Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Севярын Квяткоўскі, Менск Этэр 21 верасьня

Прывітаньне, з вамі ў “Начной аблозе” Севярын Квяткоўскі

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць сытуацыю зь беларускай дзяўчынкай Вікай Мароз, якая ня хоча вяртацца зь Італіі. Сям’я, дзе гасьцявала Віка, не выдае дзяўчынку ўладам, і цьвердзіць, што ў Вялейскай школе-інтэрнаце Віка паспытала фізычны і псыхічны гвалт. Вось водгукі ўдзельнікаў форуму:

“Самае жахлівае ў гэтай гісторыі, што астатнія дзеці, якія чакаюць ўсынаўленьня, могуць застацца закладнікамі чыноўнікаў. Дзецям могуць проста забараніць выезд за мяжу нават на аздараўленьне”.

“Я не выключаю, што ў дзетдоме над ёй маглі зьдзеквацца. Але я таксама нічога ня ведаю пра італьянскую сям’ю, якая цяпер трымае дзяўчынку”.

“Дайце дзіцёнку сям’ю!”

У інтэрнэт-суполцы Minsk_by разгарнулася дыскусія пра зьяўленьне бігбордаў з рэклямай алькагольных напояў брэнду “БульбашЪ” – зь цьвёрдым знакам на канцы, узятым з расейскага альфабэту. Карыстальнікі пытаюцца, ці сапраўды ў Беларусі моцныя алькагольныя напоі можна рэклямаваць біг-бордамі. А таксама абураюцца “цьвёрдым знакам”, які ўважаюць за прыкмету каляніялізму. Нагадаю, што цьвёрды знак на канцы слова, якое сканчваецца на зычную, быў прыняты ў нормах правапісу Расейскай імпэрыі. Поўны надпіс на біг-бордзе: “БульбашЪ” – “Сапраўдны гонар наш”. Карыстальнік Bacian іранізуе і прапануе варыянты рэклямных слоганаў для іншых краінаў: “Рэкляма ў Маскве: Маскаль. Наша Истинная Гордость”. У Кіеве: “Хахол. Наш Справжний Гонор”. Свае водгуки можна даслаць на сайт фирмы-вытворцы “Dionis”

Рэлігійны праваслаўны сайт “Царква” паведаміў пра тое, што “Беларуская Праваслаўная Царква зьбіраецца ўзнагародзіць Аляксандра Лукашэнку вышэйшай царкоўнай узнагародай -- ордэнам асьветніка Кірылы Тураўскага. Чым прэзыдэнт заслужыў такую высокую ўзнагароду, пакуль не паведамляецца”. Сайт спасылаецца на інфармацыю зь Менскай эпархіяльнай ўправы.

Сайт Date.by зьвяртае ўвагу на кліп амэрыканскай поп-зоркі Мадоны, дзе фігуруе Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі паказаны ў адным шэрагу з Джорджам Бушам, Садамам Хусэйнам і Барысам Ельцыным. У моманце, калі дэманструецца выява Аляксандра Лукашэнкі, “сьпявачка пяе словы “Не кажы, што табе шкада, мне гэта ня трэба. І не прасі прабачэньня, такое я і раней чула….” – піша Date.by. Сайт спасылаецца на мэнэджэра маскоўскага канцэрту Мадоны Антона Атрашкіна. Мэнэджэр падкрэсьлівае, што “зьяўленьне Лукашэнкі на экранах – ня ёсьць расейскай спэцыфікай канцэрту.

На старонцы “Цэнтру жывога року” разьмешчаная спасылка на песьню “Дамоў у Бабруйск!”. Аўтарам пазначаны магілеўчанін Павал Усовіч. Аўтары сайту нагадваюць, што неўзабаве ў Бабруйску адбудзецца фэстываль працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. А таксама праводзяць паралелі з папулярным у інтэрнэт-асяродку выразам “У Бабруйск, жывёла!”. Слухаем песьню “Дамоў у Бабруйск!”, якая пачынаецца акордамі папулярнага габрэйскага шлягеру “7-40”:

“Дамоў, у Бабруйск, ды на “Дажыначкі”! Тут наша дружба і любоў Танцуюць ліха нашы дзевачкі Пяе душа ў пацаноў!”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG