Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Арсеньнева


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

20.9.1903, г. Баку — 25.7.1997, г. Рочэстэр, ЗША.

Тое, што я пасьпеў сустрэцца зь ёю, легендай нашай паэзіі, жанчынай з таго шэрагу, што пачынаецца з Рагнеды і Эўфрасіньні, лічу адным з надзвычай дарагіх падарункаў лёсу.

Гэта здарылася ў Рочэстэры, на амэрыканскім беразе возера Антарыё, дзе спадарыня Натальля жыла з сынам Уладзімерам, на дзіва падобным звонкі да бацькі — аднаго з выбітных дзеячаў нацыянальнага руху Францішка Кушаля.

Стол сабралі пад чарэшняю ў садзе, дзе ў добры год можна было, кажуць, назьбіраць кошык баравікоў.

Арсеньнева падпісала мне свой выдадзены ў 1979-м ў Нью-Ёрку важкі том паэзіі “Між берагамі”, падзялілася думкаю, што паэтаў у беларускай літаратуры сёньня меней, чым дваццаць гадоў таму і, падняўшы шклянку з содавай (але і з глытком віскі) прапанавала тост за тое, “каб Лукашэнка хутчэй знік”.

Углядаючыся ў далёкія гады, аўтарка гімну “Магутны Божа” надоўга замаўчала, каб потым распавесьці мне, як упершыню пачула беларускую мову. Сям’я вярталася ў 1920-м зь бежанства й затрымалася ў вёсачцы над Дрысай. Уначы Наташа прачнулася ад таго, што за шафаю гаспадара пацягнула на любошчы. “Ня лезь, а то юшку спушчу”,— азвалася гаспадыня, бо ў хаце былі чужыя людзі. Асабліва расхвалявала дзяўчыну сваёй таямнічасьцю гэтая “юшка”.

“У Віленскай гімназіі адчула: беларускае — гэта маё!..”

У 1940-м яна ішла з Максімам Танкам, Міхасём Машарам і Айзікам Кучарам па Менску. Танк загаварыў, і напалоханы Кучар крыкнуў: “Цішэй, цішэй! У нас у Менску так гучна гаварыць па-беларуску не прынята!”

Мы сфатаграфаваліся на памяць каля кветніку з валошкамі і белымі лілеямі, якія вельмі любіла й Ларыса Геніюш. Прыцішана, але так, каб паэтэса пачула свае радкі, якія таксама даўно зрабіліся гімнавымі, я напяваў:

У гушчарах, затканых імглою, шэрым змрокам, на золку, ў зару ахвяруем Табе мы сабою кожны дзень, кожны час, Беларусь...

...Было штосьці сымбалічнаея у тым, што чорная вестка пра сьмерць Натальлі Арсеньневай прыйшла ў Менск пад час адкрыцьця Другога зьезду беларусаў сьвету, калі сотні галасоў сьпявалі яе велічную “Малітву”:

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў, вялізных сонцаў і сэрц малых, над Беларусяй ціхай і ветлай рассып праменьне Свае хвалы...

P.S. Найбліжэйшая сяброўка паэтэсы Яніна Каханоўская сьцьвярджала, што насамрэч Арсеньнева нарадзілася не ў 1903-м, а ў 1902-м годзе, а афіцыйная дата ёсьць вынікам памылкі чыноўніка міграцыйнай службы ЗША.
XS
SM
MD
LG