Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне»<b\>


Радыё Свабода Сьвятлана Марэцкая -- удзельніца перадачы «У што я веру»

Амаль штораніцу мне даводзіцца выпраўляць у школу чацьвярых маіх дзетак. Яны доўга зьбіраюцца, упарцяцца, а калі выходзяць з кватэры з каляровымі заплечнікамі, чысьценька апранутыя, я заўсёды гляджу ім усьлед. Я шчасьлівая гэтым і веру, што яны стануць добразычлівымі, адукаванымі й кемлівымі людзьмі. Ня толькі таму, што яны мае дзеткі, а таму, што ведаю іх да самай танюсенькай драбінкі. Я веру ў іх.

У вучэльні, дзе я выкладаю на акторскім аддзяленьні, сёлета зьявіўся незвычайны студэнт: хлопец з палескай вёскі, худзенькі, маленькі, і ў яго выдатны атэстат — праўда, сам вельмі заціснуты, бы тая спружына. Першыя дні на занятках вельмі-вельмі стараўся, але ў яго атрымлівалася найгорш. Я бачыла гэта, імкнулася дапамагчы, але раптам на ўроку ён заплакаў. Калі ў калідоры пачала зь ім размаўляць, каб суцешыць, у адказ празь сьлёзы пачула: “Зь мяне ніколі не атрымаецца добрага актора”.

Я веру ў яго шчырасьць і веру, што менавіта ён стане прафэсійным акторам. Таму што веру ў сапраўдных людзей, у дачыненьні паміж людзьмі. Веру ў сапраўднае каханьне, якое ўзвышае людзей над усім сусьветам, і ў працу, якая нік олі ня здраджвае.

Мой сярэдні сынок прынес са школы “дзясятку” за сачыненьне па беларускай літаратуры. Настаўніца пахваліла яго за тое, што ён напісаў пра Францішка Скарыну, пра тое, што менавіта наш зямляк першы ў Эўропе надрукаваў Біблію, ды яшчэ на беларускай мове. А я сказала яму: “Вось бачыш, якая ў нас старажытная й цудоўная мова”. Я веру, што гэтую мову будуць насіць у сабе нашы дзеці й будучыя пакаленьні.

Памятаю, у дзяцінстве дзед расказваў мне адну прыпавесьць, якая запомнілася на ўсё жыцьцё. Бусьлянка апынулася ў вадзяной аблозе, і бацька-бусел пачаў ратаваць сваіх дзетак. Ляціць ён зь першым бусьлянём над вадой і пытаецца ў яго: “Ці будзеш ты так ратаваць мяне, калі я стану стары?” “Вядома, вядома татка”, — пачуў адразу ў адказ. А бацька ўзяў ды кінуў яго ў ваду. Тое самае здарылася й з другім бусьлянём. І толькі трэцяе дзіцятка адказала, што будзе клапаціцца найперш пра сваіх дзяцей і ратаваць іх, а не старога бацьку. І гэтае бусьляня было ўратаванае.

Я веру ў маладосьць, якая павінна дбаць пра сучаснае і ствараць будучыню.

Сьвятлана Марэцкая -- акторка Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатру, вядучы майстар сцэны, ляўрэат творчай стыпендыі Міністэрства культуры 2005 года. Маці чатырох дзяцей.

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта
XS
SM
MD
LG