Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У маёй вёсцы замест фэрмы — руіны”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 20 верасьня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Штодзённае жыцьцё ў яго разнастайных праявах — вось галоўная тэма большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя верасьнёўскія дні.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага слухача Івана Бародзіча. Жыве ён цяпер у расейскім пасёлку Хіславічы Смаленскай вобласьці, але сэрцам застаецца на радзіме, у вёсцы Дзягавічы Крычаўскага раёну. Там нарадзіўся, вырас, часта там бывае і хвалюецца за лёс роднай вёскі.

“Раней думаў: вось выйду на пэнсію і вярнуся дамоў, у бацькоўскую хату, век дажываць. Але ў апошнія гады нешта незразумелае адбываецца з маёй вёскай. Развальваецца яна на вачах. Чатыры гады таму распаўся калгас, яго па-барбарску зьнішчылі. Яшчэ дзесяць гадоў таму і быдла тут было, і хлеб сеялі, і лугі касілі. Усё буяла.

Цяпер нічога не засталося. Замест фэрмаў — руіны, на палях — быльнёг. Сад зьдзічэў. Вуліцы вясковыя паступова прыходзяць у заняпад. Моладзь зьяжджае, а старыя паміраюць. Мясцовыя начальнікі задумалі засадзіць апусьцелыя палі лесам. І што ж гэта атрымліваецца: развалілі калгас, парэзалі скаціну, самі катаюцца на іншамарках, пакуплялі сабе ў горадзе кватэры — а цяпер вёску лесам засадзіць, і канцы ў ваду?

Мясцовыя ўлады зьбіраюцца ў 2008 годзе будаваць у суседняй вёсцы Чырвоная Буда (гэта за дзевяць кілямэтраў) аграгарадок. Вось туды, кажуць, і пераселяць усіх жыхароў Дзягавічаў. Але ў людзей тут хаты, гэта іх радзіма. Навошта ім кудысьці ехаць? У Дзягавічах ёсьць і школа — вялікая, двухпавярховая. Пакуль ёсьць і дзеці. Але гэта — сёньня. А заўтра гэтую школу зачыняць. І зьявяцца чарговыя руіны. Людзі кажуць: “Куды толькі ні пісалі — толку няма, усё бескарысна. Адказваюць: такіх, як вы, многа”. А яны галасавалі за Лукашэнку, спадзяваліся на лепшае. А што атрымалі? Суцэльны падман.

І як у такім разе зразумець прэзыдэнцкую праграму адраджэньня вёскі? Якое ж гэта адраджэньне, калі дабрабыт адных будуецца на няшчасьці другіх? Гэта проста нейкае шкодніцтва. Беларуская вёска мэтанакіравана зьнішчаецца, а ўлада на гэта ніяк не рэагуе. Ці я чагосьці не разумею?”

Такі ж лёс напаткаў ня толькі вашы, спадар Бародзіч, Дзягавічы. Тысячы беларускіх вёсках ва ўсіх раёнах і абласьцях імкліва паміраюць без усялякіх шанцаў на тое, што гэты працэс удасца спыніць. Спыняць няма каму і няма за што. Калі вёска ня трапіла ў пералік аграгарадкоў, пэрспэктывы ў яе змрочныя: на працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў яна, хутчэй за ўсё, зьнікне з мапы.

Ці можна было прадбачыць і прадухіліць гэтую небясьпеку? Улады цяпер спасылаюцца на тое, што выратаваць усе вёскі немагчыма, бо на тое ня хопіць грошай. Таму, маўляў, і ўзяліся за ідэю аграгарадкоў.

Але няўжо пятнаццаць і дваццаць гадоў таму не было відавочна, што дэградацыя калгасаў непазьбежная? У тых вёсках, якія сёньня асуджаныя на выміраньне, яшчэ было шмат працаздольных людзей, яшчэ працавалі мэхдвары і фэрмы, засейваліся палі... Чаму тады ўлада працягвала ўкладваць вялізныя грошы ў неэфэктыўныя гаспадаркі, замест таго, каб усяляк падтрымаць фэрмэраў — даць ім зямлю, тэхніку, крэдыты на будаўніцтва? Дзеці тых фэрмэраў сёньня засталіся б на сваёй зямлі, пры сваіх гаспадарках — і ўратавалі б вёскі.

Невялікі фрагмэнт ліста Мікалая Паўловіча зь Менску — таксама на тэму вёскі, калгасаў і фэрмэрства.

“Фэрмэры, якіх вы хваліце, — гэта сельскія буржуі, эксплюататары і алігархі. Быў адзін такі ў нашай мясцовасьці, адкуль я родам. Найме на працу людзей — а ў калгасе няма каму працаваць. Езьдзіў на “джыпе”, пабудаваў вялікі дом. Усё на крадзеныя грошы. Але нядоўга музыка іграла — скруцілі яму шыю. Наклалі такія штрафы за яго махінацыі, што некуды ўцёк. Людзі працуюць у калгасе, але дзяржава павінна больш дапамагаць, каб падвысіць заробкі. Бо заробкі там пакуль невысокія — жыць цяжкавата”.

Цікава, спадар Паўловіч, а чаму гэта калгасьнікі аддавалі перавагу працы на “эксплюататара і буржуя”, а ў калгас ісьці не хацелі? Ці не таму, што фэрмэр больш плаціў? І выжылі яго зь вёскі, хутчэй за ўсё, якраз таму, што ня вытрымліваў калгас канкурэнцыі зь ім, ня мог утрымаць у сябе людзей. Фэрмэра няма, але калгас з гэтага чамусьці не разбагацеў. А на дапамогу дзяржавы ўсім некалькім тысячам беларускіх калгасаў разьлічваць асабліва не выпадае. Каб утрымліваць усіх, дзяржаўнага бюджэту ня хопіць. Вёсцы патрэбен эфэктыўны, здольны гаспадар, які б сваім розумам і сваімі рукамі зарабляў грошы, а ня быў на ўтрыманьні ў дзяржавы.

Ліст ад навукоўца зь Менску, які не адважыўся назваць свайго імя, паколькі апасаецца перасьледу на працы. Размова ў лісьце пра сёньняшняе жыцьцё і настроі беларускіх навукоўцаў. Слухач піша:

“Я навуковы супрацоўнік, працую ў важнай для Беларусі галіне дасьледаваньняў. Сваю справу люблю. Але вельмі шкадую, што ў свой час па сямейных абставінах ня зьехаў за мяжу. Многія мае калегі зьехалі, і вяртацца ня зьбіраюцца. Чаму? Адна з галоўных прычынаў — нізкія заробкі, якіх сапраўды адукаваны чалавек павінен проста саромецца. Праўда, у некаторых установах сярэдні заробак нібыта немалы, альбо нават і вельмі высокі. Хоць чамусьці да канкрэтнага супрацоўніка гэта ня мае ніякага дачыненьня.

Але нават ня гэта самае галоўнае. Здольны і працавіты навуковец хоча мець свой імідж, сваё імя — хай сабе і не ўсясьветна вядомае. А атрымлівае найчасьцей зьдзекі і кпіны. Добра, калі вырве хоць якія дадатковыя грошы за добра зробленае дасьледаваньне. А найчасьцей усе ўзнагароды атрымаюць іншыя — за тое, што паставілі свае подпісы пад гатовай справаздачай.

У нашай краіне створаная жорсткая, драпежніцкая сыстэма эксплюатацыі мазгоў і рук навукоўца ў асабістых інтарэсах малых і вялікіх кіраўнікоў ды іх атачэньня. Сумна і сьмешна чуць разважаньні далёкіх ад сапраўднага жыцьця “слугаў народу” аб сыліконавых далінах і тэхнапарках. Там і сёньня ўжо няма каму працаваць — ня тое, што празь дзесяць гадоў. Тыя, у каго ёсьць галава і жаданьне працаваць, усё роўна адсюль паўцякаюць.

Я вельмі шкадую сваю абрабаваную радзіму, але ня выключаю, што і маё цярпеньне некалі скончыцца. Дарэчы, Камітэт дзяржбясьпекі добра ведае, што ў сапраўднасьці робіцца ў беларускай навуцы, але заплюшчвае на ўсё вочы. Мабыць, гэта адпавядае плянам і абавязкам яго супрацоўнікаў. Проста сумленны чалавек. Менск”.

Няўжо вы, паважаны слухач, усур’ёз лічыце, што за сытуацыяй у навуковым асяродзьдзі павінны сачыць спэцслужбы і што яны ж мусяць наводзіць там парадак? У КДБ, сапраўды, вялікі досьвед кантролю за савецкай навукай. Многія навукоўцы, якім давялося працаваць у савецкі час, добра памятаюць, як небясьпечна было тады кантактаваць з замежнымі калегамі, як цяжка (а часта і немагчыма) было выехаць на стажыроўку за мяжу… Ці пайшло гэта на карысьць навуцы і навукоўцам? Узровень савецкіх тэхналёгіяў у большасьці галінаў эканомікі (фактычна ва ўсіх, за выключэньнем космасу і абарончага комплексу) доказна гэта паказаў.

Справа саміх беларускіх навукоўцаў і беларускай дзяржавы — стварыць такую сыстэму, пры якой іх праца была б эфэктыўная і рэнтабэльная на радзіме. Будзе па-іншаму — уцёкі мазгоў за мяжу ня спыніць ніякі КДБ.

На заканчэньне ліст са Смаргоні, ад нашага слухача Ўладзімера Іванова. Жыве ён на цэнтральнай вуліцы гораду, якая па-ранейшаму яшчэ з камуністычных часоў носіць імя Леніна. Вельмі цешыўся, калі нядаўна Смаргонь рыхтавалася да 500-годзьдзя: да гэтай даты многае ў горадзе ўпарадкавана, пафарбавана і адрамантавана. Але скончылася лета, пайшлі дажджы. І жыхары смаргонскай вуліцы Леніна былі вельмі расчараваныя. Далей цытую ліст Уладзімера Іванова:

“Пасьля кожнага моцнага дажджу вуліца ператвараецца ў раку — сьцёку вады няма. Перайсьці на іншы бок вуліцы вельмі складана. А паспрабуй пасьля дажджу спакойна пастаяць на тратуары. Гэта небясьпечна: кожная машына абліе цябе з ног да галавы. І калі б толькі тым справа абмяжоўвалася. У чыюсьці разумную галаву прыйшла ідэя скараціць дворнікаў. У выніку займацца ўборкай абавязалі саміх жыхароў. Што з гэтага атрымліваецца — сьмеху варта.

Між тым, дзяржаўныя службы дасылаюць нам лісты, пагражаюць штрафамі… Раней такога глупства ў нас не было. Я разумею, што пасьля гэтага ліста нічога ня зьменіцца. А напісаў таму, што мне проста прыемна супрацоўнічаць з вашым радыё”.

Калі ня толькі вы, спадар Іваноў, але і ўсе вашы суседзі, знаёмыя, жыхары вуліцы Леніна паспрабуеце разабрацца ў сытуацыі і ў яе прычынах, то немінуча задасьцё сабе пытаньне: чаму немалыя грошы зь мясцовага бюджэту пайшлі, напрыклад, на афарбоўку фасадаў гарадзкіх дамоў да юбілею, а не на рамонт ці будаўніцтва сучаснай ліўневай каналізацыі й не на аплату працы дворнікаў? Што больш было патрэбна гораду? І якую пазыцыю ў гэтай справе займалі вашы дэпутаты ў гарсавеце? Задаваць гэтыя пытаньні сваёй мясцовай уладзе вы маеце права. І гэтак жа маеце права атрымліваць ад яе канкрэтныя адказы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG