Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Р.Мінянкоў: “Сёньня нельга рыхтаваць кадры толькі для Беларусі”


Тацяна Поклад, Вільня Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа" (2 частка)

Дыстанцыйнае навучаньне мала вядомае ў Беларусі, а тым часам яно дае недасягальную раней магчымасьць вучыцца on-line, калі можна, не пакідаючы сваёй краіны, быць студэнтам замежнага ўнівэрсытэту.

Ці патрэбныя якія-небудзь адмысловыя якасьці, каб вучыцца дыстанцыйна? Дырэктар Цэнтру завочнай і дыстанцыйнай адукацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Рыгор Мінянкоў кажа, што, як звычайна, трэба мець здольнасьць вучыцца, быць арганізаваным, – усё, што патрэбна для любой формы адукацыі. Хіба, можа быць, праца з кампутарам лягчэй даецца людзям маладзейшага веку.

Тым часам, дыстанцыйна вучацца людзі рознага ўзросту, і тыя каму за 30, і тыя, каму за 40, – гнуткасьць і мабільнасьць сыстэмы робіць яе зручнай. Ягор, які спалучае вучобу ў Варшаве стацыянарна і ў Вільні дыстанцыйна, кажа:

(Ягор: ) “Гэта такая сыстэма, якая ідзе насустрач навучэнцу. І такая адукацыя, можна нават сказаць, найлепш за ўсе іншыя формы навучаньня надаецца людзям больш сталага ўзросту. Забясьпечваецца індывідуальны падыход у працэсе навучаньня. Фактычна, гэта такая акадэмічная перапіска з выкладчыкамі ў зручны для вас час”.

Я распытала і іншага студэнта, які спалучае працу і вучобу. Яўген, дыстанцыйна вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце па бакаляўрскай праграме спэцыяльнасьці “Культурныя і візуальныя дасьледаваньні”, стала жыве ў Беларусі, займаецца транспартным бізнэсам.

(Яўген:) “Я ім займаюся бяз асалоды, спадзяюся зьмяніць кшталт сваёй дзейнасьці, вось таму і вучуся”.

Адзін год, яшчэ да закрыцьця ЭГУ, мой суразмоўца вучыўся на дзённым аддзяленьні, а калі яго ўнівэрсытэт быў вымушаны пераехаць у Літву, Яўген застаўся ў Беларусі. Два гады ён вучыўся па тых дыстанцыйных курсах, якія былі магчымыя. Сёлета далучаецца да распачатай сыстэмнай дыстанцыйнай адукацыі, плянуе за два гады скончыць і атрымаць дыплём. Для Яўгена дыстанцыйнае навучаньне – адзіная магчымасьць вучыцца.

(Яўген:) “Добра, што можна самому абіраць час, калі вучыцца. Я, да прыкладу, вучуся па начах. У мяне праца, сям''я, двое дзяцей. Але вучоба мне вельмі падабаецца, і я вучуся, калі магу – па начах”.

Яўген і падзяліўся сваім досьведам, што складана ў дыстанцыйным навучаньні.

(Яўген:) “Адсутнічае студэнцкае асяродзьдзе, якое само сабой вельмі матывуе вучыцца. А тут я адзін, я і кампутар... Вось так усё даводзіцца вырашаць”.

Ёсьць і іншыя складанасьці, псыхалягічныя праблемы, у тым ліку і недавер старэйшага пакаленьня да дыстанцыйнай формы навучаньня.

(Мінянкоў: ) “Вельмі вядомая навукоўца, Маргарэт Мід, этнограф, казала, што сучасная эпоха адметная: калі раней бацькі вучылі дзяцей, то цяпер – дзеці пачынаюць вучыць бацькоў. І тут вельмі цікава – бацькі памятаюць традыцыйны спосаб вучобы. Яны кажуць: “Вось ідзі сынок вучыцца, вось унівэрсытэт, вось ён стаіць, пяць гадоў туды хадзі, атрымай дыплём”. А дзеці ўжо гавораць: “А можа мне не патрэбны такі дыплём?”

Бо ёсьць іншыя працы і іншыя магчымасьці... Праўда, у нашых студэнтаў, напэўна, самыя сучасныя бацькі. Але ёсьць і такія выпадкі, што студэнты ідуць насуперак волі бацькоў, бо яны пачынаюць разумець, як зьмяняецца сьвет.

Увогуле, мы жывем у вельмі цікавы час, час зьменаў ладу жыцьця, мысьленьня. І дыстанцыйная адукацыя дапамагае прыстасоўвацца да гэтага зьменлівага, дзіўнага сьвету. А студэнты дапамагаюць нам разумець гэты новы зьменлівы сьвет, пад іх уплывам мы вельмі многае робім тут”.

Дыстанцыйная адукацыя вучыць вучыцца і быць гатовым да зьменаў, – то бок самым неабходным якасьцям для таго, каб жыць і выжываць у сучасным глябальным сьвеце, патлумачыў прафэсар.

