Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі перанесеныя ці адмененыя?


Іна Студзінская, Менск Рэспубліканскія “Дажынкі” 23 верасьня не адбудуцца. Калі яны пройдуць, і ці адбудуцца ўвогуле – пакуль дакладна не вядома. Ясна адно: шырока разрэклямаванага сьвята з парсюковымі гонкамі, з канцэртам расейскіх зорак і беларускіх артыстаў у бліжэйшую суботу ў Бабруйску ня будзе.

Яшчэ па абедзе ў сераду не было ніякіх дакладных распараджэньняў наконт пераносу “Дажынак” – толькі чуткі. Бабруйская вэртыкаль чакала ўказаньняў зьверху, тлумачачы, што горад цалкам гатовы да дажынак, нават сцэна на цэнтральным пляцы ўсталяваная. Магілеўскі аблвыканкам захоўваў маўчаньне. Увечары на пытаньне “Ці адбудзецца 23 верасьня сьвята “Дажынак” у Бабруйску?” прэсавы сакратар адміністрацыі прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў наступнае:

(Лёгкі: ) “Не адміністрацыя ж прэзыдэнта камандуе дажынкамі! Я магу сказаць вам адно: 23 верасьня адміністрацыя прэзыдэнта ніякіх дажынак не плянуе, не праводзіць”.

(Карэспандэнтка: ) “А 6 – 7 кастрычніка?”

(Лёгкі: ) “Ня ведаю, наконт гэтага нічога не магу сказаць. Я ж кажу: мы госьці. Нас запрашаюць – мы прыяжджаем. Пытайцеся ў гаспадароў”.

Першы намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Ігар Кед пацьвердзіў інфармацыю, што сьвята “Дажынак” 23 верасьня ў горадзе ня будзе. Калі будзе, таксама ня ведае.

(Кед: ) “Тэрмін пакуль ня вызначаны”.

(Карэспандэнтка: ) “А распараджэньне адкуль паступіла?”

(Кед: ) “Распараджэньне да мяне дайшло ад Магілеўскага аблвыканкаму”.

(Карэспандэнтка: ) “Запрошаныя Леў Лешчанка, Алег Газманаў, іншыя расейскія зоркі. А зь імі што будзе?”

(Кед: ) “Ну а зоркам што? Да іх інфармацыя даведзеная. Яны будуць па сваіх гастрольных графіках далей рушыць. Я думаю, пытаньне з імі будзе вырашанае. На адзін дзень прыехаць яны заўсёды знойдуць магчымасьць – на такое сьвята”.

Гаспадары сьвята – бабруйскія чыноўнікі цьвердзяць, што сьвята перанесенае не па іх віне: маўляў, у горадзе ўсё гатова, засталося толькі навесьці глянец ды вуліцы падмесьці. Шэраговыя бабруйчане распавядаюць пра аўрал…

(Бабруйчанка: ) “Яшчэ поўным ходам фарбуюцца дахі, ставяцца па горадзе новыя платы, рамантуюцца дарогі. Шмат будынкаў у горадзе чамусьці пафарбавана з аднаго боку. Старыя дахі на многіх будынках не замененыя на мэталачарапіцу, як плянавалася, а стары шыфэр фарбуецца ў зялёны колер. Шмат чаго яшчэ ня зроблена. Але на цэнтральнай плошчы ўжо стаіць “дажынкаўская” сцэна. Настроі ў горадзе ня вельмі добрыя, таму што людзі ведаюць, што іх не дапусьцяць на гэта “сьвята працаўнікоў сяла”.

На мінулым тыдні мэр Бабруйску Міхаіл Бандарэнка на паседжаньні апэратыўнага штабу выказваў меркаваньне, што сьвята можа быць перанесенае з-за таго, што ня ўвесь ураджай ўбралі. Вось толькі ці перанесеныя? У 1999 годзе “Дажынкі” у Шклове былі адмененыя з-за рэкордна нізкага ўраджаю…
XS
SM
MD
LG