Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Вячаслаў Зайцаў (18.9.1917 – 19.4.1992)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

У сваім студэнцтве на пачатку 1970-х я, захоплены навуковай і ненавуковай фантастыкай, здаецца, разоў дзесяць глядзеў дакумэнтальны фільм заходненямецкага рэжысэра Дэнікена “Ўспаміны пра будучыню”, прысьвечаны нашым магчымым касьмічным братам па разуме. У фільме — і гэта казытала пачуцьцё нацыянальнага гонару — браў удзел беларускі вучоны Вячаслаў Зайцаў, які ў кадры харызматычна даводзіў, што мы ў Сусьвеце зусім не самотныя.

З драматычным лёсам гэтага чалавека і зь ім асабіста я пазнаёміўся значна пазьней, калі пераехаў у Менск і пачаў працаваць у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе Зайцаў аднойчы прачытаў бліскучую лекцыю пра тых самых іншаплянэтнікаў, амаль пераканаўшы мяне, што да іх ліку належаў, у прыватнасьці, легендарны шумэрскі ўладар Гільгамэш.

У біябібліяграфічным даведніку “Беларускія пісьменьнікі” гаворыцца, што Вячаслаў Зайцаў “быў паглыблены ў філязофска-тэалягічныя праблемы”. Фармулёўка надзвычай асьцярожная. Ён быў апантаны згаданымі праблемамі. У атэістычнай краіне гэта не абяцала вучонаму нічога добрага. У свой час дацэнта Зайцава за ідэалістычныя погляды практычна выслалі зь Ленінградзкага ўнівэрсытэту ў Менск. Працуючы ў акадэмічным Інстытуце літаратуры, ён блізка пазнаёміўся з Адамам Мальдзісам і Ўладзімерам Караткевічам. Апошні, маючы на ўвазе галоўнае захапленьне Зайцава, часам, паказваў на неба й пакепліваў: “Прызнавайцеся, вы таксама адтуль?”, але насамрэч глыбока паважаў інтэлектуальнае дысыдэнцтва вучонага і прысьвяціў яму вядомы верш “Калі паміраюць...”

У 1967-м у сыбірскім альманаху “Байкал” Зайцаву ўдалося надрукаваць сваю ў нейкім сэнсе праграмную працу “Багі прыходзяць з космасу”. Рэдактара звольнілі, а Вячаслаў трапіў у разрад “хаўрусьнікаў заходніх багасловаў”. Абарона ягонай доктарскай дысэртацыі “Францыск Скарына і гуманістычная думка ў Беларусі ХV—ХVІ стст.” была сарваная, а ў 1974-м, за два гады да пэнсіі, за публічную падтрымку акадэмічных супрацоўнікаў, якіх улады перасьледавалі за нацыяналізм, Зайцава пакінулі бяз месца працы.

Разгорнутая Зайцавым у тыя гады лекцыйная дзейнасьць і выпуск некалькіх дзясяткаў улётак, якія будуць кваліфікаваныя як “рэлігійна-містычныя”, прывялі да яго арышту супрацоўнікамі КГБ. Дзіва што: ягоны Хрыстос, які прыйшоў з Космасу, быў яўным ворагам таталітарызму. Справа закончылася экспэртызай у Інстытуце судовай псыхіятрыі, дзе вучонаму паставілі самы папулярны для іншадумцаў у СССР дыягназ — вялаплынная шызафрэнія. Спатрэбіліся дзясяткі зваротаў мэдыкаў у “кампэтэнтныя ворганы”, каб праз тры гады прымусовае лекаваньне было нарэшце спыненае і Зайцава вызвалілі. Крымінальную справу супроць вучонага закрылі толькі ў 1992-м, ужо пасьля яго сыходу ў іншы сьвет.
XS
SM
MD
LG