Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна будзе паглядзець у Беларусі эратычны фільм "Бацькава шчасьце"?


Ігар Карней, Менск Напаўмастацкая стужка брытанскага рэжысэра Габрыэля Рэнджа “Сьмерць прэзыдэнта” прэтэндуе на галоўную сэнсацыю сёлетняга кінасэзону. Фільм у арыгінальнай назьве “Death of a President” расказвае пра “забойства” прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў 2007 годзе. Стужка ўжо атрымала ўзнагароду на фэстывалі ў Таронта ў намінацыі “За сьмеласьць у паказе таго, што можа стаць страшнай праўдай”. Аднак сёлета гэта не адзіная стужка, у якой аўтары зьвяртаюцца да першых дзяржаўных асобаў. Расейскі рэжысэр Аляксандар Валаў тым часам здымае эратычную камэдыю “Бацькава шчасьце”, галоўным героем якой будзе пэрсанаж, падобны да Алякандра Лукашэнкі.

Рэжысэр Габрыэль Рэндж заявіў, што мае дыстрыбутарскае пагадненьне на паказ фільма “Сьмерць прэзыдэнта” у ЗША. Нягледзячы на абурэньне шэрагу амэрыканскіх палітыкаў на чале з сэнатарам Хілары Клінтан, амэрыканскія пракатчыкі пацьвердзілі: неўзабаве скандальную стужку пра віртуальнае забойства прэзыдэнта Буша можа пабачыць любы ахвотны. А вось расейскаму блёкбастару “Бацькава шчасьце” на шляху да гледача прыйдзецца абыходзіць шматлікія перашкоды. Кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі ўсялякія магчымасьці легалізацыі кіношнага прататыпу Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі адмятае.

(Зімоўскі: ) “Брытанцы зьнялі фільм “Сьмерць прэзыдэнта” і павезьлі паказваць яго ў Вашынгтон? Ну, і добра. Гэта дазваляецца тамтэйшымі правіламі, узаемаадносінамі і культурай. Калі спадар Валаў здымаў фільм пра “Юлію”, а цяпер спрабуе зьняць стужку, скажам так, на беларускія матывы, дык на сваёй тэрыторыі і ў рамках свайго творчага патэнцыялу ён вольны вытвараць усё, што заўгодна. Ён можа экранізаваць “Блакітнае сала”, іншыя літаратурныя ды да іх падобныя творы. Але што да магчымасьці зьяўленьня падобнага прадукту ў Беларусі – натуральна, гэта ўсё будзе нелегальна; пракуратура з гэтай нагоды ўжо выказвалася, таму ня буду цытаваць. Іншымі словамі, высновы будуць зробленыя паводле факту трапляньня гэтага фільму на нашую тэрыторыю”.

Праўда, на Беларускім тэлебачаньні парнаграфію можна ўбачыць нават у выпуску аналітычных праграмаў. Зьнятыя схаванай камэрай сцэны з удзелам латвійскага дыплямата, паказаныя ў эфіры праграмы “В центре внимания”, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі патлумачыў жаданьнем… палепшыць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Якое дачыненьне да гэтага мае гомасэксуальны акт, спадар Зімоўскі не ўдакладніў.

(Зімоўскі: ) “Ну, вы ж ведаеце, ідзе настойлівае імкненьне падвысіць, выправіць дэмаграфічную сытуацыю ў краіне. Канешне, менавіта гэты сюжэт ня мае да яе наўпроставых адносінаў, але можа вы памятаеце зь якіхсьці культуралягічных матэрыялаў, зь якімі давялося знаёміцца, што любы бум нараджальнасьці грунтуецца на сэксуальнай рэвалюцыі…”.

Беларускае тэлебачаньне прыхільна ставіцца да кінаэкспэрымэнтаў, у якіх крытыкуюцца палітычныя рэаліі заходніх краінаў. Так, канал ОНТ двойчы дэманстраваў скандальны антыбушаўскі фільм Майкла Мура “Фарэнгейт 9/11”, прычым першы раз – напярэдадні інаўгурацыі Джорджа Буша на пасаду прэзыдэнта ЗША. Паказу папярэднічалі ролікі з анонсамі стужкі, а голас за кадрам зазначаў: “Гэты фільм ніколі не пакажуць на амэрыканскім тэлебачаньні”. На практыцы аказалася, што ніякіх праблемаў з пракатам “Фарэнгейту 9/11” у ЗША не было.

Фільм Аляксандра Валава “Юлія”, галоўная гераіня якога нібыта сьпісаная з былой кіраўніцы ўкраінскага ўраду Юліі Цімашэнкі, на ўкраінскіх тэлеканалах не трансьляваўся. Як і ў абсалютнай бальшыні краінаў, парнаграфія для шырокага прагляду тут забароненая. Затое на носьбітах набыць фільм не складана. Што да фільму “Бацькава шчасьце”, то Аляксандар Валаў клясыфікуе яго як эратычная камэдыя, а гэта, на ягоную думку, павялічвае магчымасьці пашырэньня аўдыторыі гледачоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG