Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аблога" – 19 верасьня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by ідзе абмеркаваньне нядаўняй навіны: у Баранавічах на мясцовым радыё перастала выходзіць адзіная на ўсю краіну рэгіянальная беларускамоўная радыёперадача “Люблю наш край”. Цяпер за выхад перадачы ў эфір трэба плаціць 130 тысячаў рублёў штомесяц. Прадстаўнікі рэгіянальнай філіі Таварыства беларускай мовы, якія й рыхтавалі праграму цягам дзесяці год, назвалі гэта гвалтам над мовай і над спадчынай. Аднак у некаторых наведнікаў форумаў TUT.by сваё бачаньне праблемы.

“Калі вы там такія беларускія, што ўжо няма куды болей, чаму б вам не скінуцца ды не сплаціць нейкія сто трыццаць тысячаў? Увогуле, гэты выпадак паказвае сапраўдную цану такіх "беларусаў на халяву". Савок на саўку ды саўком паганяе”.

“Нашая родная дзяржава прапануе нам плаціць за рэалізацыю нашых элемэнтарных канстытуцыйных правоў? Элегантнае вырашэньне для паджыўкі бюджэту… Хочаш размаўляць па-беларуску – плаці, хочаш мітынг зладзіць – плаці, хочаш сказаць нешта “нячэснае” на кухні – плаці…”

“Калі плату запатрабавалі ў парушэньне нейкай істотнай дамовы, дык трэба падаваць у суд. Калі парушэньня няма… тады трэба шукаць варыянты, фундатараў, напрыклад. Два даляры на дзень – гэта няшмат… пяць-шэсьць чалавек цалкам адужалі б такія выдаткі”.

У сваім інтэрнэт-блогу Tvaja_ka разважае пра прычыны новага бэйбі-бума ў Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у першыя шэсьць месяцаў гэтага году нараджальнасьць у краіне ў параўнаньні зь леташнім паказьнікам павялічылася на 4,6 адсотка, а паказьнік сьмяротнасьці зьнізіўся на 2 адсоткі. На думку ўрадавых экспэртаў, гэта стала вынікам “фармаваньня станоўчага вобразу цяжарнай жанчыны” ў грамадзтве. “…бацькі новых дзяцей самі нарадзіліся ў пэрыяд бэйбі-буму пачатку 1980-х гадоў, – разважае tvaja_ka. – І відавочна, што наступныя пяць год маюць выратаваць беларускую дэмаграфічную сытуацыю. Таму ня трэба тут “фармаваньня пазытыўнага вобразу цяжарнай жанчыны”.

На форумах парталу studenty.by ідзе размова пра тое, як беларускіх студэнтаў і школьнікаў заклікаюць уступаць у БРСМ. Нехта Researcher разважае пра тое, што вабіць беларускую моладзь у гэтай арганізацыі. “…бачыў гэтак званых "вэртыкальшчыкаў" з майго курсу, якія яшчэ нядаўна былі цалкам нармальнымі хлапцамі. Гарнітурчык такі… туфлі, значак. Партфэль!!! Клясычны, як у "прэдседацеляў". Ну й фанабэрыстасьць, якая ажно прэ з кожнай дзіркі. Зарабляюць там шмат. Вось у чым праблема. Таму й людзі добраахвотна там зьнікаюць. Гэта ідэальны мэханізм, адзін з тых, што прыдуманы, каб падмяніць каштоўнасьці беларускага народа канчаткова на саўковыя”.

На афіцыйным сайце Менгарвыканкаму можна знайсьці навіну пад інтрыгоўным загалоўкам “І памёрлі ў адзін дзень”. Навіна ж пра тое, як 70-гадовы менчук забіў сваю жонку, а потым выкінуўся з вакна кватэры на шостым паверсе.

Lianka_ у сваім інтэрнэт-дзёньніку выкладвае відэа – удзельнікі праекту “Крамбамбуля” запісваюць у студыі беларускую вэрсію ўсясьветнага гіта Belle зь мюзікла Notre Dame de Paris. Лявон Вольскі выступае ў ролі вакальнага пэдагога для Сяргей Міхалка.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG