Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Візыт Хрушчова ў Амэрыку


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У верасьні 1959 году, упершыню ў гісторыі савецка-амэрыканскіх дачыненьняў, савецкі кіраўнік наведаў ЗША. Кіраўніком тым быў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў – тагачасны першы сакратар ЦК КПСС. Дагэтуль на амэрыканцаў глядзелі не раўнуючы як на марсіянаў, уважаючы іх за падступных, варожых і наагул небясьпечных людзей. Такімі, відаць, уяўляў амэрыканцаў і сам першы сакратар. Таму й паводзіў сябе ў Амэрыцы – а гасьцяваў ён там аж два тыдні – адпаведным чынам. Госьць даваў дыхту гаспадарам на шматлікіх прэсавых канфэрэнцыях.

На адной зь іх з лідэр прафсаюзу рабочых папяровай прамысловасьці ЗША Пол Філіпс задаў яму пытаньне: чаму ў Савецкім Саюзе няма свабоды слова і свабоднага распаўсюду інфармацыі? “Ты што любіш?” – спытаў Хрушчоў у адказ. “Ростбіф”, – зьбянтэжана адказаў прафсаюзьнік. “А я… боршч!” – выгукнуў, страсянуўшы кулакамі савецкі лідэр. Амэрыканцы пасьля таго пужліва сьцепануліся.

У Беларусі тым часам кулінарныя экскурсы крамлёўскага ваяводы выклікалі захапленьне. У дні візыту простыя беларусы, на замову парткамаў, пісалі лісты на ймя Хрушчова. “У Амэрыцы Вас зусім замучылі, бессаромныя…" – пісала студэнтка Менскага пэдінстытуту Ніканава, "але затое Вы пасадзілі там, каго трэба ў галошу, паказалі, якія яны прафаны”.

Сустрэўся Мікіта Сяргеевіч і з нашымі землякамі. На адным з заводаў Пітсбурга яму паціснуў руку амэрыканскі рабочы Зьміцер Заступневіч. Рабочы паведаміў, што нарадзіўся ў вёсцы непадалёку ад Менску, прыехаў з бацькамі ў ЗША ў 1913 годзе і лічыць сябе амэрыканскім беларусам.

Пасьля візыту Хрушчоў высунуў амбітны лёзунг: “Дагнаць і перагнаць Амэрыку!” Народ адрэагаваў на гэта показкай: маўляў, дагнаць – дагонім, а вось пераганяць ня варта, бо няёмка сьвяціць перад амэрыканцамі голым азадкам. І ўсё ж ад візыту была канкрэтная карысьць: паўсюль сталі адчыняць сталовыя самаабслугі. Адну з такіх сталовых Хрушчоў наведаў у Амэрыцы, і яна яму спадабалася.

Аднак меў ваяж і нэгатыўныя наступствы. На бяду савецкай сельскай гаспадаркі, Хрушчоў наведаў фэрму Росуэла Гарста ў штаце Аёва. Пабачыўшы, якая там расьце кукуруза і колькі малака даюць аёўскія каровы, першы сакратар ЦК КПСС загадаў рэзка павялічыць пасевы кукурузы ў краіне, не зважаючы на тое, што “каралеве палёў” патрэбныя адпаведныя глеба й клімат. У выніку на пачатку шасьцідзясятых у краіне пачаліся перабоі з хлебам, галоўны кіраўнік атрымаў мянушку Кукурузьнік і быў скінуты з пасады людзьмі, якія дагэтуль білі яму ў ладкі.
XS
SM
MD
LG