Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт: у Беларусі парушаецца свабода веравызнаньня


Галіна Абакунчык, Менск Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў справаздачу “Усясьветная свабода рэлігій 2006”. У дакумэнце канстатуецца, што ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца права на свабоду веравызнаньня. Пра перасьлед паводле рэлігійнай прыналежнасьці сьведчаць таксама прадстаўнікі некаторых канфэсіяў неправаслаўнага веравызнаньня. Улады Беларусі гэтыя факты стараюцца замоўчваць.

Міжнародныя экспэрты зьвяртаюць увагу, што дзейны закон аб свабодзе веравызнаньня абмяжоўвае дзейнасьць многіх рэлігійных суполак. Адначасна, праваслаўная царква мае перавагу над іншымі канфэсіямі, у тым ліку праз урадавыя дамовы пра супрацоўніцтва. Старшыня Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка нешта камэнтаваць адмовіўся.

(Гуляка: ) “Я не магу камэнтаваць тое, што не чытаў і абмяркоўваць не зьбіраюся”.

Устрымліваюцца ад камэнтараў і ў праваслаўнай царкве. Прадстаўнікі іншых рэлігійных груп заяўляюць, што факты перасьледу за рэлігійную дзейнасьць яны могуць прывесьці паводле ўласнага прыкладу. Разважае пастар Эрнэст Сабіла.

(Сабіла: ) “Апошні закон быў чарговым наступам на свабоду веравызнаньня. Да прыкладу, умовы рэгістрацыі пагоршыліся. Ёсьць шмат іншых прыкладаў заціску пратэстанцкіх рэлігіяў і заігрываньня з праваслаўнай рэлігіяй. Я салідарны з гэтым меркаваньнем Дзярждэпартамэнту і выказваю ім сваю ўдзячнасьць, што яны заклапочаныя нашым становішчам”.

Гаварыў пастар забароненай Беларускай Эвангельскай царквы Эрнэст Сабіла. У дакладзе “Усясьветная свабода рэлігій 2006” таксама гаворыцца, што ўлады не супрацьстаяць антысэмітызму, працягваюць затрымліваць і запалохваць прадстаўнікоў розных канфэсіяў. Гаворыць кіраўнік рэлігійнага юдэйскага аб’яднаньня Якаў Басін.

(Басін: ) “Сапраўды, мае месца і штрафаваньне, і пазбаўленьне зямельных участкаў. Гэта стварае незадаволенасьць дзяржаўнай уладай, незадаволенасьць дзяржаўнай палітыкай. Дыскрымінацыя ня носіць татальнага характару, але кропля за кропляй можа перапоўніць цярпеньне”.

Гаварыў кіраўнік рэлігійнага юдэйскага аб’яднаньня Якаў Басін. Пра парушэньні права на свабоду веравызнаньня ў Беларусі сьведчаць таксама шматлікія звароты вернікаў у праваабарончыя арганізацыі. Аднак улады стараюцца гэтага не заўважаць, кажа намесьнік старшыні Беларускага хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) “Увесь час улады ня бачаць, што правы вернікаў парушаюцца. Насамрэч, гэта адбываецца вельмі часта. Да прыкладу, ёсьць зафіксаваныя выпадкі, калі дзяржава парушала правы крышнаітаў. Можна сказаць, што свабода веравызнаньня ў Беларусі знаходзіцца пад вялікім пытаньнем”.

Менскі гаспадарчы суд прыняў рашэньне аб прымусовым продажы будынку пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, зьліквідаваў пратэстанцкую суполку “Запавет Хрыста”. Пастар царквы “Ратаваньне” у Баранавічах Сяргей Пазьняковіч быў аштрафаваны на чатыры мільёны рублёў за абрад масавага хрышчэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG