Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце:асудзілі 45 мытнікаў, памежнікаў і аўтаперавозчыкаў


Радыё Свабода У Берасьцейскім міжгарнізонным вайсковым судзе скончыўся разгляд крымінальнай справы адказных асобаў, якія працавалі на пункце памежнага і мытнага афармленьня “Макраны” на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Як высьветлілася ў часе сьледзтва, цягам 2002 году абвінавачаныя памежнікі й мытнікі неаднаразова афармлялі дакумэнты на транзыт грузаў з Літвы ва Ўкраіну празь Беларусь. Між тым, паводле зьвестак сьледзтва, 50 грузавых аўтамабіляў не перасякалі беларуска-ўкраінскай мяжы і тавар, які знаходзіўся ў гэтых машынах, быў рэалізаваны ў Беларусі без спагнаньня мытных пошлінаў.

Агучаная ў судзе сума матэрыяльных стратаў для беларускага бюджэту складае амаль 3 мільярды рублёў (у коштах 2002 году).

Мытнікаў суд прызнаў вінаватымі ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі падчас афармленьня мытных дакумэнтаў. Памежнікаў абвінавацілі ў парушэньні правілаў нясеньня памежнай службы. Што да пяці аўтаперавозчыкаў, тыя вінаватыя ва ўхіленьні ад выплаты мытных плацяжоў.

Паводле выраку суду 39 чалавек зьняволеныя ад аднаго да шасьці з паловай гадоў, і пакараньне маюць адбываць у калёніі. Яшчэ чатыры асобы асуджаныя да абмежаваньня волі тэрмінам да пяці гадоў. Два абвінавачаныя мусяць сплаціць штраф 9 мільёнаў 300 тысяч і 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў кожны.
XS
SM
MD
LG