Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня пройдуць акцыі ў падтрымку Зьмітра Дашкевіча


Любоў Лунёва, Менск Актывісты дэмакратычнага моладзевага руху штодня праводзяць акцыі на знак салідарнасьці з лідэрам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітром Дашкевічам. Яны ладзяць флэш мобы, ланцугі, абклейваюць афішныя слупы партрэтамі Зьмітра. Сёньня таксама адбудуцца лякальныя акцыі падтрымкі моладзевага лідэра ў Менску і ў рэгіёнах. 15 верасьня Зьмітра Дашкевіча арыштавалі пад час допыту як падазраванага ў крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Яго ўтрымліваюць ў Менскім сьледчым ізалятары.

Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў камэры № 92 на трэцім паверсе Валадаркі. Яго толькі ўчора перавялі ў камэру з так званага “адстойніку”, дзе трымаюць людзей, калі яны ўпершыню трапляюць у сьледчы ізалятар, а таксама пасьля суду. Сьледчы беларускай пракуратуры абраў мерай стрыманьня арышт,нягледзячы на тое, што ён не прадугледжаны крымінальным артыкулам. Зьміцер мае статус падазраванага ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Калі яму прад’явяць афіцыйнае абвінавачаньне, то суд можа пакараць яго пазбаўленьнем волі да двух гадоў.

Крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога фронту” распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам у часе выбарчай кампаніі. Раённыя пракуратуры дапыталі дзесяткі сьведкаў. У нас захавалася стужка з запісам размовы са Зьмітром Дашкевічам. За дзень да свайго арышту Зьміцер так камэнтаваў гэтую сытуацыю:

(Дашкевіч:) “Безумоўна, усе гэтыя меры ўладаў бачацца ў адным ланцугу рэпрэсіяў уладаў. Узмацняецца хваля ціску ўладаў на “Малады фронт”. Кожны дзень дапытваюць актывістаў нашай арганізацыі, людзей, якія нас ведаюць, выклікаюць бацькоў актывістаў, запытваюць у іх ці з’яўляюцца яны сябрамі “Маладога фронту”. Гэта ў людзей, якім за 40, 50, 60… Цяпер для ўладаў галоўнае – запалохаць тую моладзь, якая, нягледзячы на крымінальны перасьлед, усё больш і больш актывізуе сваю дзейнасьць у шэрагах нашай арганізацыі”.

Актывіст “Маладога фронту” у Жодзіне Павал Красоўскі параўноўвае справу маладафронтаўцаў са справай актывістаў “Партнэрства”:

(Красоўскі:) “Апошнім часам Зьміцер зладзіў вельмі вялікую справу. Ён сам уласна арганізоўваў паездкі па рэгіёнах, стварыў новыя структуры ў гарадах, дзе ніколі не было ніякіх структур. Гэта, канешне, не на руку ўладам. Улады стварылі ў Беларусі справу “Партнэрства” нумар два. Цяпер бачна, што яны могуць кінуць за краты любога чалавека, які нават удзельнічае ў гуртку аматараў шахматаў”.

Непаўнагадовага сябра “Маладога фронту” у Салігорску Івана Шылу таксама выклікалі на допыт.

(Шыла:) “Мяне схапілі каля дому і адвезьлі ў пракуратуру. Я пачаў размаўляць па-беларуску, дык яны паказалі мне сутнасьць допыту. На папярэднім я казаў, што ня ведаю ні Дашкевіча, ні пра “Малады фронт”, а там была раздрукоўка – 7 старонак маіх размоваў з Дашкевічам. Узьнікла такая праблема: яны не разумеюць ні слова па-беларуску. Сьледчы з Расеі, таму яны шукалі перакладчыка, але безпасьпяхова, Далі мне позву на панядзелак”.

25 верасьня сьледчыя мусяць прад’явіць Зьмітру Дашкевічу афіцыйнае абвінавачаньне.
XS
SM
MD
LG