Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 20 верасьня.


Юлія Шарова, Менск Вітаю!

Удзельнікаў форумаў парталу TUT.by хвалюе прычына, па якой фэст “Дажынкі” перанесьлі на няпэўны тэрмін. Вось некаторыя развагі:

“Гарэлкі не нагналі й шкварак не нагатавалі”.

“Летась у Слуцку “Дажынкі” таксама перанесьлі на пару тыдняў”.

“Супраць “Дажынак” нічога ня маю, але вось толькі не зразумею, чаму б не зрабіць гэтыя “Дажынкі” свайго кшталту фэстывалем, які ладзіцца ў адзін і той жа час, у адным і тым жа ж месцы? Зрабіць нармальны піяр, грошай укласьці, стварыць свайго кшталту сымбаль. Сымбаль сялянскай культуры, дасягненьняў і посьпеху. Запрасіць фэрмэраў з разьвітых краінаў… Бо ж існуе мноства такіх прыкладаў: “Фэстываль піва”, “Фэстываль у Сан-Рэмо”… Давядзі да нашых калгасьнікаў гістарычныя каштоўнасьці – а апірышча рэжыму папросту ня будзе”.

Беларускаму сьвятару Аляксандру Шрамку забараняюць весьці ў інтэрнэце свой блог і раяць займацца беспасярэдне пастарствам – як вядома, такое рашэньне вынесла Эпархіяльная рада, на паседжаньні якой старшыняваў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэта. Айцец Аляксандар вядзе ўласны інтэрнэр-дзёньнік на сайце Жывы журнал і піша там пад нікам priestal. Вось некалькі цытатаў зь ягоных запісаў.

“Кожны раз пачуваесься няёмка, калі на вялікім уваходзе прамаўляеш: “Усіх вас, праваслаўных хрысьціянаў…” Бо ж гэта значыць “артадаксальных хрысьціянаў”. Тытул “праваслаўны” – гэта ўзнагарода, а калі ён прысвойваецца сабе ў першай асобе, у ім яўна гучыць пахвальба ці нават дзікунства”.

“Я увогуле гарэлку ня п’ю… але ў нашага “традыцыйна-праваслаўнага” народу, асабліва вясковага, жывая адна традыцыя. Пасьля адпяваньня нябожчыка яны разам з ахвяраваньнем… падаюць пакет, у якім, звычайна, стандартны набор – пляшка гарэлкі, кавалак кілбасы, кансэрва… На шчасьце, традыцыя адмірае. Але днямі мне падалі такі пакет. Што парадавала, дык гэта назва гарэлкі. “Сінявокая”… “Сінявокай” часта, а таму ўжо надта зашмальцавана “паэтычна” называюць Беларусь…”

Таксама ў блогу сьвятара Аляксандра Шрамка зьмешчаныя спасылкі на фотарэпартажы зь некаторых акцыяў апазыцыі.

Між тым на сайце інтэрнэт-блогаў зьявілася новая суполка by_warszawa. Там сустракаюцца й абмяркоўваюць агульныя справы беларусы, што часова ці стала жывуць у Варшаве. Адзін зь першых допісаў пакінуты некім jocosiyland. “У мяне пытаньне да усіх беларусаў, якія жывуць у Рэспубліцы Польшчы. Чаму няма вашай кансалідацыі?! Навошта тады ехаць вучыцца ў Польшчу й нічога не рабіць для дэмакратычнага руху ў сваіх галовах?!.. Браты! Вам трэба быць сапраўды змагарамі За Свабоду слова, жыцьця, гісторыі, мовы беларускай… Веды з польскіх унівэрсітэтаў пойдуць на карысьць беларускаму грамадзтву”.

На сайце Радзіма майго духу зьявіліся новыя здымкі беларускіх мясьцінаў – касьцёл Сьв. Апосталаў Пятра й Паўла ды кляштар езуітаў у Бабруйску. Яшчэ да нядаўняга часу касьцёл выкарыстоўваўся як гаўптвахта. Зараз стаіць пусты, але па-ранейшаму абнесены калючым дротам.

Суполку Жувога журнала minsk_by апошнім часам надта хвалюе заалягічная тэма. Нехта belnetmon прапануе фотарэпартаж пра ліквідацыю сьвінафэрмы ў цэнтры Менску. А карыстальнік l_u_f_t сьцьвярджае, што ў менчукоў цяпер ёсьць новая падстава ганарыцца сваім горадам: цяпер у Менску ёсьць уласны дагістарычны лясны слон. Парэшткі менавіта гэтай жывёліны знайшлі ў часе пракладкі лініі мэтро.

“Шкада, што сканаў, – кажа l_u_f_t, – а то на ім можна было б пахаць і намалаціць тыя самыя 7 мільёнаў тон”.

“…выглядае на тое, што плыня замежных гасьцей на тэрыторыю нашай дзяржавы павінен значна ўзрасьці”, – гэтак камэнтуе падзею іншы чалец суполкі.

“Я ўсё ж мяркую, што спадары археолягі памыліліся й насамрэч гаворка ідзе пра знакамітую Гіганцкую лясную сьвіньню (Svintus grandiosus silvaticus), першыя згадкі пра якую сустракаюцца ў працах беларускіх навукоўцаў часоў разьвітога сталінізму”.

Ну а на сайце ”Беларуская жаба” зноў рэальны фотаздымак замест звыклага каляжа – Лукашэнка абдымаецца з Уга Чавэсам і прэзыдэнтам Зімбабвэ Робэртам Бугабэ ды іншымі ўдзельнікамі сустрэчы ў Гаване. “Жабіць гэта рука не ўзьнялася”, – прызнаюцца аўтары праекту.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG