Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гадоў таму праз Курапаты пачалі пашыраць МКАД (фотарэпартаж)


Ганна Соўсь, Курапаты 20 верасьня 2001 году ўвечары пачалося пашырэньне Менскай кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Адначасова адбывалася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі на другі прэзыдэнцкі тэрмін.

У той жа дзень увечары “Свабода” перадала рэпартаж з урочышча — гучалі інтэрвію з магілёўскімі будаўнікамі, якія працавалі, ня ведаючы, што гэта месца масавых расстрэлаў. Сёньня ўрочышча наведаў намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, адзін з абаронцаў Курапатаў.

Як і пяць гадоў таму, на курапацкай зямлі — сьляды будаўнічай тэхнікі. Гэтым разам экскаватары засыпалі зямлёй абваленыя адхоны кальцавой дарогі. Пасьля здачы дарогі ў эксплюатацыю яны рэгулярна асыпаюцца пасьля дажджоў. Юрась Беленькі згадвае, як пасьпешліва й гвалтоўна будавалася дарога.



(Беленькі: ) “Без праекту пачалі будаваць гэтую дарогу. Памятаю той дзень, калі АМОН брутальна разагнаў пікеты, і ўсё ж мы ладзілі дзяжурствы. І ўначы я прыйшоў і пабачыў, як выставілі пражэктары, і больш за дзесяць адзінак тэхнікі на гэтым маленькім адрэзку дарогі працавалі ўначы, як яны сьпешна, па-бандыцку рабілі насып у гэтым месцы”.


Бульдозэры засыпаюць зямлёй крыжы й людзей (фота Ўладзімера Кармілкіна)

24 верасьня 2001 году ў Курапатах паўстала ўнікальная кругласутачная вахта памяці, якая доўжылася больш за восем месяцаў. Празь яе прайшлі сотні людзей — пераважна моладзь. Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пяць гадоў актыўна ўпарадкоўвалі ўрочышча. Іхнымі намаганьнямі й ахвяраваньнямі ў Курапатах паўстала болей за паўтысячы крыжоў — яны атачаюць усю тэрыторыю нэкропалю.



За пяць гадоў Курапаты неаднойчы спазналі барбарства вандалаў. Спадар Беленькі згадвае, як узімку сябры ягонай партыі змывалі нанесеную на крыжы й памятныя знакі свастыку. Але сьляды вандалаў яшчэ засталіся, і намесьнік кіраўніка КХП БНФ кажа, што па часе на талацэ іх паспрабуюць канчаткова прыбраць.



(Беленькі: ) “Кожную суботу талака адбываецца, і вельмі прыемна, што зусім маладыя людзі прыходзяць. Што тычыцца былых актаў вандалізму, то мы бачым, што ўсё ж сьляды тых брутальных дзеяньняў засталіся. Мы знойдзем спосаб, каб цалкам ачысьціць, каб увогуле гэтай брыдоты не было на курапацкіх помніках”.

Юрась Беленькі зьвяртае ўвагу на тое, што захавалася некалькі дзясяткаў самаробных крыжоў, якія людзі ставілі ў Курапатах пяць гадоў таму, каб не дапусьціць ва ўрочышча будаўнічай тэхнікі. Адзін зь іх паваліўся, і спадар Беленькі наноў усталяваў яго ля адхону.



(Беленькі: ) “Самае галоўнае, што тады зьніклі ілюзіі, што дзяржава возьме на сябе клопат пра помнік першай катэгорыі. Стала зразумела, што калі мы ня возьмем на сябе клопат пра стан Курапатаў, ня возьме ніхто. І таму сёньня Курапаты ў лепшы бок зьмяніліся. І мы гэта бачым”.

У 1937—1941 гадах ва ўрочышчы Курапаты карнікі НКВД забівалі бязьвінных людзей. Паводле розных падлікаў, тут было расстраляна ад 40 да 250 тысяч чалавек.


9 лістапада 2001 году. Сяргей Папкоў, Уладзімер Юхо, невядомы спадар і Дзяніс Чыкалёў з крыжамі стаяць на дарозе перад будаўнічай тэхнікай. Фота Ўладзімера Кармілкіна, які пайшоў з жыцьця летам 2002 году.
XS
SM
MD
LG