Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс ARCHE 3 месяцы ня будзе выходзіць (абноўлены)<b\>


Радыё Свабода Рэдакцыя незалежнага часопісу “ARCHE-Пачатак” сёньня атрымала ліст Міністэрства інфармацыі Беларусі з другім папярэджаньнем аб парушэньні заканадаўства. Міністэрства паведаміла таксама пра пастанову прыпыніць выданьне часопісу на тры месяцы.

Памочнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў паведаміў “Свабодзе”, што выхад часопісу “ARCHE-Пачатак” прыпынены з-за самавольнай зьмены заяўленай тэматыкі часопісу:

(Казлоў: ) “Размова ідзе пра зьмяненьне тэматыкі часопісу. Рэч ня ў нейкіх канкрэтных публікацыях, якія адносіны мы да іх маем? Мы не цэнзурны орган. І гэта ўжо другое папярэджаньне”.

Часопіс зарэгістраваны як літаратурна-мастацкае, навуковае і навукова-папулярнае выданьне. Міністэрства інфармацыі лічыць, што часопіс дапусьціў публікацыю грамадзка-палітычных матэрыялаў.

Галоўны рэдактар часопісу Валер Булгакаў мяркуе, што сапраўднай прычынай прыпыненьня зьяўляецца апошні нумар часопісу, дзе на вокладцы адлюстраваныя твары работнікаў спэцслужбаў, якія выцясьняюць дэманстрантаў з праспэкту каля менскага ГУМу падчас падзеяў 25 сакавіка.

Спадар Булгакаў зазначыў “Свабодзе”, што цяпер вывучае магчымасьць аспрэчыць гэтае рашэньне Мінінфармацыі ў судзе. Тыя публікацыі, на падставе якіх выносіліся папярэджаньні, насілі не грамадзка-палітычны, а гістарычны характар, мяркуе галоўны рэдактар “ARCHE”.

(Булгакаў: ) “Што магу сказаць пэўна, гэта тое, што сапраўды тры месяцы часопіс ня будзе выходзіць. Мы ня будзем спрабаваць нейкімі партызанскімі сьцежкамі прарывацца да чытача. Нашых чытачоў трэба прасіць, каб яны стойка перанесьлі гэтае выпрабаваньне лёсу, а таксама рыхтаваліся да таго, што з 2007 году падпіскі на часопіс, відаць, ня будзе”.

Рэдакцыя зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі з просьбай перарэгістраваць выданьне як грамадзка-палітычнае, але не атрымала згоды.

Спадар Булгакаў зазначыў, што падчас вымушанага адпачынку супрацоўнікі рэдакцыі будуць рыхтаваць новыя нумары. Сёлета часопіс “ARCHE” меў наклад каля 1000 экзэмпляраў, зь іх 400 распаўсюджваліся праз падпіску.
XS
SM
MD
LG