Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італія: дабрачынныя асацыяцыі — за вяртаньне Вікі ў Беларусь


Радыё Свабода Шэраг італьянскіх дабрачынных чарнобыльскіх арганізацыяў накіраваў пэтыцыю да прэзыдэнта Італіі, а таксама міністра юстыцыі і міністра сям’і. Яны заклікаюць кіраўніцтва рэспублікі вырашыць сытуацыю зь Вікай Мароз у адпаведнасьці зь міжнародным правам. У размове са “Свабодай” прадстаўніца Генуэскай асацыяцыі дапамогі чарнобыльскім дзецям сэньёра Фрацоні заявіла:

(Фрацоні: ) “Ўсё гэта становіцца праблемай для тых сем’яў, якія дзейнічаюць у адпаведнасьці з законам. Вось ужо 8 гадоў мы дапамагаем аднаму дзіцячаму дому на Гомельшчыне. Нашы сем’і хочуць і надалей гэта рабіць, запрашаць да сябе беларускіх дзяцей”

Тым часам італьянскі палітык Сандра Чосі лічыць, што выпадак зь Вікай Мароз стаў падставай для таго, каб абмеркаваць праблему на агульнаэўрапейскім узроўні.

(Чосі: ) “Гэта ня ёсьць праблемай міждзяржаўных беларуска-італьянскіх дачыненьняў, гэта праблема сумеснага агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва супраць гвалту над дзецьмі”

Тым часам сям’я Джуста-Барначын з Кагалета па-ранейшаму не выдае выхаванку Вялейскага інтэрнату. Муж і жонка сьцьвярджаюць, што дзяўчынка адчувае сябе добра ў схованцы, а таксама крытыкуюць царкву за яе пасіўную ролю ў пасярэдніцтве паміж імі ды дзяржаўнымі структурамі Італіі і Беларусі.

Як пішуць італьянскія СМІ, канчатковае слова ў гэтай справе мусіць сказаць апэляцыйны суд Генуі. Ягонае паседжаньне адбудзецца 26 верасьня.
XS
SM
MD
LG