Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар інтэрнату падаў заяву на міжнародны вышук Вікі Мароз


Севярын Квяткоўскі, Менск Мікалай Ваўчкоў спадзяецца, што ўсе законныя працэдуры будуць выкананыя, і выхаванка інтэрнату для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы вернецца ў Вялейку. Доктарка інтэрнату застаецца ў Італіі, каб суправаджаць дзяўчынку.

Мой тэлефонны званок засьпеў Мікалая Ваўчкова, калі ён кіраваўся ў Міністэрства юстыцыі з пакетам дакумэнтаў, неабходных для заявы на міжнародны вышук. Мікалай Ваўчкоў патлумачыў, што падобная заява — стандартная працэдура, прадугледжаная беларускім заканадаўствам:

(Ваўчкоў: ) “Калі зьнік чалавек, я павінен падаць заяву на вышук. Я спадзяюся, што дзяўчынка вернецца. У Італіі засталася наша доктарка. Сказала, што ёй пакуль нічога не вядома. Едзе ў Рым для суправаджэньня дзяўчынкі, учора (20 верасьня) не прыехала. Чакаем зь ёй сувязі”.

Тым часам у самой Вялейцы жыхары ўсё болей дазнаюцца пра сытуацыю вакол Вікі Мароз і школы-інтэрнату. Я зьвярнуўся да жыхара Вялейкі Віталя Паўлоўскага з просьбай распавесьці, як вялейцы ставяцца да сытуацыі вакол Вікі Мароз:

(Паўлоўскі: ) “Асноўная частка маіх знаёмых, і незнаёмых, калі я прысутнічаў пры абмеркаваньні гэтай праблемы, — яны на баку дзяўчынкі. Некаторыя так і кажуць: “Правільна дзяўчынка зрабіла, што не вяртаецца”. Гэта звычайная пазыцыя сярэднестатыстычнага беларуса, які ўсё ацэньвае з матэрыяльнага гледзішча, з гледзішча дабрабыту. І ў гэтым пляне Італія значна пераўзыходзіць Беларусь, і ацэнка менавіта такая”.

Сам Віталь Паўлоўскі больш за дзесяць гадоў працуе ў школе зь дзецьмі. Віталь Паўлоўскі ацэньвае сытуацыю зь Вікай Мароз як “нецывілізаваную”:

(Паўлоўскі: ) “У прынцыпе, калі італьянская сям’я хоча ўдачарыць, дык чаму б не ўдачарыць? Гэта не зусім зразумела. Увогуле, для мяне асабіста крыху сьмешнавата выглядае забарона на выезд дзяцей за мяжу. І гэта тлумачыцца быццам бы абаронай генафонду”.

Тым часам, у Вялейскай школе-інтэрнаце спадзяюцца, што Віка Мароз вернецца ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG