Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белаазёрску, Гарадку і Менску плянуюцца пікеты ў падтрымку Алеся Чыгіра


Галіна Абакунчык, Менск Дэпутаты гарадзкіх саветаў у Белаазёрску, Гарадку і Менску падалі заяўкі на правядзеньне пікетаў у падтрымку Алеся Чыгіра. Гэткім чынам яны плянуюць выказаць салідарнасьць зьняволенаму палітыку, а таксама дамагчыся ягонага аднаўленьня на працы. Дэпутаты таксама зьвяртаюцца да сваіх калегаў у іншых гарадах краіны з заклікам далучыцца да акцыі салідарнасьці.

Дэпутат Бабруйскага гарсавету, настаўнік гісторыі Алесь Чыгір атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за акцыю пратэсту супраць свайго звальненьня са школы і цяпер знаходзяцца ў турме. Дома яго чакаюць трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Данута Чыгір кажа, што маральная падтрымка сяброў і нават незнаёмых людзей цяпер вельмі важная для сям’і.

(Чыгір: ) “Людзі падтрымліваюць: і да Алеся хадзілі, і тэлефануюць з розных куткоў Беларусі. Ня так шмат, але тэлефануюць людзі з гораду і кажуць, што яны салідарныя з намі. І гэта не такія блізкія сябры і паплечнікі, але яны тэлефануюць і кажуць, што падтрымліваюць нас”.

Паводле спадарыні Чыгір, днямі яна атрымала невялікія грошы з апошняга месца працы мужа і зараз ня ведае, як сям’я будзе жыць далей. У аналягічным становішчы апынуўся таксама дэпутат мясцовага савету ў Гарадку Віцебскай вобласьці Леанід Гаравы. Працэдура звальненьня дэпутатаў у абодвух выпадках была парушаная, лічыць спадар Гаравы. А таму ён стаўся адным зь ініцыятараў супольнай акцыі салідарнасьці.

(Гаравы: ) “Наколькі я ведаю, не было ніякай згоды на ягонае звальненьне дэпутатаў Бабруйскага гарсавету. А ў гарантыях працоўных правоў дэпутата дакладна напісана, што выключэньне з навучальнай установы робіцца толькі з дазволу савету”.

Паводле спадара Гаравога, падчас пікетаваньня дэпутаты плянуюць распачаць збор подпісаў да вышэйшага кіраўніцтва краіны з патрабаваньнем аднавіць Алеся Чыгіра па працы. Да ініцыятывы ўжо далучыліся дэпутаты дэмакратычнага кірунку ў Менску, а таксама на Берасьцейшчыне. У Белаазёрску заяўку на пікет у падтрымку Алеся Чыгіра падаў дэпутат мясцовага гарсавету Юрась Губарэвіч.

(Губарэвіч: ) “Істотна правядзеньне вось гэтай акцыі, як акцыі салідарнасьці. Бо Алесь Чыгір адзін з нашых калегаў, і калі мы будзем пакідаць без увагі такія дзеяньні ўладаў у адносінах да дэпутатаў, то няма ніякіх спадзяваньняў, што такія дзеяньні не паўторацца адносна іншых людзей. Я спадзяюся, што салідарнасьць выкажуць таксама іншыя нашы калегі, дэпутаты зь іншых гарадоў Беларусі”.

Паводле спадара Губарэвіча, плянуецца, што пікетаваньне пройдзе з 4 да 6 кастрычніка ў розных гарадах Беларусі адначасна.

Нагадаем, кіраўніцтва ўправы адукацыі Бабруйску адмовіла Алесю Чыгіру ў падаўжэньні працоўнага кантракту. Дэпутат лічыць гэта рэакцыяй на ягоны ўдзел у камандзе Аляксандра Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах. На знак пратэсту спадар Чыгір прывязаў сябе ланцугамі да слупа каля будынку гарвыканкаму. Міліцыянты затрымалі Алеся Чыгіра, а разам зь ім дзесяць журналістаў розных незалежных мэдыяў. Пэдагога зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і пакаралі дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту. Ад сярэдзіны жніўня Алесь Чыгір застаецца беспрацоўным. На ягоным утрыманьні трое непаўналетніх дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку”.
XS
SM
MD
LG