Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўганістане перавытворчасьць наркотыкаў


Ігар Карней, Менск У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку прэзэнтаваны прагнозны маніторынг у сфэры распаўсюду наркатычных рэчываў, якія з праблемных рэгіёнаў трапляюць ў іншыя краіны сьвету. Высновы спэцыялістаў несуцяшальныя: надзвычай багаты ўраджай опіюмнага маку ў Аўганістане можа прычыніцца да зьніжэньня коштаў на гераін, што зробіць яго больш даступным для новых груп спажыўцоў па ўсім сьвеце. Узмацненьня транзытных патокаў чакаюць і ў Беларусі.

Паводле інфармацыі Ўпраўленьня ААН у наркотыках і злачынствах, ураджай опію ў Аўганістане перавысіць сёлета 6 тысяч тонаў. Спэцыялістаў палохае, што плошчы наркаплянтацый пашыраюцца практычна ў арытмэтычнай прагрэсіі: у параўнаньні з 2005 годам яны вырасьлі амаль на 60% і займаюць 165 тысяч гэктараў.

Мастак Алесь Пушкін, які ў сярэдзіне 1980-х служыў у Аўганістане, кажа: сацыяльна-палітычная анархія, пануючая там цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў, часта не пакідае людзям іншай альтэрнатывы да існаваньня.

(Пушкін: ) “У гэтага народу, якія вырошчвае, як мы бульбу і як калійныя ўгнаеньні – наш экспарт, так і ў іх галоўны экспартны складнік – опіюм. Гэта адназначна так. І больш ім нічога не застаецца рабіць, як вырошчваць опіюм. Бо бананы там дробненькія, карычневыя, гнілыя. Мандарыны і апэльсіны ў Аджарыі, на Кубе ці ў Ізраілі непараўнальна лепшыя, гэтая прадукцыя ні па якіх паказчыках неканкурэнтаздольная. А вось гашыш, гераін – так. Поўныя палі гэтага маку, яны зьбіраюць гэты гашыш, фармуюць, ставяць клеймы і прадаюць. Гераін – іх асноўны від экспарту, так яно ёсьць насамрэч”.

Паводле статыстыкі Ўпраўленьня ААН у наркотыках і злачынствах, штогод ад наркатычнай перадазіроўкі, хваробаў, выкліканых нарказалежнасьцю, суіцыдаў сярод наркаманаў заўчасна разьвітваецца з жыцьцём каля 100 тысяч чалавек па ўсім сьвеце. Аднак цяперашняя сытуацыя, на думку спэцыялістаў, гэтую статыстыку можа істотна адкарэкціраваць. Практычна непадкантрольны ўладам поўдзень Аўганістану, дзе гаспадараць банды наркагандляроў, здольныя ўплываць на ўвесь міжнародны наркатрафік. Перадусім, экспэртаў хвалюе, што перавытворчасьць наркотыкаў зробіць іх больш даступнымі ў коштах. Галоўны лекар Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка кажа, што і цяпер колькасьць нарказалежных у Беларусі вылічваецца прыблізна. А пасьля “макавых дажынкаў” у Аўганістане колькасьць нелегалізаваных наркаманаў можна будзе ўзводзіць “у ступені”.

(Малочка: ) “Згодна з мэтодыкай Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, вось гэтая бачная частка айсбэргу, якая на гэты момант складае пэўную колькасьць тысячаў ці працэнтаў, насамрэч – толькі 5-10 частка ад усіх тых людзей, у якіх маюцца праблемы з залежнасьцю ад наркотыкаў. Калі ў нас на ўліку на сёньня стаіць 3 200 чалавек у горадзе, то, мы лічым, рэальная лічба – 22 тысячы наркаспажыўцоў”.

Афіцыйна ў Беларусі налічваецца блізу 12 тысяч нарказалежных, якія стаяць на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах. Але, паводле грамадзкага аб’яднаньня “Маці супраць наркотыкаў”, наркаманаў у краіне каля 90 тысяч. І, як кажа псыхоляг Жанна Міцкевіч, менавіта гэтая катэгорыя стварае асноўную статыстыку самагубстваў у Беларусі.

(Міцкевіч: ) “Палохае ўжо тыповая сытуацыя: усё больш самагубствы прыцягваюць падлеткаў і моладзь (раньнюю моладзь). Гэта сьведчыць у тым ліку як на недастатковасьць бацькоўскай увагі ў працэсе выхаваньня ў сем’ях. А таксама – гэта слабасьць волі, характару, адсутнасьць самарэгуляцыі ў самога чалавека. І, пакідаючы жыцьцё, такі чалавек сам не ўсьведамляе, што робіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG