Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Навошта перамены, калі й зараз можна жыць?.."


Радыё Свабода Чаму людзі ня ходзяць на вулічныя акцыі апазыцыі? Гэтае пытаньне мы задавалі мінакам на плошчы Якуба Коласа ў Менску.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што людзі расчараваліся ў апазыцыі. Не пацьвердзіла яна сябе як сілу і уладу. Народ выбірае сам. І народ абірае моцных!”

(Дзяўчына: ) “Некаторыя думаюць: а навошта мне гэта? Асабліва студэнты. Паперку прышлюць, і мяне з унівэрсытэту папруць. А навошта мне гэта!? Усе ж жывуць, усім добра, усе атрымліваюць зарплату. Хоць невялікую, але ж атрымліваюць…”

(Юначка: ) “Можа, таму, што наш прэзыдэнт адчувае, што хутка прыйдзе канец ягонаму кіраваньню, вельмі моцна застрашвае народ, каб не маглі супрацьстаяць яму?”

(Спадар: ) “Заробкі падняліся. Заробкі ўжо па 300-400 баксаў. Вось і ўсё. Людзі сталі лепш жыць, таму канфліктаў стала меней”.

(Юначка: ) “Таму што кантроль вельмі жорсткі. Напрыклад, у школах адсочваюць, колькі людзей не прыйшло на заняткі падчас апазыцыйных акцыяў. Усе думаюць: ага, пайшлі, мабыць, туды. І потым узьнікаюць праблемы…”

(Спадар: ) “Зараз чаму ня ходзяць? Бо няма павадыра. Як хтосьці з’явіцца, усе пацягнуцца…”

(Хлопец: ) “Раней не было такога аўтарытэта ў нашага кіраўніка дзяржавы!”

(Спадар: ) “Народ баіцца пераменаў. Навошта перамены, калі й зараз можна жыць. Ня вельмі добра, але ж можна. А калі зараз нешта зьменіцца, то яшчэ невядома, у які бок…”

(Спадарыня: ) “Таму што ўсе баяцца, што калі яны паўдзельнічаюць у мітынгах, іх здымуць з працы!”

(Спадарыня: ) “Мы адчуваем, што лепей жыць стала! Да каго ня прыйдзеш – сталы ломяцца – няхай гэта й прыбіральшчыца ці пэнсіянэрка!”

(Спадар: ) “Людзі па-просту думаюць: калі нешта зьменіцца, можа стаць горш!”

(Хлопец: ) “Сьвядомасьць зьмянілася. Падрасьлі ўжо проста, хопіць хадзіць! Мне і майму атачэньню гэта ўжо нецікава. А гэтыя мітынгі – пустое марнаваньне часу і ня болей!”
XS
SM
MD
LG