Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэрмас з чырвоным цмокам


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк Самым папулярным словам у пяцідзясятых гадах было слова “дружба”. І экстрапалявалі яго, перш ад усяго, на савецка-кітайскія дачыненьні. І кожнага ранку, калі ад пэрону Яраслаўскага вакзалу ў Маскве адыходзіў цягнік Масква-Пэкін, з вакзальных рэпрадуктараў вырывалася на прасьцяг песьня “Русский с китайцем братья на веки”. На пачатку шасьцідзясятых браты дарэшты пералаяліся, аднак кітайскія тавары яшчэ зьяўляліся на паліцах.

Самым страшным дэфіцытам таго часу былі літровыя кітайскія тэрмасы з намаляваным на іх чырвоным цмокам. Наяўнасьць такога тэрмасу была сымболем заможнасьці і дабрабыту. Кіпень у ім не астываў цэлыя суткі. Мы, падшыванцы, шчыра таму дзівіліся. Каб разабрацца, у чым сакрэт цеплаізаляцыі, адкручвалі галоўку, і выцягвалі люстраны цыліндар. І потым, зь вясёлым рогатам, глядзелі на свае дарэшты перакрыўленыя люстраныя адбіткі. Былі выпадкі, што цыліндар разьбівалі, і для бацькоў гэта было маленькай трагедыяй.

Для тадышніх падлеткаў апагеем шчасьця было займець круглы кітайскі ліхтарык. Працаваў ён на дзьвюх батарэйках, якіх не было ў крамах. Таму, калі хтосьці з бацькоў выпраўляўся ў Маскву ці Ленінград, іх сьлёзна прасілі пашукаць там батарэйкі. А яшчэ прасілі прывезьці кітайскія тэнісныя шарыкі. Яны былі лёгкія і скакучыя, а калі й дэфармаваліся, дык варта было патрымаць над парай, як форма аднаўлялася. Шарыкі савецкай вытворчасьці пасьля такой апэрацыі кепска скакалі і лёталі па дзіўнай траекторыі. Ну а самым ходкім кітайскім таварам былі кеды: сінія, аблямаваныя белай гумай, з выяваю сплеценых колцаў на круглым лейблу.

У школе ўсе з зайздрасьцю глядзелі на ўладальніка кітайскай самапіскі з залатым пяром. Некаторыя нават прасілі даць паглядзець – ці сапраўды гэта кітайская рэч, а пабачыўшы на пяры гіерогліф, падобны на нашу літару “Ф” – што значыць, Кітай, з уздыхам вярталі самапіску.

Жанчыны, у сваю чаргу, ганяліся за кітайскімі халатамі з натуральнага ядвабу, якім не было зносу. У маёй маці быў такі. Падчас безграшоўя прадала яго суседцы і потым усё жыцьцё аб тым шкадавала. Яшчэ адна фішка – рознакаляровыя ніткі мулінэ Шанхайскай ткацкай фабрыкі. Зараз жанкі ўжо гэтым не займаюцца, а на пачатку шасьцідзясятых ўсе скрозь вышывалі баўгарскім крыжам букеты бэзу ды катоў з банцікамі на шыі. Шанхайскія ніткі, у адрозьненьне ад айчынных, не бляклі, і кабеты, не раўнуючы, як тыя падшыванцы, прасілі камандзіраваных у Маскву і Ленінград прывезьці пару маткоў дэфіцытных нітак.
XS
SM
MD
LG