Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выйдзе пераможцам з палітычнага крызісу ў Вугоршчыне?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Вугоршчыне працягваецца палітычны крызыс. Мінулай ноччу зноў адбыліся сутычкі паміж паліцыяй і прыхільнікамі апазыцыі, якая заклікае да адстаўкі прэм’ер-міністра Фэрэнца Дзюрчаня. Былі параненыя да 50 чалавек. Пад раніцу паліцыя выкарыстала сьлезацечны газ, каб расьсеяць дэманстрантаў, якія бурна пратэставалі каля штаб-кватэры кіроўнай Сацыялістычнай партыі.

Прычынай гневу апазыцыйных сілаў – прызнаньне прэм’ера-сацыяліста, запісанае ў часе сакрэтнай сустрэчы кіраўнікоў партыі і абнародаванае мясцовымі СМІ ў нядзелю 17 верасьня. Гэтае прызнаньне выклікала самую вялікую хвалю гвалту ў краіне пасьля Вугорскага паўстаньня 1956 году.

Фэрэнц Дзюрчань – 45-гадовы палітык, які ў свой час лічыўся адным з самых пасьпяховых маладых лідэраў у посткамуністычнай Усходняй Эўропе, – прызнаўся, што ягоны ўрад каля двух гадоў хлусіў народу пра стан эканомікі дзеля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у красавіку сёлета.

Кабінэт сацыялістаў стаў першым урадам у посткамуністычнай Вугоршчыне, які здолеў перамагчы на парлямэнцкіх выбарах два разы запар. І толькі пасьля выбараў сацыялісты абвясьцілі праграму строгай эканоміі бюджэту, бо яго дэфіцыт сёлета можа дасягнуць 10 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту, што ёсьць найвышэйшым паказчыкам сярод усіх 25 краінаў Эўразьвязу.

Дзюрчань адмовіўся падаць у адстаўку. Тым часам некаторыя аналітыкі выказваюць меркаваньне, што ён як палітык можа нават набраць дадатковыя пункты ў гэтым крызісе. Адразу ж, як выбухнуў скандал, Дзюрчань зьявіўся на ўсіх тэлеканалах, дэманструючы гатовасьць адказваць на любыя пытаньні і пашыраючы кантэкст сваіх меркаваньняў.

Фэрэнц Дзюрчань зрабіў выдатную кар’еру і ў палітыцы, і ў бізнэсе. Ён нарадзіўся ў беднай сям’і ў заходняй Вугоршчыне. У камуністычную пару быў лідэрам маладых камуністаў. Напрыканцы 1980-х гадоў Дзюрчань пакідае палітыку на карысьць вельмі пасьпяховага, але спрэчнага бізнэсу. Ягоныя апанэнты кажуць, што ён карыстаўся сваімі былымі камуністычнымі сувязямі, каб дасягнуць дабрабыту, які тры гады таму ацэньваўся ў 15 мільёнаў даляраў.

Цяпер Фэрэнц Дзюрчань – арыентаваны на рынак лідэр сацыялістаў і кіраўнік іхнага ўраду. Напярэдадні выбараў 2004 году Сацыялістычная партыя мела патрэбу ў прывабным лідэры, бо на чале кансэрватараў стаяў харызматычны папуліст Віктар Орбан, якога трэба было перамагаць. І Дзюрчань змог і пратрымаць сацыялістаў два тэрміны ва ўладзе, і апярэдзіць у папулярнасьці Орбана.

Шэраг аналітыкаў кажуць, што карані канкурэнцыі гэтых двух палітычных дзеячаў – у іхным падабенстве. Абодва – маладыя (Орбану – 44 гады), абодва ў мінулым былі зьвязаныя з моладзевымі камуністычнымі арганізацыямі, абодва – бізнэсоўцы, арыентаваныя на посьпех. Яны ня любяць адзін аднаго, бо абодва – выразныя палітычныя зоркі.

Хто выйдзе пераможцам з гэтага палітычнага крызісу, пакуль невядома. Але першыя вынікі зьявяцца хутка – на мясцовых выбарах, прызначаных на 1 кастрычніка. Пакуль у апытаньнях наперадзе кансэрватары Орбана. Але, з другога боку, так было і перад усеагульнымі выбарамі, а перамаглі тады сацыялісты Дзюрчаня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG