Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У прызначэньні Валёніса амбасадарам у Беларусі ёсьць інтрыга”


Ганна Соўсь, Менск Камітэт замежных сувязяў літоўскага сэйму ўхваліў кандыдатуру былога кіраўніка МЗС Літвы Антанаса Валёніса ў якасьці амбасадара ў Беларусі. Па часе замежнапалітычнае ведамства Літвы накіруе просьбу аб агрэмане ў беларускае МЗС. Пасьля зацьвярджэньня беларускім бокам прэзыдэнт Літвы падпіша ўказ аб прызначэньні Антанаса Валёніса кіраўніком літоўскай дыпмісіі ў Менску.

Кандыдатура Антанаса Валёніса была зацьверджаная камітэтам замежных справаў літоўскага Сэйму аднагалосна. Старшыня камітэту Юсьцінас Каросас наступным чынам патлумачыў Радыё Свабода гэтае рашэньне:

(Каросас: ) “Беларусь для нас — вельмі важны сусед. Мы маем самую доўгую мяжу зь Беларусьсю, вялікія эканамічныя інтарэсы. Зь іншага боку, дэмакратычныя працэсы ў Беларусі пакуль рухаюцца даволі павольна, і таму ў гэтай сытуацыі такая фігура, як былы міністар замежных справаў, які мае вялікі досьвед і аўтарытэт эўрапейскага і нават сусьветнага маштабу, на маю думку, вельмі прымальная кандыдатура. Мы аддаем належнае Беларусі й прызнаем, што гэта вельмі важная для нас краіна. Цяпер амбасадар Беларусі ў Літве — былы віцэ-прэм’ер. Беларусь таксама прызнае важнасьць літоўскай дзяржавы як суседа. Такім чынам, мы паступаем гэтак жа”.

Сябра камітэту міжнародных справаў дэпутат Вацлаў Станкевіч лічыць кандыдатуру спадара Валёніса вельмі ўдалай.

(Станкевіч: ) “Уся працэдура з боку Літвы прайшла. Ухваліў камітэт замежных справаў. З гэтай кандыдатурай згодныя прэзыдэнтура і ўрад Літвы. Цяпер усе дакумэнты накіроўваюцца ў Менск. Калі прыйдзе адказ — пазытыўны ці не, мы ня можам сказаць. Спадар Валёніс шэсьць гадоў працаваў міністрам замежных справаў Літвы, і хоць ён адказваў за працу нашай дыпляматыі на ўсіх кірунках, Валёніса лічаць добрым спэцыялістам ва ўсходнім кірунку. Я лічу, што ён зробіць вельмі шмат для паляпшэньня нашых стасункаў”.

Дырэктар віленскага Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Раймундас Лапата лічыць, што ў такім прызначэньні прысутнічае інтрыга, якая будзе цікавая для кіраўніка Беларусі.

(Лапата: ) “Валёніс — адзін з найбольш кваліфікаваных дыпляматаў, які да таго ж мае добрую палітычную вывучку. Я думаю, што такое прызначэньне будзе цікавае і для Лукашэнкі. Ня кожны дзень прыбывае на пасаду амбасадара другой дзяржавы былы міністар, да таго ж вельмі ўплывовая фігура ў літоўскай палітыцы. Тут ёсьць палітычная гульня, інтрыга. І думаю, што Лукашэнка ў гэтую інтрыгу павінен увязацца. Гэтае пытаньне, я думаю, будзе доўга вырашацца, але ў апошні момант усё ж Менск вырашыць даць агрэман нашаму амбасадару”.

Намесьнік кіраўніка камітэту замежных справаў літоўскага сэйму Аўдронюс Ажубаліс гавораць пра спэцыфіку працы літоўскага амбасадара ў Беларусі:

(Ажубаліс: ) “Наколькі Беларусь выпадае з агульнаэўрапейскага кантэксту нармальнага палітычнага разьвіцьця, настолькі гэта важна для Літвы. Гэта жыцьцёва важна для Літвы — жыць з суседзямі, у якіх ёсьць нармальнае разьвіцьцё. Беларусь зьяўляецца анамаліяй. Стасункі зь Беларусьсю і праца ў падтрыманьні дэмакратычнай апазыцыі Беларусі — адна зь першачарговых задачаў нашай замежнай палітыкі”.

Папярэдні амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякунас у ліпені 2006 году быў прызначаны міністрам замежных справаў сваёй краіны.
XS
SM
MD
LG