(Мінянкоў: ) “У канкрэтным сэнсе варта бачыць яшчэ адзін бок. Калі мы возьмем нашую краіну, Беларусь, то гэта яшчэ і пэўныя палітычныя моманты. На жаль, у многіх сфэрах, і вось у той сфэры, у якой мы працуем, – сацыяльна-палітычных навук, – сучасную адукацыю студэнты дзяржаўных установаў атрымаць ня могуць. Гэта ўсім вядома. Таму тут мы выконваем ролю адкрыцьця для іх іншага сьвету.

Якая сытуацыя ў дзяржаўных установах Беларусі? Можа, на мяне і пакрыўдзяцца, і, вядома, ёсьць там і свае станоўчыя бакі, але што істотна: там студэнты не атрымоўваюць веды, а губляюць.

Ёсьць такі панятак – дэпрывацыя. Гэта вельмі цікавая зьява – дэпрывацыя, – пазбаўленасьць чагосьці. Калі чалавек ня ведае нават, чаго ён ня можа атрымаць. Калі людзі ня проста ня могуць, але яны ня маюць ведаў пра тое, што можа быць. Вось гэта адбываецца ў цяперашняй дзяржаўнай беларускай адукацыі, якая працуе ў такім напрамку – калі людзі не ведаюць, якой можа быць адукацыя.

Ёсьць такая прымаўка – кажуць, што генэралы звычайна рыхтуюцца да мінулае вайны. То бок, яны вучаць таму, што яны ведаюць – мінулым баявым дзеяньням. Вось і сыстэма дзяржаўнай адукацыі ў Беларусі рыхтуе да мінулага.

Беларуская дзяржаўная адукацыя вучыць спэцыяльнасьцям, якія праз 5-10 гадоў будуць не патрэбныя. І гэта будзе трагедыя для многіх, бо людзі выйдуць на рынак працы і проста ня знойдуць для сябе месца і ня будуць падрыхтаваныя да таго, што трэба зьмяняцца разам з сучасным сьветам, а не глядзець назад.

Бо калі людзі гэтага ня ўмеюць, яны пазбаўленыя вельмі многіх магчымасьцяў. Яны не здольныя да канкурэнцыі на рынку працы. Я лічу, што дзяржаўная сыстэма адукацыі ў Беларусі, – чаму я і сам у яе не пайшоў працаваць, – яна закрывае вельмі многім дарогу.

А мы імкнёмся рыхтаваць нашых студэнтаў да будучыні. Да будучыні, якая яшчэ невядомая. Мы іх вучым не набіваць галаву інфармацыяй, якая імкліва зьмяняецца і страчвае значэньне, а ўмець знаходзіць патрэбную інфармацыю і працаваць зь ёй. Вучым вучыцца.

І тут дыстанцыйная адукацыя дазваляе вырашыць праблемы моладзі ў Беларусі, бо некалі сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, і трэба будзе выходзіць у сучасны шырокі сьвет. Беларусь ня можа жыць заўсёды ў ізаляцыі, як выспа, якую абыходзяць усе хвалі сучаснага жыцьця. Не!

Сёньня нельга рыхтаваць кадры толькі для Беларусі. Нельга рыхтаваць кадры толькі для адной краіны. Спэцыялісты зараз рыхтуюцца для ўсяго сьвету.

Дзяржаўныя беларускія ВНУ кажуць, што яны вучаць студэнтаў для сваёй краіны. Слушна, і мы вучым таксама для сваёй краіны. Але для якой краіны?! Для краіны, якая знаходзіцца ў сьвеце, у Эўропе. Ня можа Беларусь быць за жалезнай заслонай. Час на гэта мінуў. Гэта было ў савецкія часы, цяпер гэта немагчыма.

Мы жывем у сьвеце, а не толькі ў адной пэўнай краіне. І таму я заўсёды кажу, што гэтая моладзь, якая прыходзіць да нас вучыцца дыстанцыйна, мае большую пэрспэктыву за ўсіх іншых. І калі моладзь прыходзіць да нас, яны ня проста абіраюць нейкі канкрэтны курс ці спэцыяльнасьць – яны абіраюць больш: яны вучацца вучыцца, яны вучацца будучыні”.

Выкладчыку, прафэсару Мінянкову, які кіруе дыстанцыйным навучаньнем у ЭГУ, вы таксама можаце наўпрост задаць свае пытаньні (minin@ehu.lt). Зразумела, што на сайце ЭГУ (www.ehu-international.org)можна знайсьці нашмат больш, чым зьмясьцілася ў перадачы, тым больш, што для жадаючых вучыцца яшчэ ёсьць такая магчымасьць і сёлета.

Калі ж вы маеце прапановы, заўвагі, пытаньні да аўтара перадачы, то іх таксама можна даслаць па электроннай пошце на мой адрас pokladt@yahoo.co.uk

Я ўдзячная ўсім, хто напісаў мне пасьля першай перадачы Беларускае замежжа ў гэтым сэзоне, будзем рабіць гэтую перадачу разам, каб яна была цікавай і патрэбнай вам. Далучайцеся!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG