Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Каця Рэзьнікава


Каця Рэзьнікава, Нью-Ёрк Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі падае Каця Рэзьнікава, 29-гадовая беларуска зь Менску, якая ад 1997 году жыве і працуе ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Нядзеля, 10 верасьня

Нягледзячы на тое, што сёньня нядзеля, мы працуем на двары каля хаты. У той час, калі мае дзяды і бацькі зьбіраюць ураджай бульбы на нашым дачным участку пад Менскам, мы цярпліва і рупліва даглядаем... траву перад нашай хатай. Прычым, часу, грошай і стараньня трацім на гэта ня менш. Прыгожы, дагледжаны газон – справа гонару добрага гаспадара, па зьнешнім выглядзе хаты і лугавінкі каля яе вызначаецца прэстыжнасьць і каштоўнасьць усяго раёну. Таму суседзі не дазволяць доўга лынды біць – зь нязьменнай ветлівай усьмешкай будуць міла цікавіцца, ці не зламалася ў вас касільная машына і прапануюць парады, як пазбавіцца ад дзьмухаўцоў.



А 4-ай гадзіне мы едзем на выставу ў Джэрсі Сіці. На зьезьдзе беларусаў Паўночнай Амэрыкі, які адбыўся 2 і 3 верасьня, мы бачылі частку экспазыцыі беларускіх мастакоў, якая адчыняецца сёньня ў адной з мастацкіх галерэяў Джэрсі Сіці. Выстава прысьвечаная творам беларускіх, грузінскіх і расейскіх мастакоў. Усе працы – сучасных мастакоў, усе належаць да адной эпохі, але зь першага позірку агульнай тэмы я не заўважаю. Творы, як і іх творцы і месцы, дзе яны працавалі, вельмі разнастайныя, эклектычныя, быццам турыстычныя паштоўкі з розных куткоў сьвету. Тут ёсьць усё – і клясычныя партрэты, і пэйзажы, і абстракцыі, і мітычныя сюжэты. Побач з нацюрмортам з бэзам бачу фантазію пра будучыню, а непадалёку ад іх – абстракцыя на тэму трагедыі 11 верасьня. І толькі калі мы абыходзім усю залю, гэтая разнастайнасьць пачынае мне здавацца абсалютна лягічнай – разам, карціны ствараюць адно цэльнае ўражаньне – вельмі дынамічнага, непастаяннага, блізкага і далёкага сьвету, у якім мы цяпер жывем.

Творы беларускіх мастакоў – у адным пакоі, таму менавіта там мы і спыняемся надаўжэй. На сьценах – творы Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Анатоля Бараноўскага, Генадзя Драздова, Ягора Батальёнка. У мяне ёсьць свой уласны крытэр вартасьці мастацкага твору – калі я хачу перанесьціся ТУДЫ, у сюжэт карціны, гэта значыць, твор закрануў нешта ў душы.

Я спыняюся каля дзьвюх працаў Ягора Батальёнка – абедзьве быццам зацягнуты смугою, гэта не рэальнасьць і ня сон, а нейкі прамежкавы стан быцьця – і я ў думках там, дзе паружавелы захад сонца праглядвае праз шэрую заслону туману першай карціны і ў думках жмуру вочы ад яркага залатога сонца, якое напаўняе другую. Мой роздум абрывае размова людзей, зь якой я раптам разумею, што стаю побач з адным з мастакоў – Алесем Шатэрнікам! Я шапчу мужу: “Трэба пазнаёміцца”. Мы прадстаўляемся і размаўляем некалькі хвілін з мастаком пра яго творы, пакуль ён ня вымушаны вярнуцца да свайго суразмоўцы.

І сустрэча, і сама выстава беларускіх мастакоў была нечаканасьцю, але якой прыемнай! На карцінах мы пабачылі Беларусь часткай сьвету, часткай сусьветнай палітры, і з гонарам адчулі – наколькі ўнікальнай, каштоўнай, непаўторнай яна ёсьць, нават пры ўсёй стракатай і буйнай разнастайнасьці сьвету.

Панядзелак, 11 верасьня

Раніцай, перад адыходам на працу, зь цяжкім прадчуваньнем уключаю тэлевізар. Я ведаю загадзя, якія кадры ўбачу, бо сёньня – 11 верасьня, пятая гадавіна тэракту ў Нью-Ёрку. На жудасныя падзеі, якія, у каторы раз, разгортваюцца на экране, цяжка глядзець і сёньня, а тады, пяць год таму, мы хадзілі анямелыя, не маглі паверыць уласным вачам. На экране сёньня тыя самыя сцэны: чорны дым валіць з параненых вежаў, крыкі, сырэны пажарных і паліцэйскіх машын. Дзякуй Богу, сёньня на экране няма надпісу ‘LIVE’ (жывы эфір).

На працы панядзелак праходзіць, здаецца, як звычайна, толькі заўважаю, што ў офісе неяк цішэй, чым заўсёды, а супрацоўнікі часьцей заходзяць адзін да аднаго, пачынаюць размовы, найчасьцей ўзгадваючы ня сам тэракт, а тое, як іх жыцьцё зьмянілася з таго часу, распавядаюць пра штодзённыя клопаты, якіх раней не існавала: меры бясьпекі і шматгадзінныя чэргі і праверкі ў аэрапортах, засьцярогі дзярждэпартамэнту пра падарожжа за мяжу, нябачная небясьпека, якая можа чакаць у цягніку, у падземцы, на вуліцы.

Мне здаецца, за апошнія пяць год я была сьведкаю пераменаў у амэрыканскім мэнталітэце, пераломнага часу ў сталеньні гэтай нацыі. Вядомая амэрыканская адкрытасьць, добразычлівасьць, шырокая ўсьмешка ўсё яшчэ зьяўляюцца візытнай карткай у сьвеце, але я заўважаю занепакоенасьць і задуменнасьць, а таксама большую дасьведчанасьць, увагу да палітычных падзей як у краіне, так і за мяжой. Вельмі балючая раптам выкрылася праўда – жыцьцё, бясьпека і дабрабыт у сёньняшнім сьвеце нікому не гарантаваныя, мы ўсе жывем у вельмі нестабільны час і ўзаемазалежым адзін ад аднаго.

Амэрыканцы пераглядаюць сваё стаўленьне да сваіх свабод – як абараніць сябе ад не прадбачнай, схаванай небясьпекі тэрарызму і ў той самы час ня здрадзіць сваім каштоўнасьцям і свабодам, на якіх была заснаваная краіна?

А Беларусь тым часам прадае зброю Ірану. Гэта, дарэчы, была першая навіна, якую я пачула на CNN пра Беларусь… Прыкра! Пры гэтым, у Беларусі ўлады адначасна спрабуюць скарыстаць пагрозу тэрарызму дзеля перасьледаваньня апазыцыі – усё, што для гэтага трэба, гэта напалоханае насельніцтва, недахоп аб’ектыўнай інфармацыі і абвінавачваньне ў тэрарызьме ўсіх, хто не падтрымлівае афіцыйны ўрад. Здавалася б, які тэракт можа здарыцца ў краіне, якая заўважаная ў такіх сяброўскіх адносінах зь Іранам?

Але пакуль я размаўляю са сваімі амэрыканскімі супрацоўнікамі, я не магу не натхніцца іх патрыятычным уздымам, перакананьнем у сваіх каштоўнасьцях і ідэалах свабоды. І хоць я не заўсёды згаджаюся з амэрыканскімі палітыкамі, а знаходжу надзею і ўпэўненасьць у неўміручым аптымізьме, учэпістасьці і ўпартасьці простых амэрыканцаў, і веру, што іх каштоўнасьці, якія сталі і маімі, у нас атрымаецца аберагчы.

Аўторак, 12 верасьня

На працы назьбіралася шмат праектаў – на мінулым тыдні панядзелак быў выходны (Labor Day), і я ўсё яшчэ адчуваю прапушчаны дзень. Я працую ў Johnson & Johnson, у аддзеле кіраўніцтва і стратэгіі кантрактаў. У маім аддзеле спалучаюцца веды пра фармацэўтычны рынак, страхавую індустрыю і дзяржаўныя законы ў сфэры аховы здароўя. Гэты рынак мяняецца кожны дзень, а фармацэўтычная індустрыя кантралюецца дзяржавай, таму трэба сачыць за зьменамі ў рынку, паводзінамі пакупнікоў і канкурэнтаў, новымі тэндэнцыямі і законамі. Свабодны рынак – стыхія бязьлітасная і жорсткая, таму кожны чалавек у кампаніі адказны за тое, каб нам ня толькі застацца на плыву, але выйсьці ўперад – знайсьці новыя лекі, прыдумаць арыгінальную маркетынгавую кампанію, зрабіць больш дасканалую кантрактную мадэль, зрабіць так, каб вытворчасьць адпавядала патрабаваньням дзяржаўных стандартаў.

Але гэта ўсё на высокім узроўні, а сёньня мне галоўнае пасьпець падрыхтаваць матэрыялы і падлікі да нарады з мэнэджэрам па маркетынгу а трэцяй гадзіне. Прайшлася па фінансавай мадэлі, даклады аб продажы зрабіла, засталося толькі параіцца аб нечым з нашым карпарацыйным адвакатам. Адчыняю каляндар Outlook – Хьюстан: у нас праблема – каляндар нашай адвакаткі, Эн, забіты з раніцы да вечару. Даводзіцца званіць і маліць – please, тэрмінова трэба, адно хуценькае пытаньне. Як заўсёды камплімэнт і ўзгадваньне пра яе падабенства да гераіні тэлесэрыялу “Sex and the City”, Міранды, спрацоўвае. Уфф...

Чым больш я працую з амэрыканцамі, тым больш бачу, наколькі большасьць з іх плястычныя ў адносінах да свайго жыцьця і працы, што яны сапраўды кантралююць сваё жыцьцё і посьпехі, могуць перавынайсьці сябе, пераасэнсаваць свае мэты і мары амаль што на любым этапе жыцьця, памяняць кар’еру, пераехаць, вярнуцца ў каледж і атрымаць іншую ці дадатковую адукацыю. Але я цудоўна разумею, што ў іх таксама шмат магчымасьцяў, якіх у людзей у Беларусі, напрыклад, проста няма. І тым больш выклікаюць захапленьне беларусы, якія не складаюць рук у цяжкіх абставінах і спрабуюць нешта рабіць і ня толькі дзеля сябе, але і дзеля агульнай справы, дзеля Беларусі.

Яшчэ большага захапленьня заслугоўвае беларуская моладзь, якая спрабуе знайсьці сваё месца ў сьвеце ў атмасфэры ізаляцыі, поўнага дзяржаўнага кантролю і прапаганды. Беларуская моладзь вымушана адстойваць сваю чалавечую і нацыянальную годнасьць у першую чаргу, каб мець магчымасьць рэалізаваць свой патэнцыял. Я бачу цяпер гэты пошук на прыкладзе свайго брата, які закончыў інстытут у Менску ў гэтым годзе, а таксама ў сваіх былых аднаклясьніках зь ліцэю, зь некаторымі зь якіх я сустракалася гэтай зімою. Мае сяброўкі зь ліцэю пры БДУ– гэта мае натхненьне. Я ганаруся імі – іх мужнасьцю, чалавечнасьцю, таленавітасьцю. Мне шкода, што шмат хто з нас раскіданы па сьвеце. Сёньня, напрыклад, атрымала е-mail ад знаёмай, таксама былой ліцэісткі, якая зараз працуе ў штатах, але хутка зьбіраецца ехаць у Аўстралію... Яшчэ далей ад роднай зямлі...

Калі прыходжу дадому, то не пасьпеўшы адчыніць дзьверы, чую, як нехта нецярпліва скрабецца і мяўчыць з-за дзвярэй. Гэта наша котка Міні, чорная, з шыкоўнымі белымі вусамі і белай плямкай на шыі і белымі, быццам яна ў пальчатках, лапкамі. “На кухонным стале таньчыць чорная котка”, як сьпявае Кася Камоцкая, – гэта дакладна пра нашу Міньку, дарма што ў белых пальчатках, але манэраў аніякіх. Куляецца па падлозе, зараз будзе прасіцца на вуліцу.

Неўзабаве вяртаецца з працы муж, і мы разам слухаем запіс майго ўчарашняга дэбюту на Радыё Свабода ў прамым эфіры. Я вырашаю для сябе, што больш НІКОЛІ ня буду сьмяяцца з памылак і замінак іншых у прамым эфіры. Гэта нейкі дзіўны стан, нешта накшталт таго, калі ў школе выклікалі да дошкі і ты забываўся, колькі будзе 2+2. На клясычнае пытаньне вядучай пра мае літаратурныя інтарэсы ў галаву настырна лезе думка пра тое, што скажа вядучая, калі я прызнаюся, што з захапленьнем чытаю ўжо чацьвёрты том з сэрыі пра Гары Потэра… А калі скажу, што пасьля раману Юрыя Станкевіча “Любіць ноч – права пацукоў” хочацца схаваць кніжку ў цёмную шафу і ніколі яе больш не адчыняць? Не, гэта немагчыма растлумачыць за некалькі хвілін, таму ў эфіры мармычу нешта невыразнае.

Серада, 13 верасьня

Сёньня сыпле дробны няспынны дождж. Хачу скруціцца пад коўдрай і спаць увесь дзень, але трэба зьбірацца і ехаць на працу. З сабой захопліваю некалькі раздруковак ліста – звароту да кангрэсмэнаў у падтрымку Закону аб Дэмакратыі ў Беларусі. Свайму кангрэсмэну мы з мужам ліст ўжо даслалі, але трэба шукаць падтрымкі ўсюды: чым больш людзей заклічуць сваіх кангрэсмэнаў падтрымаць гэты закон, тым лепей. Закон аб Дэмакратыі ў Беларусі ўпершыню быў падпісаны Прэзыдэнтам Бушам у 2004, і беларуская суполка праводзіць кампанію, каб гэты закон зноў быў пацьверджаны ў Кангрэсе гэтай восеньню.

Дзень на працы пачынаецца са сходу ўсяго аддзелу. Звоняць двое калег, якія цяпер у камандзіроўцы ў Нью-Мэксыка, скардзяцца, што самалётная лінія згубіла іх валізкі, і яны вымушаныя былі бегчы ў краму перад сустрэчай з кліентамі і купляць новыя касьцюмы. Мы па-сяброўску суцяшаем: усё да лепшага, усё роўна вам даўно ўжо трэба было замяніць гардэроб.

Кожны з нас расказвае пра свае праекты, дзеліцца ведамі, задае пытаньні. У нас надзіва, нават для Амэрыкі, разнастайная група. Я працую зь людзьмі ірляндзкага, італьянскага, польскага, кітайскага, японскага, мэксыканскага паходжаньня, але нас нешта аб’ядноўвае, нешта трымае разам.

Калі выдаецца свабодная хвілінка, я размаўляю зь некаторымі з калег, расказваю пра Закон аб Дэмакратыі ў Беларусі, яны, здаецца, зацікаўленыя, пачынаюць шукаць адрас свайго кангрэсмэна ў Інтэрнэце.

Чацьвер, 14 верасьня

Роўна праз тыдзень да нас у госьці прыедзе мая мама! Я проста скачу ад шчасьця, калі аб гэтым думаю. Я ўяўляю яе ўсьмешку і самыя блакітныя, самыя прыгожыя вочы на сьвеце. Цэлыя два тыдні яна будзе побач са мной, цэлыя два тыдні мы будзем пад адным дахам. Я ўяўляю яе твар, асьвечаны ліхтарамі Брадвэю, як яна зьдзівіцца і будзе ўзрадаваная нашаму прагрэсу з рамонтам хаты. Бацька ня змог прыехаць – шмат працы. Я хвалююся за яго, ён зашмат працуе. Я хвалююся пра сваіх бацькоў, а яны хвалююцца пра мяне. Гэта – хранічны сымптом эміграцыі.

Я прыходжу з працы раней, бо трэба яшчэ шмат заплянаваць на гэтыя два тыдні, тэлефанаваць і ўзгадняць. Мы паедзем на тры дні на Кейп Кад – гэта такі раён у штаце Масачусэтс на беразе акіяну. Але галоўнае, трэба ўжо цяпер брацца за генэральную прыборку хаты, каб гаспадарам сорамна не было.

Але праз усю гэтую мітусьню мне сьвеціць думка – да мяне едзе мама!
XS
SM
MD
LG