Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі сям’я зь іншай краіны выказвае жаданьне забраць дзіця зь інтэрнату і забясьпечыць яму лепшыя ўмовы, для дзяржавы гэта павінна быць выгадна"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за сераду, 20 верасьня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня Валянціна з Глыбокага: ) “Польшча 17 верасьня адзначыла 67-я ўгодкі савецкай агрэсіі. Гэта трагедыя і Заходняй Беларусі таксама. Памятаю, як мой дзед, успамінаючы, гаварыў са сьлязьмі на вачах пра падзеі верасьня 1939-га году. Пасьля савецкіх танкаў два дні магутна і радасна гралі музыку з рэпрадуктара, савецкія песьні. А потым пачалося: амаль палову Глыбокага пахапалі, гаспадароў, інтэлігентаў, хто служыў у Польскім войску. Жыла працавітая заможная сям’я Навіцкіх, дык нават іх нявестку, якая толькі-толькі нарадзіла дзіця, схапілі з бальніцы – і ў халодны вагон. Дзіця змаглі забраць сваякі потым. Каго адразу вывозілі, а каго ў бліжэйшы лес. Калі пачалося хуткае наступленьне, немцы пагналі на Ўсход. У сьпешцы на дарозе пачалі расстрэльваць, некаторыя змаглі выратавацца. А пазьней у гэтым лесе немцы зрабілі свой лягер ваеннапалонных.

Аляксандр Мілінкевіч знайшоў магілу польскага караля Панятоўскага. Добра. Але ці будзе ўзьведзены хаця б помнік успамін пра закатаваных бальшавікамі з Усходу? Ставяць жа помнікі тым, хто загінуў у прыродных катаклізмах, хто разьбіўся на самалёце. Дзякуй Богу, што ў нас не сьвяткуецца дзень 17 верасьня, як гэта ўжо прапаноўвалася. І сьвяткавалі б, запіваючы гарэлкай, і маўчалі б, схіліўшыся ў гародах, як за жалезнай засланкай. Як маўчаць цяпер, калі зьнікаюць лепшыя, калі топчацца ўсё лепшае нацыянальнае, беларускае. А кіраўнік дзяржавы, страціўшы надзею апрануць “шапку Манамаха”, хоча стаць лідэрам Трэцяга сьвету. Так ён дбае пра няшчасную Беларусь. І ўсё ж Беларусь будзе жыць”.

“Цяпер прыходзяць трывожныя паведамленьні пра захапленьне кіруючых у Беларусі гітлераўскай эстэтыкай. Што ж, ня дзіва. Змагаліся дзьве дыктатуры: гітлераўская і савецкая. Выконваючы свой плян вынішчэньня савецкіх партызан, немцы спальвалі і вёскі зь людзьмі. Але і такая інфармацыя для нашага беларускага гісторыка. Немцы дазвалялі адкрываць школы, і выкладаньне вялося не па-расейску, а па-беларуску. Кіраўнік Таварыства беларускай мовы раіць нам быць памяркоўнымі, асуджае настаўніка, які прыкаваў сябе ланцугом на знак пратэсту, і раіць, раіць усім быць памяркоўнымі. Няхай ён запытае ў Філярэта, чаму той, служачы Хрысту на Беларусі многа гадоў, так і не загаварыў па-беларуску. Можа, гэта таксама царкоўнае неўмяшаньне ў палітыку.

Маўчаць цяпер – цяжкі грэх. Я хрышчоная ў праваслаўе, але многа гадоў хаджу ў касьцёл, таму што там чую прыгожую беларускую мову ад сьветароў. Дзеткі сьпяваюць беларускія прыгожыя песьні. Прыхаджане зьвяртаюцца адзін да аднаго па-беларуску. Можа, гэта адзіныя астраўкі на Беларусі, дзе людзі не баяцца гаварыць па-беларуску. Яшчэ раз хачу сказаць, што маўчаць цяпер – цяжкі грэх. І ўсё ж, жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “У Дзень мытні пытаньне да Мілінкевіча: ці будзе лібэралізацыя імпарту з Эўразьвязу. Дзякуй”.

(Міхаіл зь Бярозы: ) “Паважаная “Свабода.” Некалькі слоў пра мае ўражаньні ад выступу Лукашэнкі ў Гаване. Як заўсёды, гаварыў шмат, як заўсёды, часта паўтараўся, як заўсёды, амаль ні пра што. Таленавіты чалавек шматслоўную ідэю Лукашэнкі, якую ён прывёз на Кубу, выказаў бы некалькімі словамі. А іменна: “Галадранцы, гоп да кучы!” Але чаго не дадзена, таго не дадзена. Відаць, уплывае выхаваньне на вершах Васіля Быкава”.

(Спадарыня: ) “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я хачу сказаць, што я веру ў Бога і веру ў Вас, шаноўная “Свабода”. Я веру, што Бог Вам дапаможа абараніць нашу Рэспубліку Беларусь. Я веру, што будзе так. А хто піша Вам, гаворыць, звоніць за Лукашэнку, – гэта нядобрыя людзі. Вы самі ведаеце, шаноўныя. Нядобрыя. Добрыя людзі супраць. Мы чакаем Зянона Станіслававіча Пазьняка, шаноўнага патрыёта нашай краіны Беларусі. Мы чакаем Шушкевіча і хочам усю апазыцыю вярнуць, якая была. Вось тады людзі зажывуць добра, спакойна і свабодна. А пры гэтай уладзе ня будзе добра. Яны ўсё робяць, каб толькі людзей прыцясьняць, каб абражаць, каб нешта сказаць, каб зрабіць нешта благое, нейкія цяжкасьці стварыць. Мы іх за тое ненавідзім, мы хочам іх зьвярнуць. І каб не было Лукашэнкі. Дзякую, шаноўная “Свабода”. Надзея толькі на Вас. Дзякую за ўвагу”.

(Марыя Іванаўна Бартось зь в. Квасоўка Гарадзенскага р-на: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Сёньня я чула па Радыё Свабода, што мужчына хоча сустрэцца з Лукашэнкам, а яго не пускаюць. Я таксама хачу сустрэцца, і тысячы людзей хочуць сустрэцца. Ён ня хоча прымаць нашыя скаргі і ня хоча ні пра што ведаць. Радыё Свабоду Лукашэнка слухае. Я вельмі добра ведаю, ён нават пра нейкія гранты кажа. Калі Лукашэнка кажа зрабіць нешта больш жорсткім, я разумею, што ён усё ведае. Мы яму нідзе не патрэбныя. Ён добра ведае, што яго начальнікі правядуць выбары. І мы ведаем, як правядуць. За нашыя мазалі яго стаўленікі паставілі столькі катэджаў! Лукашэнка столькі гаварыў, пакуль яго ня выбралі, што разьбярэ гэтыя катэджы па цагліне і раздаць бедным людзям. Гэты пункт ён ня выканаў. А наадварот, кажа зрабіць больш жорсткім. Гэта для нас. Вось і выбралі! Начальнікі набіваюць кішэні, а працаўнікоў – на абочыну жабракамі! Лукашэнка таксама пра гэта ведае больш, чым мы. Чаму за нас не заступаецца кіраўнік дзяржавы?! Чаму яму не патрэбныя мы?!”

(Алесь Петрашкевіч, драматург: ) “Добрага дня, радыёстанцыя “Свабода”. Днямі Вы паведамілі, што радыёстанцыя “Свабода” будзе прымаць мастацкія творы на Інтэрнэт. Інфармацыя была вельмі агульнай, таму патлумачце, калі ласка, якія формы літаратуры Вас цікавяць і ў якой форме яны будуць выкарыстоўвацца. Пісьменьнікі, каторыя ведаюць пра гэта паведамленьне, вельмі станоўча да гэтага адносяцца, але цікавяцца падрабязнасьцямі. Дзякую”.

(Спадар: ) “Крыху больш за месяц таму ў адной зь перадач прагучала прапанова ці заклік матэрыяльна дапамагчы Паповай Жаньне Ўладзімераўне зь Віцебску. Я адгукнуўся на гэты заклік, але на працягу месяца яна чамусьці не атрымала перавод. Хацелася б даведацца, што магло перашкодзіць так доўга не атрымліваць гэтыя невялікія грошы. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Паважанае Радыё Свабода, я прыйшоў з другой зьмены…І ці Вы ня можаце наладзіць трансьляцыю на кароткіх хвалях у гэты час?! У 12 гадзін. Нават расейскай службы. Таму што акрамя Кітая, Ізраіля і турак нічога не чутно. Няўжо Вы такія бедныя – Эўропа, Амэрыка і Ізраіль?! Прабачце. Дзякуй за ўвагу”.

(Валянцін Цюхай зь Беразіна: ) “Дзяржава выдаткоўвае немалыя сродкі на ўтрыманьне і выхаваньне дзяцей-сіротаў. Калі сям’я зь іншай краіны выказвае жаданьне забраць дзіця зь інтэрнату і забясьпечыць яму лепшыя ўмовы, фактычна замяніць бацьку і маці, для дзяржавы гэта павінна быць выгадна. Але чаму беларускія ўлады настойваюць на вяртаньні дзяўчынкі? Мне гэта нагадвае адну біблейную гісторыю. Прачытаю: “І сказаў Цар Садомскі Аўрааму: “Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе.” Але Аўраам сказаў Цару Садомскаму: “Паднімаю руку маю да Госпада Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі, што нават ніткі і рэменю з абутку не вазьму з усяго твайго, каб ты не сказаў “Я ўзбагаціў Аўраама”. (Быц 14) Ці аддаў Аўраам людзей, у Бібліі не напісана. Але, хутчэй за ўсё, што не. Бо ён ведаў, што рабілі зь людзьмі ў Садоме. Гэта ведаюць усе, нават тыя, хто не чытаў Біблію. Пэўнага кшталту гвалт і назву адпаведную мае: “садомскі грэх”. Я лічу, што Італія ні ў якім выпадку не павінна ісьці на саступкі лукашыстам”.

(Спадар: ) “Наконт пытаньня тыдня. Калі з гумарам, то я б не адмовіўся ад заробку, які сфарміраваў Прэзыдэнцкі фонд. Калі верыць Інтэрнэту, ён складае 9 мільярдаў даляраў за 12 год, гэта 750 мільёнаў у год, ці 2,5 мільёны ў месяц. А калі сур’ёзна, то мяне б задаволіў заробак у 3 тысячы эўра, як у цывілізаваных эўрапейскіх краінах, плюс эўрапейскія законы і ўмовы. Дзякуй”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Радыёслухач, якому здаецца, што ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі, вінаватыя Лябедзька, Вячорка, Шушкевіч, Мілінкевіч, забывае назваць і сябе. Бо вінаватыя Вы, здаецца, больш, таму што правакуеце гэтых паважаных актывістаў на барацьбу з падобнымі да Вас людзьмі. У адносінах да Вашай пэнсіі, якую Вы лічыце недастатковай, зьвяртайцеся да Лукашэнкі. Ні Лябедзька, ні Вячорка, ні Шушкевіч, ні Мілінкевіч ня могуць Вам яе павялічыць на дадзены момант, то бок няма ў іх на гэта паўнамоцтваў. А наконт іх паездак за мяжу, то яны выключна дзелавыя, па-першае. А па-другое, едуць яны туды, куды іх запрашаюць. Ня трэба ім зайздросьціць, а тым больш, лічыць іх фінансавыя сродкі. Вельмі не паважна выглядае вашая прэтэнзія да іх, мякка кажучы. Займіцеся якой-небудзь сур’ёзнай справай, зацікаўце людзей за мяжой…Магчыма, атрымаеце запрашэньне і Вы”.
XS
SM
MD
LG