Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на Давыдаўскім рынку затрыманы актывіст АГП


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі на Давыдаўскім рынку міліцыя затрымала актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына. На рынку ён раздаваў улёткі пра праблемы прадпрымальнікаў і сыстэму падаткаабкладаньня.

Міліцыянты адвялі актывіста ў пункт падатковага кантролю, які разьмешчаны на рынку. Гаворыць спадар Толчын:

(Толчын: ) “Мяне замкнулі ў памяшканьні. Я прасіўся ў прыбіральню, але мне адказалі: не, ты ня пойдзеш”.

Так доўжылася гадзіны паўтары, пакуль на рынак не прыехаў намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу міліцыі маёр Генадзь Юнчыц. Ён заявіў Андрэю Толчыну, што міліцыя затрымала яго для высьвятленьня асобы. Актывіст меў пашпарт, у якім, аднак, не пазначанае месца прапіскі.

Міліцыянты склалі пратакол на Андрэя Толчына паводле артыкулу 179 Адміністрацыйнага кодэксу — пражываньне бяз пашпарта альбо прапіскі.

5 кастрычніка спадар Толчын мусіць зьявіцца на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі Савецкага раёну Гомелю. Актывісту пагражае штраф да трох базавых велічыняў.
XS
SM
MD
LG