекам, каб даведацца пра Вашае вяшчаньне. Кампутара ў мяне няма, у Інтэрнэце я не магу паглядзець. Дзякуй. Да пабачэньня”.

(Марыя Іванаўна Бартось зь в. Квасоўка Гарадзенскага р-на: ) “Хвіліну таму я слухала перадачу “Званок на “Свабоду”. Выступала маладая жанчына і вельмі хваліла Лукашэнку, і казала, як добра жывецца пры Лукашэнку, што ўсё чыстае, і вуліцы чыстыя, дамы будуюцца, і так добра, і як брыдка, што мы маем прэтэнзіі да Лукашэнкі. А ці ведае гэтая жанчына, як мы жывем? Яе гэта не цікавіць, што мы жывем бедна, што ў нас не хапае грошай дажыць да канца месяцу! Як ня брыдка прыкрываць гэта ўсё! Калі Вам добра жывецца, то Вы памаўчыце. Мы раскажам, як мы жывем. Ні пракуратуры, ні судоў, нічога няма! Лукашэнка толькі выступае па тэлебачаньні, кожны дзень мы бачым яго! Але я ўжо тэлебачаньне не ўключаю. Чаму ж Лукашэнка, калі прыехаў у вёску Квасоўка Гарадзенскага раёна, не захацеў зь людзьмі гаварыць? Ён толькі выступаў, а дзе тое, што мы хацелі яму сказаць? Такога не было. Я стаўлю пытаньне да гэтай жанчыны: чаму Лукашэнка з намі не гаворыць? Як мы жывем? У якіх умовах? Як ня брыдка людзям вось так за ўсіх адказваць, што людзям так добра жывецца?!”

“Добры вечар, Радыё Свабода. Мы, усе людзі, хочам ведаць, як даехаць у тую турму, дзе сядзіць Казулін. Як даехаць ад Віцебску ў тое месца? І ці можам мы ў той дзень пабачыцца зь ім, ці пусьцяць нас туды? І якую перадачу мы можам яму туды перадаць, што прымаюць і як? Радыё Свабода павінна нам сказаць. Мы будзем слухаць Радыё Свабоду і чакаць. Таму што мы свайго лідэра ня кінем у бядзе. Мы прыедзем усе туды. Калі ласка, скажыце, як даехаць, як нас прымуць і гэтак далей. Мы усе паедзем, таму што гэта разумны чалавек, гэта наш лідэр. І за што яго пасадзілі ў турму, усім зразумела, таму што ён за людзей. Усяго Вам найлепшага. Мы будзем чакаць адказу”.

(Спадар: ) “А чаму Вы не камэнтуеце Чавэса ў сваіх СМІ? А Буша вы камэнтавалі па ўсіх сваіх перадачах. А Чавэса нават на “Нямецкай хвалі” абмяркоўвалі, нешта казалі пра яго… А чаму Вы не гаворыце? Ён жа сказаў праўду. Ці Вам праўда, як заўжды, вочы коле? Раскажыце і адкажыце на маё пытаньне”.

(Ларыса зь Менску: ) “Чарговае рашэньне суда ў дачыненьні да Казуліна засталося нязьменным. За хуліганства такі вялікі тэрмін– 5,5 год – вельмі жорстка. Тым больш, што ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў зь яго боку не было. Натуральна, што судзілі не зважаючы на ніякія падрабязнасьці, апускаючы ўсе моманты, якія б маглі зьмякчыць прысуд. Яшчэ без расьсьледаваньня і яшчэ спачатку гэты прысуд ужо агучваўся. Дзіўна тое, што было сабрана шмат подпісаў сярод насельніцтва ў абарону Казуліна. Таксама заходнія дзеячы выказваліся ў яго абарону. І ўсё гэта ня мела ніякага плёну. Наколькі ж наша судовая сыстэма залежная! Што сказалі, тое і выконваюць. Вельмі шкада, што таленавіты чалавек, які мог бы быць карысным на ніве вышэйшай адукацыі, будзе адбываць вялікі тэрмін, марнуючы час і займаючыся не ўласьцівай прафэсару працай. Але трэба спадзявацца, што наш прэзыдэнт знойдзе мужнасьць дараваць Казуліну, і праз невялікі тэрмін ён будзе на свабодзе. Нельга руйнаваць жыцьцё ні ў чым не вінаватага чалавека”.

(Спадар з Воршы: ) “Добры дзень. Сёньня раніцай парадаваўся, калі пачуў Пазьняка, які казаў пра бел-чырвона-белы сьцяг. Ён мае рацыю. Мы яшчэ нічога не згубілі, мы вернем. У нас у Воршы глушаць поўнасьцю. У нашым раёне, раёне Заходнім, бальніцу зачыняюць. Быццам прэзыдэнт сказаў, што ваенны будынак. Але для нас бальніца – гэта адзінае месца, дзе мы можам лячыцца і куды зьвяртацца. І атрымліваецца, што лячыцца нам прыйдзецца ў цэнтры. А бальніца там таксама малая… І народу дзецца няма куды… Яны кажуць: “Мы вас уладкуем.” Так, у калгас уладкуюць. А сам прэзыдэнт у калгас ня едзе. Няхай бы сам паехаў, папрацаваў бы, а не на той пасадзе, на якую яго паставілі. Дзякую. Да пабачэньня”.

(Конышка Юры з Воршы: ) “Ходзяць чуткі, што зьявілася Біблія з партрэтамі Філарэта і Аляксандра Рыгоравіча, нашага прэзыдэнта. Так гэта ці ня так? Просьба адказаць на гэтае пытаньне. Дзякую”.

(Валеры Грыцук: ) “Добры вечар, паважаныя грамадзяне. Прапаную кароткую прававую адукацыю для ўсіх. Па канстытуцыі Беларусь пасьля 2004 года, артыкул 81, прэзыдэнт выбіраецца на 5 гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. Пра колькасьць тэрмінаў няма нічога. Але ёсьць Закон аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У апошняй рэдакцыі, падкрэсьліваю, у апошняй рэдакцыі 9 кастрычніка 2000 года ёсьць артыкул 8. На жаль, толькі на рускай мове. Цытую: “Тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта 5 год. Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны”. І ўсё. Таму я зьвяртаюся найперш да ўсіх беларусаў, якія жывуць у іншых краінах. Тэрмінова, спадарства, арганізуйце прэсавыя канфэрэнцыі наконт таго, што Аляксандр Лукашэнка ад 21 верасьня ўзурпатар і незаконна зьяўляецца прэзыдэнтам. І гэта павінна быць распаўсюджана, як мага больш. Ад гэтага дня Лукашэнка ня ёсьць прэзыдэнт. Ён прымусова трымае ўладу. А ўсім апазыцыянэрам прапаную наступнае. Калі ласка, сябры, вырашыце асабіста для Вас, для Вашага сумленьня, ці ёсьць дыктатура на Беларусі ці не. Калі ёсьць дыктатура, то патрэбна, адпаведна, кансьпірацыя і змаганьне, а ня гульні. Трэба змагацца”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Тэлефанавала на “Свабоду” жанчына, пэўна, студэнтка. Расказвала, як яна задаволена Лукашэнкам, выдатны чалавек, “бацькам” назвала. Пэўна, і ня ведае зусім, што з 20 верасьня ня толькі “бацькам”, але і “айчымам” ён не зьяўляецца. Кажа, што стыпэндыю дае, вуліцы, дамы чыстыя. Вось і ўсё, што яна ведае, чым захапляецца. Беларускае радыё, тэлебачаньне робіць усё, каб моладзь Беларусі была падобная да студэнткі, якая тэлефанавала. Яна нават не магла нармальна выказаць сваю думку, вельмі бедны слоўнікавы запас. Напэўна, мала ці амаль нічога не чытае. І яшчэ скардзіцца: “Вас немагчыма слухаць”. Ну дык і ня трэба слухаць. Слухаць ня можа, і ўсё-ткі слухае, а значыць, ёй цікава. І мая парада гэтай студэнтцы: часьцей слухаць Радыё Свабоду, больш будзе ведаць праўдзівай інфармацыі пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі. Мужчына патэлефанаваў і сказаў вельмі дзіўныя словы: “Вас брыдка глядзець”. Ну, камэнтаваць няма чаго”.

(Спадарыня: ) “Жывеш у краіне суцэльных забаронаў. Калі выгодна было чалавеку адвесьці 50 кг масла ў Маскву на продаж, яго хапалі на пэроне міліцыянты. 16 верасьня цягнік, які вёз мяне на Фэст, “абыходзілі з дазорам тры багатыры” ў камуфляжы і скураных кашулях “а-ля Фэлікс Дзяржынскі”. Шукалі Мікіту Сасіма, а маглі б шукаць бандыта Марозава.

Сёньня і Богам пакрыўджанай сіраціне забараняюць у шчасьці, хаця б на чужыне. Нібыта ня ведаюць, што ёй, незаможнай, няма шанцаў і замуж выйсьці, бо ў нас і на разумных жаніхоў не хапае”.

(Пратацэвіч Мікола зь Віцебскай вобл.: ) “Вось нядаўна тут расказвалі пра Трусава. Трусаў сьцьвярджаў, што трэба садзіцца апазыцыі за стол перамоваў, і параўноўвае гэта з польскай “Салідарнасьцю”. Ня дзіўна, што сталы чалавек ня бачыць, што Лукашэнка ніколі ня сядзе і ня будзе размаўляць з апазыцыяй. Дастаткова паглядзець, як ён паводзіць сябе з Расеяй. А з апазыцыяй ён ад пачатку свайго прэзыдэнцтва і не размаўляў, хоць і сьцьвярджаў, што прыйшоў з апазыцыі. Пра польскую “Салідарнасьць”. Ярузэльскі хоць і быў стаўленікам Масквы і камуністам, але ён быў палякам, які любіў сваю Радзіму і Бацькаўшчыну. А наш ня любіць. Ён не забіў ні Валэнсу, ні іншых лідэраў апазыцыі, не пасадзіў у турму ці ў вар’яцкі дом, як у Расеі саджалі. А “Салідарнасьць” падтрымлівалі ўвесь сьвет і царква, а нас хто падтрымлівае? Трусаў высьмейвае апазыцыю, што ў іх справы ўмешваецца КДБ. А хіба не? У КДБ вялікі досьвед працы супраць апазыцыі ў СССР, досьвед правакацыі, нават царкоўныя служкі былі іх агентамі. Дзякуй”.

(Спадар зь Пінскага раёна: ) “Добры дзень. На гэтым тыдні Вы абмяркоўвалі ў перадачы “Праскі акцэнт” выказваньні Юрыя Сівакова пра Гітлера. Але што Юры Сівакоў? Ён толькі падпявае нашаму прэзыдэнту. Наш прэзыдэнт, як мы ведаем, яшчэ раней выказваў захапленьне Гітлерам як цудоўным эканамістам. І гэта яшчэ ня ўсё, я лічу. У нашай рэспубліцы прэзыдэнт аднавіў культ асобы Сталіна і ўжо ставіць яму помнікі, плюючы на дзесяткі мільёнаў загіблых у гады сталінскіх рэпрэсій, таксама на дзесяткі мільёнаў тых, хто прайшоў праз сталінскія лягеры і выжыў, а таксама плюючы ў душы сваякам тых людзей, што загінулі ў сталінскіх канцлягерах. Я не зьдзіўлюся, калі ў нас празь некаторы час у рэспубліцы будуць ставіцца помнікі Гітлеру як цудоўнаму, выдатнаму эканамісту. Гэта ўсё пацьвярджае тое, што ў прынцыпе мэтады ў нашага прэзыдэнта такія ж, як і ў Гітлера, як і ў Сталіна. Нешта нагадвае. Асабліва сталінскія, бо таксама выкарыстоўваецца перасьлед, рэпрэсіі ў дачыненьні да іх сем’яў і гэтак далей. Так што зьдзіўляцца асабліва тут няма чаму. Дзякуй за ўвагу”.

“І яшчэ. У нас у Пінскім раёне ў былым саўгасе-мільянэры “Парахомскі” зараз людзі адмаўляюцца ад так званых “прэзыдэнцкіх домікаў,” якія па загаду прэзыдэнта былі пабудаваныя па прынцыпу "чым таньней". Яны зробленыя з сылікатных блёкаў, унутры ў іх тоненькія сьцены зь гіпсакардону, у якія нельга ні цьвіка ўбіць, ні шруба ўкруціць. Вось людзі адмаўляюцца, тым больш, што на двары ў такіх доміках няма ні склепа, ні хлеўчука нават нармальнага, а ўсё гэта прыйдзецца гаспадарам будаваць за свае грошы. Таксама яны халодныя, і ўнутры ў доміках вадзяное ацяпленьне. А мы ведаем, што вада будзе цёплай толькі тады, калі яе пастаянна бесьперапынна падаграваць. Гэта значыць, што на ацяпленьне будзе ісьці ня толькі ўвесь заробак, а што яго нават ня хопіць. Толькі на адно ацяпленьне шукаць яшчэ дадатковыя сродкі. Таму людзі і адмаўляюцца ад іх.

І яшчэ ў гэтым былым саўгасе-міліянэры, які ў савецкія часы быў вельмі багаты, стаіць як помнік недабудаваная бальніца трохпавярховая, якую абяцаў адзін з дэпутатаў Двараніновіч адбудаваць, калі яго выберуць дэпутатам. І ён ужо ні адзін раз выбіраўся дэпутатам, а сваё слова не стрымаў. Вось такія падзеі адбываюцца ў нашым Пінскім раёне. Дзякуй за ўвагу.”

(Спадарыня: ) “Свабода”, прывітаньне. Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт лёсу дзяўчынкі Вікі Мароз. Нават калі ў Вялейскім інтэрнаце для адной асобна ўзятай дзяўчынкі створаць самыя найлепшыя ўмовы, усё роўна ў Беларусі ў будучыні яе нічога добрага не чакае. Ня мае значэньня, хто тут будзе пры ўладзе. Калі ёсьць міласэрная краіна і сям’я, гатовая ўзяць на сябе клопаты пра чалавека з парушэньнямі разьвіцьця, то трэба толькі радавацца. Пасьля таго, што з намі адбылося за апошнія гады, нам на выхаваньне нават простага спачуваньня спатрэбіцца шмат часу, ня кажучы ўжо пра магчымасьць стварыць нармальныя ўмовы для жыцьця людзей з парушэньнямі. Да пабачэньня”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўнае спадарства Радыё Свабоды. Добры дзень. На пытаньне тыдня што можна сказаць? Маладая сям’я, ён і яна разам павінны зарабляць, як мінімум, 4-5 мільёнаў рублёў, каб жыць больш-менш нармальна. Нам, пэнсіянэрам не ваенным, лукашысты практычна ўстанавілі аднолькавыя пэнсіі, за якія практычна жыць не магчыма, калі ня мець свайго агароду, гэта значыць, бульбу, агуркі і гэтак далей. За пэрыяд лукашыстаў я нічога не купляю, акрамя прадуктаў харчаваньня. Я атрымліваю 315 тысяч рублёў, жонка – каля гэтага. Асноўная грамада атрымлівае яшчэ менш. Калі я трапіў у бальніцу платную, то больш за мільён прыйшлося плаціць. Гэта 4 месячныя пэнсіі. Калі лукашысты кажуць, што жыцьцё паляпшаецца з кожным днём, гэта нахабная хлусьня. Дзякую за ўвагу.”

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Раніцай я ўключыла прымач, мяне абурылі словы адной слухачкі, якая так сказала: “Усе хочуць мець добры заробак, але ня ведаюць, адкуль усё бярэцца, бо 12 год таму Беларусь была жабрацкай”. Ды ніколі Беларусь не была жабрацкай! Беларусь была даведзеная да гэтага стану Саветамі. Я памятаю… Калі ўжо размова зайшла пра мэркантыльнае, я скажу наступнае. Памятаю, як яшчэ за савецкімі часамі, я ў школе працавала, мы настаўнікі складваліся і наймалі аўтобус, добра, што ён яшчэ быў танны, танныя перавозкі, езьдзілі ў Прыбалтыку за таннай прыбалцкай каўбасой. Прыбалтыка яшчэ супраціўлялася, і ў іх нешта было. І ў крамах нам было сорамна, калі мы ўсе стаялі ў чарзе за гэтай каўбасой. Гэта было ў савецкія часы. Цытрусавыя… нават за такім трэба было выстаяць чаргу, каб гэта купіць. Якая мана! Адзеньне! Трэба было ў канцы месяца хадзіць па крамах, каб нешта ўхапіць. Гэта быў “савецкі рай”. А куды ўсё дзелася? Мясакамбінаты ж працавалі на ўсю магутнасьць, куды ўсё дзявалася зь Беларусі? Куды дзявалася за савецкімі часамі? Мы зараз гутарым пра “савецкі рай”. Якая цяпер мана! На вёсцы ўсё парасло быльлём, людзі маральна дэградавалі, з ранку п’яныя выходзяць на працу. І мы сёньня кажам пра нейкія дасягненьні ў гаспадарцы!..”

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Я пачула, што сёньня 100 палітінфарматараў(падаецца так, што 100) разьедуцца па ўсёй Беларусі і будуць расказваць пра дасягненьні ў сельскай гаспадарцы. Божа, якая мана! Я бываю у сваіх сваякоў на вёсцы і бачу, што робіцца. Асабліва ў гэтым годзе, калі Бог ня даў, засушыла, а потым заліло. Людзі ад пастаяннай маны дэградуюць, выходзяць на працу нападпітку, заробкі ў іх нізкія…Калгасныя фэрмы ўрастаюць у зямлю, усё зарастае травой… І нам сёньня кажуць пра нейкія дасягненьні! Калі мы нешта маем, дык гэта адвечную беларускую працавітасьць. Людзі са сваіх падворкаў здаюць малако, жывёлу, і мы нешта маем. Дакуль будзе гэтая мана?! Божа, як гэта Бог усё трывае?! Гэта як перад канцом сьвету! Прабачце мяне. Усяго добрага”.
XS
SM
MD
LG