Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Уладзімер Пракулевіч


Уладзімер Арлоў, Менск 1887, в. Красналукі (цяпер Чашніцкі раён) — 20.8.1938, Сьвярдлоўская вобл., Расея.

Ягоны жыцьцяпіс у першай сваёй частцы для беларускага нацыянальнага дзеяча — ня самы тыповы. Юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. У студэнцкія гады — сакратарства ў марксісцкім часопісе “Возрождение” і загадваньне аддзелам хронікі ў газэце “Копейка”. Потым — спакойная грашавітая праца ў Менскай казённай палаце і Менскім акруговым судзе. На пачатку Першай сусьветнай вайны — эвакуацыя ў Маскву.

Карэнны паварот жыцьцёвага шляху адбыўся ў 1917 годзе, калі Пракулевіч далучыўся да прыхільнікаў беларускае незалежнасьці. Змагарны 1920 год засьпеў яго на пасадзе судзьдзі ў Слуцку. 14 лістапада пачаў свае паседжаньні гістарычны зьезд Случчыны, які абраў прыхільніка Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Уладзімера Пракулевіча старшынём сваёй Рады. Праз тыдзень Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой абвяшчалася, што “Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах...”, а “У выпадку патрэбы Рада будзе бараніцца нават сілай аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага”. Яшчэ праз тыдзень 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войскаў БНР ужо атакавала бальшавіцкія аддзелы...

Пасьля Слуцкага паўстаньня Пракулевіч выехаў у Вільню, адкуль неўзабаве быў высланы польскімі ўладамі. У 1923-м ён як дзяржаўны сакратар ураду БНР на чале з А. Цьвікевічам апынуўся разам зь ім у Празе. На вядомай Бэрлінскай беларускай канфэрэнцыі ён быў сярод тых, хто, паверыўшы ў Беларускі Дом пад уладаю саветаў, падпісаў рэзалюцыю аб ліквідацыі незалежніцкага ўраду.

Лёс былога кіраўніка слуцкіх паўстанцаў пасьля прыезду ў БССР быў тыпова-прадвызначаным. Невысокая пасада у Дзяржаўнай бібліятэцы, арышт у 1930-м па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” і высылка на пяць гадоў у Расею. Людзі кшталту Пракулевіча ня мелі шанцаў выжыць. Паўторны арышт ў 1938-м прывёў да расстрэльнага прысуду.

З фатаграфіі Ўладзімера Пракулевіча, знойдзенай гісторыкамі ў судовай справе, пазірае барадаты шыракатвары беларус з глыбокімі разумнымі вачыма. Ён вельмі падобны да майго дзеда Максіма, таксама расстралянага ў 30-х.
XS
SM
MD
LG