Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе”


Радыё Свабода Адам Глобус -- удзельнік перадачы “У што я веру”

Веру я ў сябе.

Так сказаў і наш паэт Янка Купала: “І веру ў самога сябе”.

Я веру ў сваю сям’ю. Веру ў нашых родных і крэўных. Веру ў радзіну й Радзіму.

У дзяцінстве я верыў: мая маці Ніна – прыгожая, а мой тата Чэсь – разумны. Потым шмат хто спрабаваў давесьці мне адваротнае. Спрабаваць яны спрабавалі, але так нічога й не давялі. Усе гэтыя намаганьні сканчваліся так: імёны гэтых нахабных людзей натаваліся ў сьпіс маіх асабістых ворагаў. Іх – ворагаў – у мяне шмат, а мама Ніна – адна, і тата Чэсь – адзін. Як адна радзіна й адна Радзіма.

Колькі сябе памятаю, заўсёды верыў у кнігу. Гэта ў мяне ад маці Ніны, якая ўсё жыцьцё прапрацавала сярод кніжак, у бібліятэках.

У маладосьці я паверыў у слова. Вельмі паважаю тых, хто працуе са словам. Гэта ў мяне ад таты Чэся, пісьменьніка.

Я веру ў тое, што напачатку стаіць слова. Не было. І ня будзе. А ёсьць слова. Слова ёсьць, і я ў яго веру. Веру ў слова выказанае, прамоўленае, сказанае. Таму я веру ў сваю мову. І веру ў нашу казку. Заўсёды я верыў у казку. Казкі мне расказвалі бабы: Ядзьвіга й Браніслава. Я верыў сваім родным бабам. Верыў у казачныя вобразы, у іхнюю моц і чарадзейнасьць. Сваю веру ў жыцьцяздольнасьць і дзейснасьць казачных вобразаў я захоўваю й аберагаю.

У казку з кепскім канцом я веру больш, чым у казку з добрым канцом.

Яшчэ я веру ў песьню. Веру ў лірычны настрой, зь якога нараджаюцца песьні й казкі. Менавіта лірычныя настроі адрозьніваюць чалавека ад жывёліны. Менавіта зь лірычных настрояў нараджаюцца словы.

Сваю веру ў слова, казкі, песьні, мову, радзіну й Радзіму я імкнуся перадаць сваім дзецям і ўнуку. Іх я вучыў іх і буду вучыць верыць у сябе.

Людзям я ня веру. Людзі лгуць. Ня верыш? Дарма! Лгуць людзі. Усе лгуць. Ім я ня веру.

Я веру сабе.

***

Пісьменьнік і выдавец Адам Глобус – нарадзіўся ў Койданаве ў 1958 годзе. Скончыў Акадэмію мастацтваў, працаваў рэстаўратарам, журналістам, цяпер – выдавец. Аўтар паэтычных зборнікаў "Парк" і "Скрыжаваньне", а таксама аўтар празаічных кніжак "Адзінота на стадыёне", "Толькі не гавары маёй маме", "Дамавікамэрон" ды іншых. Перакладзены на 20 моваў, у тым ліку на ангельскую, нямецкую і чачэнскую.

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне»
XS
SM
MD
LG