Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна атрымаць паўнавартасны дыплём замежнага ўнівэрсытэту, не пакідаючы Беларусі?


Тацяна Поклад, Вільня Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа" (1 частка)

Дыстанцыйнае навучаньне мала вядомае ў Беларусі, але карыстальнікі інтэрнэту пра яго ведаюць. Дый многія іншыя, пэўна, прынамсі, чулі пра магчымасьць вучыцца on-line, калі можна не пакідаючы сваёй краіны, нават свайго дома, быць студэнтам замежнага ўнівэрсытэту.

Ягор вучыцца дыстанцыйна трэці год. “Традыцыйным” спосабам ён вывучае сацыяльную псыхалёгію на дзённым аддзяленьні ў Варшаве, а дыстанцыйна вывучае спэцыяльнасьць “Музэйная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.

(Ягор:) “Я лічу, што гэта для такіх актыўных, мабільных людзей. І калі нават дубляваць, – браць тую самую спэцыяльнасьць і дзённа, і дыстанцыйна ў розных навучальных установах, гэта сапраўды дапамагае адно аднаму, дае магчымасьць атрымаць разанабаковыя веды па спэцыяльнасьці. І больш магчымасьцяў знайсьці працу. Сапраўды, шмат такіх, хто праз дыстанцыйнае навучаньне прагнуць атрымаць другі дыплём”.

Я запыталася Ягора, ці азначае гэта, што ён атрымае два дыплёмы?

(Ягор:) “Ведаеце, нават тры. Так атрымалася, што калі зьмяняліся праграмы, высьветлілася, што ў мяне ўсяго два крэдыты складаюць розьніцу са спэцыялізацыяй “Беларусістыка”, якая таксама ёсьць у ЭГУ. Гэта заўважылі выкладчыкі, патлумачылі.

Гэта азначае, што трэба атрымаць толькі два крэдыты, і будзе яшчэ дадаткова поўны курс па спэцыяльнасьці “Беларусістыка”. І такім чынам, ёсьць магчымасьць па маёй спэцыялізацыі атрымаць яшчэ два бакаляўрскіх дыплёмы. Маецца магчымасьць залічэньня крэдытаў, якія я атрымаў у Варшаве, калі яны будуць супадаць па дысцыплінам”.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, дзе вучыцца Ягор, зарэгістраваны і акрэдытаваны ў Літве, яго дыплёмы прызнаюцца ва ўсіх краінах Эўразьвязу. У Вільні на дзённым аддзяленьні вучацца студэнты зь Беларусі, якім дзеля гэтага давялося пераехаць у Літву.

Тым часам, два гады таму, пасьля закрыцьця ўнівэрсытэту беларускімі ўладамі, тут зьявілася дыстанцыйнае навучаньне. Спачатку гэта былі асобныя курсы, пасьля была створаная экспэрымэнтальная група паўнавартаснага сыстэмнага дыстанцыйнага навучаньня, а сёлета – набор на дзевяць спэцыяльнасьцяў. Па заканчэньні студэнты атрымаюць звычайныя дыплёмы. Вучыцца яны будуць... для многіх больш звыкла гучыць слова “завочна”, але гэта будзе завочнае навучаньне on-line, альбо, дыстанцыйнае навучаньне – навучаньне на адлегласьці.

Праграмы тыя ж самыя, што і на стацыянары. Два разы на год будзе магчымасьць пабачыць сваіх выкладчыкаў і аднакурсьнікаў на тыднёвых сэсіях у Вільні. Выкладчыкі паведамілі мне, што ЭГУ рупіцца, каб на гэта студэнтам даводзілася выдаткоўваць мінімальныя сумы грошаў. А навучаньне цалкам бясплатнае, адно што вырашаецца яшчэ пытаньне пра ўступны ўзнос на адміністратыўныя выдаткі.

Прафэсар Рыгор Мінянкоў кіруе цэнтрам дыстанцыйнага і завочнага навучаньня ў ЭГУ. Ён і растлумачыў мне, што па-сутнасьці, усё завочнае навучаньне тут – дыстанцыйнае, бо завочнае ў старой форме ня мае пэрспэктываў.

(Мінянкоў: ) “Напэўна, вы ведаеце, што такое было завочнае навучаньне ў ранейшыя часы – “чарга за дыплёмам” яго называлі. Вядома, хто хацеў, вучыўся, але такіх было няшмат, бо магчымасьці ня тыя... Выкладчык і студэнт сустракаюцца раз ці два, а паміж сустрэчамі на сэсіях – ніякіх кантактаў.

Тут зусім іншая мадэль. З аднага боку, сыстэма Moodle дае ўсе магчымасьці ўзаемадзеяньня са студэнтамі. Гэта магчыма ў рэальным часе! Выкарыстоўваючы чаты, канфэрэнцыі. Больш за тое, магчымая праца з групай. З іншага боку, калі б толькі я не адкрыў старонку, я бачу як працуе студэнт. Колькі часу ён быў на сайце. Што ён прачытаў. Нават калі ён гэта прачытаў! Так што тут такая ўжо і дысцыплінарная нейкая ўлада ў выкладчыка. І – сталы кантакт са студэнтамі. Вы самі можаце завітаць на наш сайт www.ehu-international.org і паглядзець”.

Дыстанцыйнае навучаньне па сваім узроўні і якасьці дае нават большыя магчымасьці, чым стацыянар, паколькі дазваляе запрашаць на пэўныя курсы выкладчыкаў з усяго сьвету.

(Мінянкоў: ) “Мы дамаўляемся з іншымі ўнівэрсытэтамі пра сумесныя курсы на дыстанцыйным навучаньні. Напрыклад, зараз у нас адбываецца працэс каардынацыі з Мічыганскім унівэрсытэтам. Мне давялося там быць на стажыроўцы. Мы выпрацавалі шэраг напрамкаў працы і цяпер іх канкрэтызуем. Гэта могуць быць і асобныя курсы, і павышэньне кваліфікацыі выкладчыкаў”.

А студэнтам дае магчымасьць атрымоўваць веды паводле найлепшых міжнародных стандартаў, не пакідаючы сваёй краіны.

Прафэсар Рыгор Мінянкоў распавёў, што такім чынам вучацца, напрыклад, і студэнты дзяржаўных ВНУ зь Беларусі, якія не плянуюць пакідаць цяпер сваю краіну, але разумеюць хібы цяперашняй гуманітарнай адукацыі ў дзяржаўных установах і думаюць пра сваю будучыню.

(Мінянкоў: ) “Што атрымоўваецца? Многія маладыя людзі, якія жывуць у Беларусі, думаюць пра тое, каб атрымаць дыплём для працы ў сваёй краіне, і арыентуюцца на беларускія дзяржаўныя ВНУ. Але яны разумеюць, што ім яшчэ нешта трэба... І многія зь іх, хто вучыцца на дзённых аддзяленьнях, – я ня буду казаць, зь якіх, каб людзі не мелі праблемаў, – ідуць да нас. Маладое пакаленьне пачынае разумець, што ім неабходная сучасная адукацыя. А гэтыя дыплёмы, якія яны атрымаюць у нас, дазволяць ім і выходзіць на міжнародны рынак працы, і працягваць адукацыю ці ў нашым унівэрсытэце ў магістратуры, ці ў любым эўрапейскім унівэрсытэце. Гэта таксама цікавая магчымасьць, бо нашая мадэль навучаньня і дзённага, і завочнага (дыстанцыйнага) будуецца паводле балёнскай мадэлі, – паводле якой працуюць усе ўнівэрсытэты Эўропы, апрача беларускіх”.

Гэта азначае, што той, хто закончыў у адным з такіх унівэрсытэтаў, да прыкладу, бакаляўрскую праграму, можа ісьці ў любы іншы эўрапейскі ўнівэрсытэт працягваць адукацыю па сваёй спэцыяльнасьці, у магістратуры.

(Мінянкоў: ) "Адносна моваў навучаньня. Дыстанцыйная адукацыя, калі мы возьмем амэрыканскую мадэль, – гэта ангельская мова. Расея – гэта расейская мова. А нашыя магчымасьці дазваляюць даваць гэтую адукацыю і на беларускай, і на ангельскай, і на нямецкай, і на расейскай мовах. Тут права выбару студэнта. Калі студэнт хоча атрымаць адукацыю толькі на беларускай мове, гэта можна зрабіць, таму што Moodle дазваляе, ён мае беларускі інтэрфэйс”.

Калі не пра ўсё, што кожнаму з вас цікава, я распытала ўдзельнікаў перадачы, вы можаце напісаць ім самі. Ягор на маю просьбу для гэтага паведаміў адрас сваёй электроннай пошты: rohayi@gmail.com

Выкладчыку прафэсару Мінянкову, які кіруе дыстанцыйным навучаньнем у ЭГУ, вы таксама можаце наўпрост задаць свае пытаньні (minin@ehu.lt).

Калі ж вы маеце прапановы, заўвагі, пытаньні да мяне, то іх таксама можна даслаць па электроннай пошце на мой адрас pokladt@yahoo.co.uk

Я ўдзячная ўсім, хто напісаў мне пасьля першай перадачы "Беларускае замежжа" ў гэтым сэзоне, будзем рабіць гэтую перадачу разам, каб яна была цікавай і патрэбнай вам. Далучайцеся!
XS
SM
MD
LG