Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Сіўчык: ганаруся, што мяне заўсёды асуджалі незаконна


Радыё Свабода Апазыцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык вызвалены з турмы на вуліцы Акрэсьціна пасьля 10-дзённага адміністрацыйнага арышту. Палітык быў зьняволены на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 22 сакавіка. Вячаслаў Сіўчык вінаватым сябе не прызнае й зьвярнуўся з адпаведнай скаргай у пракуратуру і гарадскі суд.

За ўдзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Вячаслава Сіўчыка судзілі тройчы: суд Цэнтральнага раёну завочна прысудзіў яму 10 сутак арышту, а Менскі гарадзкі гэтае рашэньне адмяніў. 12 верасьня палітыка затрымалі, а празь пяць дзён зьняволеньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Іна Шайко дала яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту наноў. Вось як гэта пракамэнтаваў Вячаслаў Сіўчык пасьля свайго вызваленьня:

(Сіўчык: ) “Мяне ня першы раз судзілі пры лукашэнкаўскім рэжыме. Але я ганаруся тым, што мяне заўсёды асуджалі незаконна. Я проста спрабаваў на сваім узроўні весьці змаганьне з той бюракратычнай машынай, якая ёсьць другаснай у правядзеньні імпэрскай палітыкі ў Беларусі. І па вялікім рахунку, мне гэта ўдалося, бо першае рашэньне суду было прызнана незаконным. А пры лукашэнкаўскім рэжыме такога дамагчыся даволі цяжка”.

Паводле Вячаслава Сіўчыка, толькі сёньня, пасьля вызваленьня, яму вярнулі пашпарт, які міліцыянты адабралі падчас затрыманьня 23 сакавіка. Разам з адвакаткай Верай Страмкоўскай ён накіраваў скаргу ў пракуратуру й гарадзкі суд Менску. Гаворыць Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Мы зьвярнуліся з гэтымі скаргамі, каб была пастаўленая кропка ў гэтай справе. І было вызначана, ці на самай справе гэты чалавек павінны быў прыцягвацца да адказнасьці. І ці законная і абгрунтаваная пастанова, якую вынес суд. Мы лічым, што не, а таму мы абскардзілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG